Вы тут

Дэпутат тлумачыць сутнасць законапраекта па дзярждапамогах сем'ям


На мінулай сесіі Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прыняла праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей». Каб зразумець, што зменіць гэты законапраект у дзейным заканадаўстве, карэспандэнт «Звязды» пагаварыў з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валянцінай КУРСЕВІЧ, якая адказвае непасрэдна за падрыхтоўку дакумента.


— Якія новаўвядзенні змяшчае дакумент?

— Існуюць сем'і, у якіх бацькі — інваліды або адзін з бацькоў з'яўляецца інвалідам першай ці другой групы, якога даглядае другі з бацькоў. Калі ў іх з'яўляецца дзіця, то з яго трох і да 18 гадоў сям'я будзе мець права атрымліваць дапамогу незалежна ад таго, паступіў малады чалавек ці дзяўчына ў прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую навучальную ўстанову, нават на бюджэтную форму, або не. Гэта першае новаўвядзенне. Другое — сем'і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, будуць мець права атрымліваць дапамогу да дасягнення дзіцем 18 гадоў у выпадку няпоўнага працоўнага дня. Гэта значыць бацькі могуць працаваць, напрыклад, на паўстаўкі — і атрымліваць дапамогу.

Трэцяе: дзеткі-інваліды розныя — ёсць першая, другая, трэцяя і чацвёртая ступені страты здароўя. Найбольш складаныя — гэта апошнія дзве. Сёння гэтыя дзеці пры дасягненні трохгадовага ўзросту атрымліваюць дапамогі. Мы будзем разглядаць папраўку, згодна з якой тым, хто даглядае дзяцей трэцяй і чацвёртай ступеняў страты здароўя, дапамога будзе павялічана на 20 працэнтаў па дасягненні імі 18 гадоў. Чацвёртае: атрыманне дапамогі па часовай непрацаздольнасці — бацькі будуць атрымліваць дапамогу, калі дзіця-інваліда адправілі ў санаторый або на медыцынскую рэабілітацыю.

Яшчэ адно новаўвядзенне: сёння права на атрыманне дапамогі па цяжарнасці і родах маюць толькі жанчыны, якія сталі на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя. У законапраекце прадугледжаны выплаты ў выпадку звароту і ў недзяржаўныя арганізацыі, але толькі калі жанчына стане на ўлік да 12 тыдняў і будзе выконваць усе рэкамендацыі ўрача. Акрамя таго, удакладняюцца катэгорыі грамадзян, якія могуць атрымліваць дапамогу, а таксама ўводзяцца дадатковыя ўмовы для атрымання. А менавіта — тэрмін пражывання бацькоў на тэрыторыі Беларусі ў выпадку нараджэння дзіцяці за межамі краіны. Ён павінен быць не меншы за 6 месяцаў у межах года, які папярэднічае нараджэнню дзіцяці. І апошняе: мы прапануем павысіць памер дапамогі па цяжарнасці і родах у тых выпадках, калі яе памер быў меншы, чым сума дапамогі па доглядзе дзяцей ва ўзросце да трох гадоў за перыяд з моманту нараджэння дзіцяці па дзень, на які выплачана дапамога па цяжарнасці і родах, — напрыклад, калі жанчына да наступлення цяжарнасці не працавала, была студэнткай.

— Вялікая колькасць прапаноў звязана з неабходнасцю ўдасканаліць цяперашні закон?

— Я не сказала б, што ў нашым заканадаўстве ёсць недахопы. Любы законапраект павінен быць гнуткай сістэмай мер, якая адлюстроўвае рэальную дэмаграфічную і сацыяльную сітуацыю па краіне. У 2013 годзе, калі прымаліся апошнія змены, была іншая мэта — павысіць нараджальнасць, якая па выніку была дасягнутая. А цяпер мы прапануем папраўкі, якія наспелі на сённяшні момант. Гэта значыць ідзе паступовае павышэнне сацыяльнай дапамогі дзяржавы тым сем'ям, якія маюць патрэбу ў гэтай дапамозе.

— Згодна з законапраектам удакладняюцца катэгорыі асоб, якія могуць атрымліваць сацыяльную дапамогу. У чым сутнасць змен?

— На сёння права на дапамогу маюць грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць на нашай тэрыторыі, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, а таксама грамадзяне іншых дзяржаў і людзі без грамадзянства, якія часова пражываюць і на якіх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, а яны выплачваюць узносы на гэтае страхаванне. Калі дапамога не выплачваецца? Згодна з дзейным заканадаўствам, калі дзеці пражываюць за межамі Беларусі — акрамя дзяцей дыпламатычных і консульскіх работнікаў. Таксама права на дапамогу не распаўсюджваецца на дзяцей-сірот, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзіцячых інтэрнатах, дамах, прыёмных сем'ях. У новым законапраекце прапісана: калі дзеці вучацца на дзённай форме навучання за мяжой Беларусі, то дапамога бацькам на іх не выплачваецца. Не будзе выплачвацца дапамога бацькам, калі іх дзеці знаходзяцца ў дамах дзіцяці або ўстановах адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання, а таксама калі яны змешчаны ў стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання.

— Памер дапамог будзе павялічаны?

— Да 2016 года ў Беларусі натуральнае змяншэнне насельніцтва пераважала над натуральным прыростам. Кіраўнік дзяржавы нядаўна паставіў задачу, каб насельніцтва павялічылася да 20 мільёнаў, — і гэта выдатная задача. Таму мы і прапаноўваем павялічыць памер дапамог. Гэта значыць для стымулявання ў тым ліку нараджальнасці, каб сем'і маглі паўнавартасна ўдзельнічаць у выхаванні дзяцей.

Дарэчы, пра выхаванне. Нядаўна наша камісія прымала ўдзел у рабочай групе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пачалася прапрацоўка такога пытання, як атрыманне абавязковага сацыяльнага водпуску бацькам пры нараджэнні дзіцяці. Гэта робіцца для таго, каб бацька прымаў удзел у выхаванні дзяцей з нараджэння. Сёння рабочая група абмяркоўвае тэрміны такога водпуску — у Швецыі, напрыклад, гэта 10 дзён. Таксама вывучаецца, калі лепш даваць такі водпуск — адразу пасля нараджэння або на працягу некалькіх месяцаў. Трэба разумець, што мужчына і сёння можа ўзяць такі водпуск, але толькі за свой кошт. А ў будучыні ён абавязкова зможа атрымаць магчымасць дапамагаць жонцы, пры гэтым маючы дзяржаўную падтрымку. Як бачыце, дзяржава не толькі павялічвае памер дапамогі, але і садзейнічае паўнавартаснаму развіццю сям'і.

— Калі законапраект можа ўступіць у сілу?

— Першыя два артыкулы законапраекта запрацуюць з першага ліпеня 2017 года. Гэта артыкул пра права на дзяржаўную дапамогу сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, а другі артыкул — заканадаўства аб дзяржаўных дапамогах. Усе астатнія артыкулы — з моманту афіцыйнага апублікавання дакумента. Папраўкі аб парадку вылічэння дапамог па доглядзе дзяцей да трох гадоў уступяць у сілу з першага лютага 2018 года.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каб бацькам была палёгка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?