Вы тут

Васіль Жарко правёў прыём у Талачынскім райвыканкаме


У Талачынскім райвыканкаме асабісты прыём праводзіў намеснік кіраўніка беларускага ўрада Васіль Жарко.

Кожны з тых, хто пажадаў з ім сустрэцца, адчуў уважлівае стаўленне з боку суразмоўцы і яго гатоўнасць глыбока ўнікнуць у сутнасць пытанняў, нават дробных.


Першай прынялі жанчыну, якая прывезла ў калясцы мужа, інваліда першай групы. Яна агучыла некалькі пытанняў. Сярод іншых і тыповую для краіны праблему: недахоп грамадскага транспарту для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, асабліва — з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. У райцэнтры — толькі адзін такі аўтобус.

Наступны заяўнік прынёс папку папер. Ён разлічваў на падтрымку з нагоды, на яго погляд, несправядлівых рашэнняў судоў. Яго патрабаванні наконт выплаты кампенсацыі нават разглядалі ў Канстытуцыйным судзе, але не прызналі, што чалавек мае рацыю...

Чарговы наведвальнік затрымаўся ў кабінеце параўнальна надоўга. Прапанаваў актыўней укараняць лічбавыя тэхналогіі ў архівах, друкаваных СМІ. (У якасці добрага прыкладу, дарэчы, прывёў «Звязду», на сайце якой ёсць багаты архіў нумароў у фармаце PDF.) Карыстаючыся момантам, выказаў і прапанову ўвекавечыць памяць Героя Савецкага Саюза Льва Міхайлавіча Даватара. Ён жа — ураджэнец Віцебшчыны! Чаму б на фасадзе школы ў Аршанскім раёне, недалёка ад месца, дзе ваяваў, не замацаваць памятную дошку?

Дырэктар адзінай у райцэнтры гімназіі разлічвае на дапамогу ў цеплавой рэабілітацыі будынка. Усяго там вучацца каля 300 школьнікаў. Пры тэмпературы -10 на вуліцы і яшчэ большых маразах заняткі праводзіліся ў класах, дзе максімум +14. А гэта, зразумела, парушэнне санітарных патрабаванняў. Віцэ-прэм'ер выказаў упэўненасць, што грошы на гэта можна знайсці ў раённым і абласным бюджэтах. Трэба прапанаваць і прадпрыемствам, у тым ліку і прыватным, дапамагчы дзятве і настаўнікам. Наогул, падкрэсліў Васіль Жарко, з патэнцыйнымі мецэнатамі, спонсарамі неабходна весці перамовы больш актыўна і па розных кірунках.

Апошнім прыйшоў на прыём пенсіянер. Сказаў, што клапоціцца пра падрастаючае пакаленне, марыць, каб у Талачыне пабудавалі басейн, бо, каб навучыць дзяцей плаваць, іх даводзіцца вазіць у суседні раён Магілёўскай вобласці. Пры гэтым Талачын — буйны населены пункт, дзе больш за 9,7 тысячы жыхароў. (Усяго ў раёне — каля 25,3 тысячы.) Васіль Жарко падкрэсліў, што пытанне насамрэч патрабуе ўважлівага разгляду. Папрасіў прадстаўнікоў раённай і абласной улады падлічыць, колькі выдаткаў спатрэбіцца на будаўніцтва басейна. І апошні павінен быць не маленькім, а са стандартнымі дарожкамі (даўжынёй 25 метраў). Пазней будзе распачаты пошук крыніц фінансавання, у тым ліку, магчыма, і на рэспубліканскім узроўні...

Каментуючы журналістам уражанні ад прыёму, Васіль Жарко адзначыў, што з жыхарамі глыбінкі было цікава размаўляць. Некаторыя пытанні сапраўды маюць не толькі «мясцовую актуальнасць». На думку віцэ-прэм'ера, сустрэчы з людзьмі ў рэгіёнах даюць уяўленне пра пэўны зрэз праблем. Усе сігналы бяруцца на заметку, каб потым прымаць адпаведныя рашэнні.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Талачын — Віцебск

Загаловак у газеце: На прыём да віцэ-прэм'ера

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».