Вы тут

Як будзе развівацца дарожна-транспартная інфраструктура сталіцы


У Мінску па-ранейшаму востра стаіць праблема з заторамі, аднак ужо прыняты дзейсныя меры для яе рашэння. Напрыклад, складзена інтэрактыўная карта, якая паказвае найбольш загружаныя па розных прычынах участкі дарог, што дазваляе ацаніць матэрыяльныя страты як перавозчыкаў, так і пасажыраў, а гэта далёка не маленькія сумы — гаворка ідзе пра мільёны долараў.


Як паведаміў старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Юрый ВАЖНІК, для павелічэння прывабнасці грамадскага транспарту робіцца ўсё магчымае, каб павялічыць хуткасць яго руху. У прыватнасці, усё больш распаўсюджанай становіцца практыка вылучэння для яго асобных палос, як гэта зроблена на Прывакзальнай плошчы, дзе праект акупіўся за чатыры месяцы, і вуліцы Лабанка. Акрамя таго, на такіх палосах выкарыстоўваецца спецыяльнае пакрыццё, у два разы больш зносастойкае, чым звычайнае. У планах на гэты год — увядзенне падобных палос паблізу станцыі метро Уручча і на вуліцы Кісялёва. Таксама робяцца спробы разгрузіць цэнтр ад асабістых аўтамабіляў шляхам надання прыярытэту руху грамадскаму транспарту, адмены левых паваротаў і стрымання паркоўкі транспартных сродкаў у неналежных месцах. Зараз у сталіцы абсталявана тры тысячы платных парковачных месцаў, да канца гэтага года іх колькасць павінна дайсці да дзесяці тысяч.

Што датычыцца бяспекі дарожнага руху, то колькасць здарэнняў за апошнія пяць гадоў знізілася ў тры разы дзякуючы дзеянню праграмы «Добрая дарога». Па словах намесніка начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Андрэя ЗЫРАНАВА, да 2021 года плануецца знізіць лік загінулых на дарогах сталіцы, што дазволіць наблізіцца да ўзроўню прызнаных еўрапейскіх лідараў у сферы дарожнай бяспекі — Стакгольма, Вены, Берліна.

З тэхнічных навінак, якія будуць апрабаваны ў мікрараёне Сухарава ў бліжэйшы час, — «разумны» святлафор, які будзе ў рэжыме рэальнага часу падладжвацца пад інтэнсіўнасць руху, даючы прыярытэт найбольш загружаным напрамкам. «Ляжачыя паліцэйскія» будуць устанаўліваць пераважна на дваровых тэрыторыях, на дарогах жа рэгуляваць хуткасць руху дапамогуць завужэнні, астраўкі бяспекі, скрыўленыя траекторыі. Гэтая методыка ўжо апрабаваная і паказала сябе з добрага боку.

Галоўны інжынер ГП «Гардарбуд» Ігар АНДРЭЙЧЫК паведаміў, што на 2017 год запланавана праца на 8 аб'ектах — гэта 6 кіламетраў будаўніцтва і 1,5 кіламетра рэканструкцыі. З найбольш буйных праектаў — пачатак будаўніцтва першага гарадскога транспартнага кальца на ўчастку ад вуліцы Лібкнехта да вуліцы Талстога і развязкі на скрыжаванні вуліц Маякоўскага з Аранскай.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Разумны» святлафор і месцы для паркоўкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.