Вы тут

На Міншчыне развіваецца партнёрства дзяржавы і прыватнага бізнесу


У аграгарадку Прылукі Мінскага раёна адкрыўся дзіцячы сад «Вясёлка». Прылукі прырастаюць маладымі сем'ямі, а значыць, павышаецца нараджальнасць. Развіццю паселішча садзейнічае актыўнае будаўніцтва. Напрыклад, прыватны інвестар тут узводзіць вялікі мікрараён «Вясёлка», куды пераехала ўжо шмат навасёлаў.


— Дзяцей даводзілася вазіць у дзіцячыя садкі ў Мінск, пасёлак Юбілейны. Шмат часу марнавалася на дарогу, ды і малых будзілі вельмі рана, — расказала Таццяна Капуста, якая летась пабудавала з мужам у аграгарадку кватэру. — Мая старэйшая дачушка Маша ўжо два дні наведвае «Вясёлку». І ведаеце, дзіця памянялася. Раней не хацела ўставаць, капрызнічала. Цяпер жа просіць: «Мама, пайшлі хутчэй у садок». Спадзяюся, што ў свой час яго будзе наведваць і малодшая Арына, якой хутка споўніцца два гады.

Сад разлічаны на 150 дзяцей, якія будуць займацца ў 8 групах. Будынак унікальны. Са спальных пакояў можна трапіць у прасторны хол. Тут могуць разам сабрацца як малыя, так і іх бацькі, сустрэцца, пазнаёміцца, абмяняцца вопытам выхавання малых. Дастаткова вялікі і харчавальны блок: памяшканні для работы кухара, кладаўшчыка, спецыялістаў, дыетолагаў, калькулятараў. Наладжаны электронны ўлік харчавання. Гэта спецыяльная праграма, якая дае абгрунтаваныя нормы меню, вядзе дакладны фінансавы разлік, што дазваляе пазбегнуць парушэнняў, наладзіць якаснае харчаванне.

Акрамя таго, прадугледжаны асобныя пакоі для работы вузкіх спецыялістаў: псіхолагаў, дэфектолагаў, а таксама ўтульная спартыўная зала. Забудоўшчыкі паклапаціліся і аб бяспецы дзяцей, каб падчас гульняў яны не параніліся. Альтанкі, абсталяванне для забаў з мяккім прагумаваным пакрыццём. А самае галоўнае, што тут дзеці будуць развівацца маральна, духоўна, фізічна. У садку за аснову бяруцца сем кірункаў выхавання: грамадзянска-патрыятычнае, экалагічнае, мастацка-эстэтычнае, фізкультурна-аздараўленчае, сямейнае. Сем кірункаў — сем колераў вясёлкі.

— Новы дзіцячы садок абышоўся ў 4 млн долараў, — адзначыў дырэктар ТАА «МайКлас Ком» Вадзім Чэчын. — У цэлым інвестыцыйны праект прадугледжвае ў мікрараёне «Вясёлка» ўзвядзенне не толькі жылля, але і сацыяльных аб'ектаў: амбулаторыі, аддзялення сувязі, маладзёжна-культурнага цэнтра з бібліятэкай і кіназалай, школы на 720 месцаў і яшчэ аднаго дзіцячага садка на 230 месцаў. Цяпер у аграгарадку плануецца правесці калектар, які заменіць старыя ачышчальныя збудаванні.

У тэму

Галіна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама:

— Будаўніцтва дзіцячых садкоў — шлях рашэння даступнасці дашкольнай адукацыі. Мы кожны год уводзім у дзеянне дашкольныя ўстановы, пачынаючы з 2011 года. Да гэтага часу дзіцячыя садкі былі незапатрабаваныя, іх памяшканні аддаваліся іншым службам, арганізацыям. З 2011-га працэс пайшоў у адваротным напрамку. За гэты перыяд пабудавана 14 дзіцячых дашкольных устаноў і 9 рэканструявана. Дзіцячы садок у Прылуках ужо 15-ы ў вобласці. Для ўзвядзення мы выкарыстоўваем сродкі абласнога, раённых бюджэтаў. Акрамя таго, вырашаць праблему дапамагае прыватна-дзяржаўнае партнёрства, калі садок будуе інвестар.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сем колераў «Вясёлкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».