Вы тут

Адбылася прэзентацыя кнігі з лістамі Міхала Клеафаса Агінскага


У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» прадставілі кнігу «Міхал Клеафас Агінскі. Бацькоўскія парады. Чатыры лісты аб выхаванні», выдадзеную з дапамогай Пасольства Літвы ў Беларусі і Дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага».


— Спадчына гэтага славутага чалавека, несумненна, мае значэнне не толькі для Літвы, Беларусі ды Польшчы, але для ўсёй Еўропы, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Андрус ПУЛАКАС. — Адметна, што ў дадзенай кнізе Міхал Клеафас Агінскі паўстае не проста вялікім дзяржаўным мужам, які зрабіў шмат для Еўропы, але і звычайным чалавекам, выдатным бацькам.

Спадар Пулакас заўважыў, што палова тыража кнігі «Міхал Клеафас Агінскі. Бацькоўскія парады. Чатыры лісты аб выхаванні» трапіць на паліцы беларускіх бібліятэк, дзе са спадчынай вядомага суайчынніка зможа пазнаёміцца кожны зацікаўлены беларус.

Кніга напісана на дзвюх мовах — беларускай і літоўскай. Тэксты лістоў перакладзеныя з французскай мовы, на якой ішло ліставанне тагачасных дваран. Выданне добра праілюстравана: сюды ўвайшлі партрэты членаў сям'і Агінскіх, замалёўкі, адсканаваныя старонкі лістоў Міхала Клеафаса і дакументаў з архіваў, а таксама сучасныя фотаздымкі, зробленыя ў значных для яго мясцінах. Перад аўдыторыяй выступілі складальнікі кнігі —  дырэктар Рэтаўскага музея гісторыі культуры Агінскіх Вітас Руткаўскас (аўтар прадмовы) і загадчык аддзела гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Інстытута гісторыі Літвы Рамуне Шмігельскітэ-Стукене (аўтар уступнага артыкула і каментарыяў). Спадарыня Шмігельскітэ-Стукене сказала, што лісты Міхала Клеафаса Агінскага да сваёй сям'і актуальныя і зараз, бо змяшчаюць разумныя бацькоўскія парады па выхаванні дзяцей, характэрныя для эпохі Асветніцтва.

Прэзентацыя кнігі супала з пяцігоддзем дзейнасці Дабрачыннага фонда «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага». Цягам гэтага часу фонд вядзе вялікую работу па ўшанаванні памяці і папулярызацыі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага. Дзякуючы Дабрачыннаму фонду былі наладжаны стасункі з арганізацыямі розных краін, сярод якіх  Інстытут гісторыі Літвы і Рэтаўскі музей гісторыі культуры Агінскіх.

Падчас імпрэзы нагадалі пра вялікі ўнёсак Міхала Клеафаса Агінскага ў музычную культуру. Для гасцей прэзентацыі адбыўся канцэрт выкладчыкаў і студэнтаў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пад гукі паланэза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».