Вы тут

Хто атрымае «Хрустальную Паўлінку»?


27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатра, таму Беларускі саюз тэатральных дзеячаў ужо склаў адмысловы спіс імёнаў — тых, хто зрабіў у гэтай сферы пэўныя дасягненні, што будуць уганараваныя на прымеркаванай да свята ўрачыстай цырымоніі. Старшыня аб'яднання Аляксей Дудараў прынёс з пасяджэння рады толькі адно імя: оперная спявачка Тамара Ніжнікава атрымае ў гэты дзень прыз «Хрустальная Паўлінка». А напярэдадні свята тыя, хто мае да тэатра дачыненне, выказалі сваё бачанне сучаснасці. У некага гэта лічбы, у некага тэндэнцыі, у некага эмоцыі.


Кансультант аддзела прафесійнага мастацтва ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Кацярына Панамарова падсумоўвае: «У Беларусі дзейнічае 28 дзяржаўных прафесійных тэатраў, з якіх 27 знаходзяцца ў сістэме Міністэрства культуры. Статус нацыянальнага маюць чатыры тэатры. Звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь» удастоены дзесяць тэатраў краіны. Асноўнай крыніцай фінансавання для іх з'яўляюцца субсідыі, што выдзяляюцца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Грошы накіроўваюцца на спектаклі бягучага рэпертуару, заробак і капітальнае будаўніцтва. Фінансаванне новых пастановак і правядзенне гастроляў адбываецца не толькі за кошт бюджэту, але і за ўласныя сродкі. У тэатрах сёння праводзіцца мэтанакіраваная работа па павелічэнні ўласных прыбыткаў і прыцягненні дадатковых спонсарскіх сродкаў. Летась прафесійнымі тэатральнымі калектывамі створана каля 169 новых пастановак, пры падтрымцы Міністэрства культуры адбыліся такія фестывалі і форумы, як «Белая вежа», «Тэарт», «М.art.кантакт», Міжнародны фестываль лялечных тэатраў. Адной з самых яскравых падзей 2016 года было правядзенне конкурсу «Нацыянальная тэатральная прэмія». Трэба адзначыць, што апошнім часам у краіне адбываецца імклівае развіццё руху вулічных тэатраў. Мінскі форум вулічных тэатраў ужо набыў дастаткова шырокую вядомасць не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Пра гэта сведчаць лічбы: удзельнікамі мінулага форуму сталі больш за дваццаць калектываў з розных краін. Міністэрства культуры падтрымлівае творчыя інавацыі ў той ступені, у якой можа сабе дазволіць. Апроч іншага, тэатры актыўна гастралююць: у мінулым годзе тэатральныя калектывы з'ездзілі ва Украіну, Арменію, Расію, Францыю, Балгарыю, Германію, Літву і іншыя краіны».

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Уладзімір Галак: «Прыемна адзначыць той факт, што за апошні час у Беларусі актывізаваўся рух так званых альтэрнатыўных тэатраў, і мінулы год з'яўляецца таму пацвярджэннем. Альтэрнатыўны тэатр — гэта суполка людзей, якія добраахвотна вырашылі стварыць тэатральны калектыў, што мае свой рэпертур і па сваіх эстэтычных і арганізацыйных асаблівасцях адрозніваецца ад тых, якія ўжо існуюць на вялікай сцэне дзяржаўных тэатраў. Па апошніх падліках, якія мы правялі сумесна з Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», у Беларусі існуе каля трыццаці пяці альтэрнатыўных калектываў, трыццаць з іх складаюцца з акцёраў і рэжысёраў без адпаведнай адукацыі. Фактычна гэты рух падтрымліваецца энтузіязмам і прыватнай ініцыятывай аматараў, якія засвойваюць новыя методыкі, эстэтычныя прыёмы, выкарыстоўваюць уласныя знаходкі. Сярод тэндэнцый альтэрнатыўнага руху можна назваць распаўсюджанасць фізічнага, у прыватнасці танцавальнага, тэатра, прадстаўнікі якога ёсць амаль у кожным абласным горадзе. Вельмі актывізаваўся рух дзіцячых камерных тэатраў, створаных па ўласнай ініцыятыве. Практыкуецца такі від дзейнасці, як інтэрактыўны baby-тэатр, у якім дзеці могуць памацаць, паўдзельнічаць, паіграць з акцёрамі. Ёсць такая тэндэнцыя, як інстытуцыяналізацыя альтэрнатыўнага тэатральнага руху, бо калектывам амаль немагчыма існаваць на самаакупнасці, таму яны становяцца пад апеку дзяржаўных органаў, нейкіх клубных устаноў. Напрыклад, пластычны тэатр «ІнЖэст» існуе пры Доме культуры «Інтэграла». Альтэрнатыўныя калектывы актыўна ўдзельнічаюць у фестывалях, то бок назіраецца тэндэнцыя прафесіяналізацыі руху. Такія калектывы маюць магчымасць уліцца ў вялікія міжнародныя фестывалі, якія ў тым ліку падтрымліваюцца Міністэрствам культуры. Асноўнай крыніцай фінансавання для такіх пастановак з'яўляецца як самаакупнасць, так і пошук альтэрнатыўных сродкаў, у прыватнасці стаў папулярным пошук сродкаў праз краўдфандынг».

Аляксей Дудараў: «Мастацтва, у тым ліку і тэатр, ідзе паралельна з жыццём: не перасякаецца з ім, але і, калі гэта сапраўдны тэатр, не аддаляецца. Існуе дасціпны выраз «свет з глузду з'ехаў», дык вось тэатр таксама з'ехаў з глузду. Не таму, што тэатр дрэнны, — дрэнна ў жыцці, а наадварот, гэта ён адлюстроўвае тое, што адбываецца ў рэальнасці. Не адзін год я кажу, што ён павінен заклікаць, нема крычаць, калі жыццё цягне грамадства не туды. Тэатр пойдзе разам, нікуды не дзенецца, а калі не — я на яго перастану звяртаць увагу. Магчыма, я скажу крамольную рэч, але сучасны тэатр — гэта не мой тэатр, не той, які быў у 1950—1980-я гады, ён цяпер іншы, і я не магу ўзяць на сябе такую смеласць, каб сказаць, што ён лепшы. Яго наведваюць, нейкія спектаклі карыстаюцца поспехам... Тэатр, як любое мастацтва, павінен заклікаць да разумнага, добрага, вечнага і паказваць, у якім кірунку гэта ўсё знаходзіцца. У жыцці бывае ўсё, а таго, чаго ў ім не павінна быць, не павінна быць і ў тэатры. Я за тое, каб цэнзура была. Сапраўднаму мастаку яна не патрэбна, бо ён сам для сябе жорсткі цэнзар. А вось таму, дзе розуму не хапае, дзе ёсць жаданне прыцягнуць увагу, часам трэба сказаць «не». Я часам рабіў гэта, але і на мае памылкі мне таксама паказвалі».

Загаловак у газеце: Традыцыі і альтэрнатыва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?