Вы тут

На паказе праекта «Сваё кіно» прэзентаваны фільм «Орша...Мінск...Орша»


Маленькі беларускі горад як пункт незвароту.

Хай будзе блаславёнае дакументальнае кіно. Гэтыя выбарачныя, суб'ектыўныя, трансфармаваныя эпізоды складваюцца ў падабенства (прынята казаць, «адлюстраванне») рэальнасці і надзяляюць яе рысамі, сэнсам, прычынна-выніковымі сувязямі. Шэры колер, які падступае да нас кожны дзень знаходжання ў соцыуме, тут атрымлівае ролю, значэнне, сімвалізм. І з дапамогай акцэнтаў дакументальных фільмаў можна нарэшце ўсвядоміць, як незаўважна кожны дзень мы ў гэты шэры колер апускаемся, хоць лепш яго альбо абысці, альбо надаць яму адценняў высакароднасці. Яшчэ адзін дакументальны беларускі фільм — прычым дэбютны — паказаў нашу краіну з яе асаблівым разуменнем дабрабыту. Дакладна, дакументалістыцы не цікавыя ўтопіі. Гледачу яны таксама не так неабходны.


Рэжысёр гутарыць з аўдыторыяй.

Гэта фільм «Орша... Мінск... Орша» Юліі Ралко, які можна было ўбачыць у Арткінатэатры на чарговым паказе праекта «Сваё кіно». Для праекта, які прадугледжвае дэманстрацыю найбольш цікавых беларускіх фільмаў і абмеркаванне іх з аўтарамі, гэта было ўжо трэцяе мерапрыемства. Падборка пад назвай «Жаночы погляд» уключыла ў сябе акрамя «Оршы»... карціну «Апошняя дата» Аляксандры Маркавай — дзве дыпломныя работы выпускніц Акадэміі мастацтваў, якія вучыліся ў майстэрні Сяргея Кацьера. У якасці анонсу паведамлю, што праз месяц, 26 красавіка, арганізатары прадставяць тры кароткаметражныя фільмы «пра каханне» маладых беларускіх аўтараў — студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Тут будуць паказаны «Hаstа lа vіstа, bаbу» Андрэя Кашперскага, «Сябры па перапісцы» Нэлы Васілеўскай і «Сапрамат» Андрэя Цімафеева. Праграму, дарэчы, назвалі «Новыя надзеі».

Вяртаючыся да карціны «Орша... Мінск... Орша», скажу, што гэта адзін з тых фільмаў, што адбіваюць асаблівую суровасць антуражу, які нас акружае. Тут, што важна, ён робіць гэта без снабісцкай высакамернасці ці непрыемнага дыдактызму. Наадварот, гэтае бяздзейнае жыццё маладых людзей на перыферыі, якія выказваюцца нецэнзурнай лексікай, выкарыстоўваюць такія тыповыя (беларусу знаёмыя) варыянты адпачынку, распальваюцца ў нецвярозым стане ад няправільнага слова, дэманструюць свой культурны бэк-
граўнд і наогул праяўляюць сябе так, што мы можам аўтаматычна аднесці іх да пэўнага тыпу людзей (мы, як тыя, што жывуць у тым жа соцыуме)... дык вось, гэтае бяздзейнае жыццё паказваецца з нейкай гуллівасцю і захопленасцю, дзіцячай цікаўнасцю да абстаноўкі, якая абвастраецца. Няма дыягназаў, прысудаў, асуджальных тонаў, толькі прыхільнасць, усмешка і забава.

Гэтай ноце не перашкаджае нават хмурнасць галоўнага героя фільма — маладога хлопца, прыкладна аднагодкі незалежнай Беларусі, які жыве і працуе ў Мінску. На нейкі час ён прыязджае ў, мяркуючы па ўсім, родны горад Оршу. Тут ён праводзіць час з сябрамі — размаўляе, выпівае, прадухіляе бойкі. У гэтым вольным баўленні часу, размовах з нецэнзурнай лексікай (на шчасце, яна не трапіла пад цэнзуру, бо патрэбна для пэўных характарыстык), іх змесце, праявах інтарэсаў персанажаў і заключаецца сэнс і даследчыцкая цікавасць карціны.

Кадр з фільма «Орша... Мінск... Орша».

«Орша... Мінск... Орша», сапраўды, раскрываюцца бліжэй да сярэдзіны і ў сваёй цэласнасці, таму што на зацягнутым зачыне, нуднай дакументальнай фіксацыі мінскіх будняў галоўнага героя можна было б і спыніцца. На ўмоўным фестывалі, дзе адборшчыкі за недахопам часу глядзяць фільмы першыя дзесяць хвілін і сыходзяць з тых, што ім здаюцца нецікавымі, «Орша...», магчыма, засталася б незаўважанай, бо ў структуры фільма паказвае сябе ў другую чаргу.

У цэнтры ўвагі, як нагадала рэжысёр, горад чатырох турмаў, што магло паўплываць на атмасферу месца і яго культуру. Фільм не параўноўвае сталіцу і ўсю астатнюю Беларусь, беручы родны горад галоўнага героя за прыклад. Не, Орша — гэта нешта асаблівае, так што карціна Юліі Ралко ў нейкім сэнсе ўславіла маленькі горад, з-за чаго ў фільме ён, ад уласнай значнасці, набывае цікавы флёр, быццам узняўшыся на пантэон.

І калі да Мінска тут ніякіх «прэтэнзій», бо як горад, ён не мае ў карціне ўласнага твару, то Орша стала аб'ектам сказання і зборышчам сучаснай міфалогіі. Сапраўды, тут ёсць усё для таго, каб адлюстраваць грамадства: урбаністычныя вобразы, дзяржаўныя праекты і ідэі, тыповасць у паводзінах, праявах, метадах. Па сваім змесце гэта шэрасць адштурхоўвае, але ў фільме ёсць гумар, іронія, прыняцце, таму і глядач, здаецца, незаўважна расслабляецца і прымае.

У гэтым прыняцці ўся соль, а соль — прадукт не карысны.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Фота Алісы Ахрамовіч

Загаловак у газеце: Вярнуцца ў Оршу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.