Вы тут

Якія жанчыны лічыліся самымі прыгожымі ў старажытныя часы


Каноны прыгажосці старажытнага свету могуць нашага сучасніка здзівіць, збянтэжыць і нават шакіраваць.


У Старажытнай Індыі ва ўсе эпохі да жанчыны ставіліся з асаблівай павагай. Такое пачалося яшчэ з часоў матрыярхату, калі ў асобе кожнай жанчыны шанавалася багіня ўрадлівасці. Прыгожай у Індыі лічылася жанчына з чорнымі, як смоль, вейкамі і бровамі і пафарбаванымі ў чырвоны колер пазногцямі. Жанчыны накладвалі на свой твар макіяж, залацілі вусны і фарбавалі зубы ў карычневы колер. Калі індыйскай жанчыне хацелі зрабіць камплімент, яе сцёгны параўноўвалі са сцёгнамі слана або казалі: «прыгожая, як карова». А самай прывабнай часткай цела лічыўся не твар, а жывот.

У Індыі са старажытных часоў лічаць, што хараство жанчыны засяроджана ў яе пышным целе.

Аб'ёмныя формы ў разуменні індыйцаў сімвалізуюць здароўе, багацце і сытае жыццё. Развітую мочку вуха індусы лічылі прыкметай высокага духоўнага развіцця і сацыяльнага статусу, таму яе таксама было прынята ўпрыгожваць, але строга ў залежнасці ад становішча жанчыны ў грамадстве. На адкрытыя ўчасткі сваіх цел жанчыны наносілі малюнак хной — мендзі, які з'яўляўся часовым упрыгожваннем і трымаўся каля трох тыдняў.

Усім вядомая невялікая дэкаратыўная кропка ў цэнтры лба індыйскіх жанчын (паміж бровамі) — біндзі — была містычным трэцім вокам, правадніком чароўных ведаў, мудрасці і інтуіцыі. Каб адрозніць замужнюю жанчыну, у прабор яе прычоскі крывава-чырвоным колерам была нанесена паласа — сіндур.

Ідэальная прыгажуня ў Старажытным Кітаі павінна была мець ножкі, як лотасы, дробную хаду і фігурку, нібы вярба. Стварэнне з далікатным складам цела, тонкімі доўгімі пальцамі і мяккімі далонькамі, пяшчотнай скурай і бледным тварам з высокім ілбом, маленькімі вушамі, тонкімі бровамі і маленькім круглявым ротам — вось партрэт класічнай кітайскай прыгажуні. Дамы з добрых сем'яў галілі частку валасоў на лбе, каб падоўжыць авал твару, і дамагаліся ідэальных абрысаў вуснаў, накладваючы памаду кружком. Асаблівым шыкам для арыстакратычнай жанчыны Кітая былі пазногці. Іх гадавалі, за імі старанна сачылі і фарбавалі ў чырвоны колер, а каб яны не ламаліся — надзявалі спецыяльныя напарсткі. Звычай прадпісваў, каб жаночая постаць «бліскала гармоніяй прамых ліній», і для гэтага дзяўчынцы ўжо ва ўзросце 10—14 гадоў грудзі сцягвалі палатняным бінтам, спецыяльным ліфам або асаблівай камізэлькай.

Асаблівую ўвагу надавалі «лотасавым ножкам». Ні адзін заможны кітаец, які паважаў сябе, не браў шлюб з дзяўчынай, у якой былі звычайныя ногі.

Звычай у жанчын дэфармаваць свае ногі з'явіўся ў палацы дынастыі Сун, якая кіравала ў Кітаі з X па XІІІ стагоддзе. У пачатку X стагоддзя імператар Лі Ю загадаў адной са сваіх наложніц перавязаць свае ногі срэбнымі стужкамі і танцаваць на туфлях, зробленых у форме залатых кветак лотаса. З тых часоў у Кітаі жаночая прыгажосць была звязана з залатымі кветкамі лотаса. Мяркуючы па літаратурных канонах, ідэальныя «лотасавыя ножкі» былі абавязкова маленькімі, тонкімі, вастраносымі, выгінастымі, мяккімі, сіметрычнымі, і іх памер не перавышаў 3 цаляў (8 см).

У цэлым, працэс стварэння кітайскіх ножак быў менавіта такі. Ногі дзяўчынкі бінтавалі палосамі тканіны да таго часу, пакуль чатыры маленькія пальцы не прыціскаліся ўшчыльную да падэшвы ступні. Затым ногі абмотвалі палосамі тканіны гарызантальна, каб выгнуць ступню, як лук. З часам яна ўжо не расла ў даўжыню, але затое выпірала ўверх і набывала выгляд трыкутніка. Яна не давала трывалай апоры і вымушала жанчын калыхацца, падобна лірычна апетай вярбе. «Бінтаванне ног» парушала таксама натуральныя абрысы жаночага цела. Гэты працэс вёў да пастаяннай нагрузкі на сцёгны і ягадзіцы — яны ацякалі, станавіліся пульхнымі (і называліся мужчынамі «юрлівымі»).

Акрамя гэтай вельмі балючай трансфармацыі ног, кітайскія жанчыны ў імя эстэтычнага ідэалу адрошчвалі доўгія валасы, якія яны запляталі ў прыгожую касу. Дарослыя кітаянкі любілі фарбавацца: на твар яны наносілі бялілы, сваім бровам надавалі форму дугі, зубы пакрывалі сумессю колеру золата.

Уяўленне японцаў аб ідэальнай жаночай постаці — гэта адсутнасць у ёй жаноцкасці. Яны хацелі бачыць у жанчыне дзяўчынку-падлетка і лічылі, што ў жаночай фігуры «чым менш выпукласцяў і няроўнасцяў, тым прыгажэй». Кімано вылучае ў жанчыны, якая носіць яго, толькі плечы і талію, хаваючы адначасова як недахопы, так і добрыя якасці жаночай фігуры. Японскае ўяўленне аб жаночай прыгажосці цесна звязана з яе духоўнай прыгажосцю. Прыгожая постаць і твар японскай жанчыны раней былі прызначаныя толькі для яе мужа.

Па каноне твар далёкаўсходняй прыгажуні павінен быў выглядаць як мага больш абыякавым і лялечным, таму японкі густа бялілі шчокі, лоб і грудзі, а бровы галілі і малявалі замест іх кароткія тоўстыя рысачкі.

Галілі ў Японіі і валасы на лбе, а потым абводзілі лінію валасоў тушшу, каб лоб здаваўся вышэйшым, а авал твару даўжэйшым. Рот мусіў быць ярка-пунсовым і маленькім (аддавалі перавагу вуснам «банцікам»). Прычым, усміхацца і смяяцца рэкамендавалася толькі так, каб не паказваліся зубы, таму японкі пакрывалі іх чорным лакам. Доўгія валасы лічыліся прыкметай прыгажосці, але распускаць іх было непрымальна. Іх збіралі ў тугі пучок, які падтрымліваўся адмысловымі ўзорыстымі палачкамі. Японка, як і кітаянка, павінна была мець маленькую ножку, якая з ранняга ўзросту гэтак жа заматвалася ў бінты.

Грэкі ў часы Герадота без цяжкасцяў пазнавалі кельтаў сярод іншых варвараў перш за ўсё па светлай скуры, блакітных вачах і светлых або рудых валасах. Кельты сачылі за сваім знешнім выглядам і асабістай гігіенай: у ранніх сагах ёсць шмат згадак пра тое, як людзі мыюцца ці ходзяць у лазню. Акрамя вады і мыла, згодна з ірландскімі сагамі, яны выкарыстоўвалі раслінны алей і духмяныя травы. Ёсць сведчанні і пра тое, што ў прыгожага полу была касметыка — ірландскія жанчыны фарбавалі бровы ў чорны колер сокам ягад і падфарбоўвалі шчокі з дапамогай травы пад назвай «руам».

Асаблівае месца ў кельцкіх уяўленнях пра прыгажосць займалі валасы. Кельты прыкладалі шмат намаганняў, каб штучна павялічыць іх аб'ём.

Жанчыны насілі доўгія валасы, складаным чынам заплятаючы іх у косы, часта заколваючы грабянямі; часам канцы двух кос замацоўвалі залатымі і срэбнымі ўпрыгажэннямі. Вядомыя апісанні людзей з такімі жорсткімі валасамі, што на іх можна было насаджваць яблыкі (!). Адно з апісанняў сведчыць пра тое, што валасы кельтаў былі трохкаляровымі: цёмнымі каля каранёў, светлымі на канцах і пераходнага колеру пасярэдзіне. Усё гэта цалкам магло быць вынікам выкарыстання вапняковага раствору. Кельцкія жанчыны мелі асаблівую схільнасць да ўпрыгажэнняў. Самым характэрным кельцкім упрыгажэннем быў сагнуты дугой металічны прут або полая трубка — шыйная грыўна «торквес» з золата і бронзы, радзей — з срэбра.

Вялікая ўвага захаванню чысціні і ахайнасці надавалася ў Старажытнай Русі. Жанчыны, асабліва знатныя, у знакамітай рускай лазні не проста мыліся, але клапаціліся пра скуру: ачышчалі яе адмысловымі скрабкамі, масажавалі травянымі духмянымі бальзамамі і мазямі. А для надання скуры водару свежага жытняга хлеба на гарачыя камяні лілося піва. Менш заможныя дзяўчаты, сем'і якіх не мелі лазні, мыліся і парыліся ў рускіх печах.

Жаночая худзізна на Русі лічылася сур'ёзным недахопам і нават прыкметай хваробы.

У некаторых крыніцах сцвярджаецца, што сапраўдныя прыгажуні мусілі быць вагой не менш за 5 пудоў — 80 кілаграмаў (!). Беласнежная скура і яркі румянец на шчоках сведчылі пра здароўе, таму на Русі шырока ўжываліся бялілы (мел, мука) і румяны. Звесткі аб выкарыстанні ў Старажытнай Русі касметыкі ў асноўным змяшчаюцца ў замежных крыніцах, якія сыходзяцца ў тым, што рускія жанчыны злоўжывалі ёй. «У гарадах жанчыны румяняць і беляць твар, прытым так груба і прыкметна, што, здаецца, быццам хто-небудзь жменяю мукі правёў па твары іх і пэндзлем замаляваў шчокі ў чырвоную фарбу. Яны чорныя таксама, а часам фарбуюць у карычневы колер бровы і вейкі», пісалі іншаземныя сучаснікі. Бытавая ж касметыка, як правіла, грунтавалася на прадуктах жывёльнага паходжання (малако, сыроватка, смятана, мёд, яечны жаўток) і раслінах (агуркі, капуста, морква, буракі).

Старажытныя фрэскі сведчаць пра тое, што адзенне шляхетных жанчын было шматколерным і мела яркія спалучэнні і сакавіты тон. Улюбёным колерам у касцюме жанчын быў чырвоны, што тлумачыцца «абярэжнымі» ўласцівасцямі гэтага колеру, а таксама багатай палітрай натуральных фарбавальнікаў чырвона-карычневых тонаў.

Косы таўшчынёй у руку лічыліся эталонам жаночай прыгажосці. Тыя, хто не мог пахваліцца шыкоўнай шавялюрай, ішлі на хітрасць і ўпляталі ў касічкі валасы з конскіх хвастоў. Каса з'яўлялася таксама сімвалам гонару: доўгая азначала захаванне энергіі для будучага мужа. Галаўны ўбор на Русі, акрамя асноўнай функцыі, паказваў на дастатак сям'і, таксама лічылася, што «мужаціцы» ганебна было хадзіць проставалосаю. Традыцыя ішла ад часоў паганства, калі пакрыванне галавы азначала абарону самой жанчыны і яе блізкіх ад «злых сіл». Адметнай рысай галаўнога ўбору замужняй жанчыны было тое, што ён цалкам закрываў валасы. Дзяўчаты былі вольныя ад гэтага жорсткага прадпісання, заплятаючы валасы ў адну касу і пакідаючы макушку адкрытай.

Аднымі з самых распаўсюджаных на Русі жаночых упрыгажэнняў ва ўсіх саслоўях былі скроневыя кольцы і разнастайныя шкляныя каралі, асабліва з рознакаляровага «сечанага бісеру».

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Белы твар і магутныя косы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.