Вы тут

Павел Латушка: Чалавек тады жыве, калі мае ў сэрцы мару


Ён запомніўся як міністр культуры. Падчас яго знаходжання на гэтай пасадзе былі распрацаваны праграмы «Замкі Беларусі» і «Культура Беларусі», знакавыя ў плане захавання беларускай гісторыі і развіцця культуры ў рэгіёнах. Тым больш што Павел Паўлавіч, як ніхто іншы, пастаянна радаваў нас прамовамі на беларускай мове. Цяпер ён — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, прадстаўляе нашу краіну таксама ў Партугаліі, Іспаніі, Манака, з'яўляецца Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА і пры Сусветнай турысцкай арганізацыі. Змянілася пасада, але не перакананні: акрамя таго, што пасольства развівае эканамічнае супрацоўніцтва, за апошнія тры гады дыпмісія арганізавала больш за сотню культурных падзей. Нам удалося сустрэцца з Паўлам Латушкам у Мінску і сам-насам пагутарыць аб уражаннях ад Францыі, дасягненнях беларусаў і аб Уладзіміру Караткевічу.


— Вам не першы раз даводзіцца працаваць за межамі роднай Беларусі. Зараз — на адлегласці ў некалькі тысяч кіламетраў у французскай сталіцы. Як адчуваеце, ці атрымалася адаптавацца?

— Дыпламат апрыёры павінен быць падрыхтаваны да таго, што ён трапляе ў асяроддзе, якое не адпавядае таму, дзе ён нарадзіўся, выхоўваўся, вучыўся. Вядома, калі ўязджаю ў Беларусь — гэта зусім іншае ўспрыманне, іншая атмасфера. Калі працаваў консулам у Беластоку, то казаў, што адтуль можна пабачыць крыжы гродзенскіх цэркваў і касцёлаў. На Беласточчыне пражывае шмат беларусаў, там актыўна падтрымліваецца беларуская культура, існуюць беларускамоўныя школы. Увогуле, палякі ментальна больш блізкія да нашага народа, чым, напрыклад, французы.

Францыя — з адрознай гісторыяй, іншымі традыцыямі і ментальнасцю. Адаптавацца ў Парыжы дыпламату, як кажуць самі французы, даволі складана. Іншы бег часу, іншае разуменне неабходнасці вырашэння праблем, іншыя прыярытэты. На жаль, Францыя ў большай ступені не мае актыўнай матывацыі да супрацоўніцтва з Беларуссю, але задачай дыпламатаў якраз з'яўляецца абудзіць яе. Зразумела, што дыпламат павінен любіць сваю краіну і адстойваць яе інтарэсы. Разам з тым гэта прафесія нярэдка звязана з пошукам кампрамісу, але кампрамісу ў інтарэсах сваёй краіны.

— Усё ж такі беларусы народ еўрапейскі. Магчыма, мы і з французамі чымсьці супадаем?

— Калі паглядзець на гісторыю нашых адносін, яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага ў тым жа ХVІІІ ст. цесныя кантакты беларускай і французскай культур назіраліся ў галіне музычна-тэатральнага мастацтва. Наведванне Казімірам Радзівілам Рыбанькам у 1722 г. Парыжа прывяло да стварэння ў 1740 годзе свайго прыдворнага тэатра, дзе на сцэне, аформленай па «версальскай модзе», ставіліся п'есы Мальера і Вальтэра, як на французскай мове, так і ў перакладах першай на беларускіх і польскіх землях жанчыны-пісьменніцы — княгіні Уршулі Францішкі Радзівіл. Опера «Вясковы чараўнік» Русо была з поспехам пастаўлена на пачатку 1780-х гадоў у ружанскім тэатры полацкага ваяводы Казіміра Сапегі.

Радзівілы і іншыя магнаты запрашалі французскіх харэографаў, каб стварыць балет. І першыя балетныя школы з'явіліся ў Нясвіжы, Слоніме, Гродне і Паставах у ХVІІІ стагоддзі дзякуючы педагогам з Францыі. А пазней паўстаў славуты Марыінскі тэатр, які фактычна заклала трупа Шклоўскага балета. Калі мы гаворым пра Варшаўскі балет, то яго карані пранікаюць у Гродзенскую школу.

Многія помнікі архітэктуры Беларусі, асабліва ХV—XVІ стст. (Мірскі замак, палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы і інш.), нясуць адбіткі ўплыву французскай архітэктуры. У Нясвіжы з трох двароў вылучаецца вялікі парадны (cour d'honneur), выкананы ў традыцыях французскага позняга Рэнесансу. Гэта не выпадкова — ён быў створаны пры Мікалаі VІІІ Крыштофе Радзівіле Сіротку, на якога вялікае ўражанне аказалі Луўр і Фантэбло, убачаныя ім у 1574 годзе.

Вядома, мы тут павінны ўспомніць сувязі з Францыяй Касцюшкі, Агінскага, Міцкевіча, Орды, парыжскую школу з удзелам Шагала, Суціна, Цадкіна і шмат-шмат іншых постацяў, якія праз культуру аб'ядноўваюць нас з Францыяй у адзіную агульнаеўрапейскую прастору. Дарэчы, мала хто ведае, але ў сталіцы сусветнай моды ёсць вуліца Радзівілаў.

— А якія беларускія тавары вам даводзіцца бачыць на парыжскіх прылаўках?

— Па экспарце ў нас праходзіць пастаўка беларускіх смаўжоў і жаб, грыбоў і ягад, з мінулага года пачаліся пастаўкі гарэлкі. Калі казаць пра харчовую прамысловасць, то хацелася б, каб нашых тавараў было больш. Але, каб атрымаць вынік, трэба быць больш актыўнымі. Напрыклад, кожныя два гады ў Парыжы адбываецца адна з самых буйных у свеце выставак аграхарчовай прадукцыі «SІAL». Але беларускія прадпрыемствы не прымаюць у ёй удзел, нягледзячы на прапановы нашай дыпмісіі. Праз кантакты нараджаюцца кантракты. Адно без другога не магчымае.

Мы вельмі ганарымся адным з апошніх праектаў — пастаўкамі дамоў беларускай вытворчасці на французскі рынак. Ужо паўстала «беларуская вуліца», але іх будзе нашмат больш, бо на апошнім тыдні падпісаны кантракт на экспарт беларускіх дамоў у Францыю на суму ў амаль 1 млн долараў ЗША. Два гады таму наш экспарт дасягаў 110 млн долараў ЗША, пазней адбылося падзенне. 2017-ы мы пачынаем з добрай дынамікай росту.

— Што датычыцца Беларусі, акрамя ўжо традыцыйных для наведвання замежнікамі Мірскага замка і Нясвіжскага палаца, куды б яшчэ параілі завітаць?

— Як грамадзянін Беларусі, вельмі ганаруся, што гэтыя два аб'екты адрэстаўрыраваныя, бо гэта добрая справа не толькі для нашай гісторыі і самасвядомасці, але і для развіцця турызму.

Так, Міністэрства спорту і турызму Беларусі пры падтрымцы Сусветнай турысцкай арганізацыі ў ліпені гэтага года арганізуе ў Мінску міжнародную канферэнцыю па брэндынгу: як неабходна пазіцыянаваць турыстычны прадукт у краіне. Напрыклад, Іспанія: у мінулым годзе яна атрымала ад уязнога турызму 77 мільярдаў еўра. Для іх турызм — гэта значная частка эканомікі. Зразумела, там шмат курортаў, але і нам трэба зразумець, які турыстычны брэнд, як краіна, мы можам прапанаваць турыстам. Гэта, у прыватнасці, могуць быць і палацы, цікавыя палякам і літоўцам. Але французаў, напрыклад, гэтым не здзівіш. Іх магла б зацікавіць «сінявокая» Беларусь: нашы азёры, лясы, мяркую, што агратурызм.

— Як вы самі адпачываеце?

— Чалавек шчаслівы імгненнямі, а нешчаслівы гадзінамі, але гэтыя імгненні шчасця дазваляюць нам перажыць гадзіны нягод. Праца займае большую частку майго жыцця. Вельмі люблю новыя праекты. З апошніх — атрымаў хвіліны шчасця ў дзень, калі ў Мінску ў мінулым годзе адкрылі міжнародную выстаўку «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока». Зараз яна крочыць у Маскву, Астану і, спадзяюся, дойдзе да Лісабона.

Вельмі люблю тэатр. І мне не хапае наведвання беларускіх пастановак. Але мы запрашаем беларускі тэатр у Парыж, у Францыю. Зараз — акцёраў Тэатра-студыі кінаакцёра (яны выступяць на пачатку красавіка). Таксама да нас летась прыязджаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, раней адбыліся буйныя гастролі Вялікага тэатра Беларусі. Асноўная складанасць — фінансаванне. Але нам вельмі дапамагаюць спонсары і мецэнаты. Большасць культурных праектаў у Францыі прайшла без бюджэтнай падтрымкі.

— Вам даводзіцца шмат гутарыць з людзьмі, знаёміцца. Па чым пазнаяце, што чалавек культурны?

— У ацэнках будзе шмат суб'ектыўнага. Увогуле не стаўлю перад сабой мэту судзіць чалавека: культурны ён ці не. Бо гэта было б у нейкай ступені бескультурна. Як казаў французскі пісьменнік і былы міністр культуры Францыі Андрэ Мальро: «Культуру нельга атрымаць у спадчыну, яе трэба заваяваць».

— Як думаеце, чаго не хапае сучаснікам, каб быць сапраўды культурнымі людзьмі?

— Яшчэ ў час, калі займаў папярэднюю пасаду, мы ініцыявалі неабходнасць прыняцця праграмы па развіцці чытання. Сённяшняя моладзь больш часу праводзіць у інтэрнэце. Калі яны там чытаюць аповесці, апавяданні, раманы — цудоўна. Але большасць сядзіць у сацыяльных сетках. Раней гэты час мы выкарыстоўвалі, каб чытаць кнігі. Калі бацькі з'язджалі на выхадныя на лецішча, тата выкручваў засцерагальнік у тэлевізары, каб мы чыталі. Гэта былі жорсткія захады, але ў той жа час — вельмі слушныя. І не магу забыць тую асалоду, якую атрымліваеш ад чытання кнігі з ліхтарыкам, лежачы пад коўдрай уначы. У гэты час прачытаў амаль усяго Марыса Друона. Адна з праблем выхавання сёння заключаецца ў тым, што моладзь мала чытае кнігі...

— ...І што такім чынам губляе?

— Перш за ўсё веды, а значыць, інтэлект і аналітычнае мысленне, звычку думаць і разважаць. Часта можна пабачыць карціну, калі маладыя людзі сядзяць адзін насупраць аднаго і замест таго, каб размаўляць, глядзяць у гаджэты. Мая дачка заўважыла, што ў французскіх кавярнях і рэстаранах часта няма вай-фаю. Бо, хутчэй за ўсё, французы хочуць, каб людзі размаўлялі.

— Дарэчы, пра размовы. Заўважаеце, што сярод моладзі з'явілася мода гутарыць па-беларуску?

— Я сапраўды адчуў, што размаўляць па-беларуску становіцца больш папулярным. Лічу, што мова павінна існаваць у асяроддзі: у асабістых адносінах, дзелавых, і, вядома ж, у інфармацыйнай прасторы.

Мова — гэта тое, што цэментуе незалежнасць. Бо без захавання мовы этнасу цяжка сабе ўявіць перспектывы доўгатэрміновага існавання дзяржавы. Гэта не азначае, што мы адмаўляем выкарыстанне другой дзяржаўнай мовы. Чым большай колькасцю моў валодаем, тым лепш. Гэта таксама прыкмета інтэлектуальнага развіцця і ўзроўню адукаванасці.

— Ваша дачка на якой мове размаўляе?

— Больш па-руску, але яна спявае ў калектыве беларускія песні. У іх рэпертуары пераважная большасць твораў менавіта на беларускай мове, таксама ёсць частка рускіх і ўкраінскіх песень. У іх свая публіка, ды і дачцэ падабаецца. Аднойчы яна нават прызналася, што напісала верш на беларускай мове. Мяне гэта вельмі ўсцешыла.

— Адкуль у вас прага да беларускасці?

— Хоць і нарадзіўся ў Мінску, усе канікулы праводзіў на вёсцы. Калі мы ездзілі да бабуль, то чулі няхай і не літаратурную мову, але беларускую. Пазней, калі я ўжо вучыўся ў школе, дзесьці ў 1980—1990-я, мой бацька пачаў цікавіцца гісторыяй Беларусі, у тым ліку Вялікага Княства Літоўскага, шмат чытаў і шмат расказваў. У школе мы праводзілі дні беларускай мовы, малявалі плакаты вечарамі разам з братам, а пасля развешвалі іх у школе, заахвочвалі размаўляць па-беларуску. Мой пляменнік, напрыклад, скончыў філфак, размаўляе па-беларуску. Ён пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Так што гэта ад сям'і.

Французы, напрыклад, «моўныя патрыёты»: яны актыўна падтрымліваюць і прапагандуюць сваю мову, імі створана міжнародная арганізацыя «Франкафонія», якая займаецца прасоўваннем мовы ў свеце, існуе Французская акадэмія, якая адказвае за захаванне і чысціню французскай мовы.

— Якую кніжку беларускага пісьменніка кожны жыхар нашай краіны мусіць прачытаць, каб называць сябе беларусам?

— Уладзімір Караткевіч, «Каласы пад сярпом тваім». Я шкадую, што на папярэдняй пасадзе мне не ўдалося рэалізаваць праект па здымках мастацкага фільма, прысвечанага гэтаму твору. Мы тады пра гэта размаўлялі з адным з найлепшых рэжысёраў нашай краіны — Мікалаем Пінігіным. На той момант не ўдалося закумуляваць адпаведнае фінансаванне, бо якасная гістарычная кінастужка каштуе нямала. Трэба разумець, што кіно можна здымаць дзеля грошай, але больш важна, каб яно выхоўвала нацыю. Напрыклад, у Беларусі дагэтуль няма фільма пра жыццё Янкі Купалы. Разам з Фондам беларускай культуры мы выдалі «Каласы пад сярпом тваім» на чатырох мовах: беларускай, рускай, англійскай і ўкраінскай. Важна, каб наш вялікі літаратар стаў вядомы і за межамі Беларусі. Па сутнасці, гэта датычыцца ўсёй беларускай культуры. Яна вартая таго, каб пра яе ведалі ва ўсім свеце.

Бліц-апытанне

— Мінск ці Парыж?

— Вядома, Мінск. Тут мая Радзіма — Беларусь.

— Гарбата ці кава?

— Я апошнім часам зноў пачаў піць гарбату, раней — толькі каву.

— Лепш праедзеце на аўтамабілі ці пройдзеце пешшу?

— Стараюся хадзіць больш апошнім часам. Гэта дадае сіл.

— Прачытаеце кніжку альбо пабачыцеся з сябрамі?

— Правяду час з сябрамі, бо рэдка іх бачу. Людзі, тым больш блізкія, — у прыярытэце. Дарэчы, не так даўно мой найлепшы сябра падараваў мне калекцыю аўдыякніг, якія я слухаю ў машыне, — новая форма чытання.

— Дождж ці сонца?

— Сонейка дае энергію. Але калі дождж, распалены камін, побач — сябры, то можна і дождж.

— Вы б маглі ўявіць, што калі-небудзь станеце паслом, а тым больш міністрам?

— Так. Чалавек толькі тады жыве і развіваецца, калі марыць.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?