Вы тут

Мірная стваральная праца — галоўны складнік бяспекі


Учора кіраўнік дзяржавы здзейсніў рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць. Аляксандр Лукашэнка наведаў раённае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Саўгас «Лідскі» і замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «АРВІБЕЛАГРА».


Візіт кіраўніка дзяржавы ў сельскую мясцовасць звязаны з пачаткам пасяўной кампаніі. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам веснавых палявых работ у рэгіёне. Ён запатрабаваў сеяць і вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры толькі з выкарыстаннем угнаенняў, выконваць усе неабходныя тэхналагічныя працэсы. Прэзідэнту прадэманстравалі распрацаваныя і створаныя на беларускіх прадпрыемствах машыны для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, лінейку плугоў, якія выпускаюцца мясцовым Мінойтаўскім рамонтным заводам, а таксама першы ў Беларусі самаходны апырсквальнік вытворчасці «Лідаграпраммаша».

Дарогі і прадпрыемствы

Калі ехаць у Ліду з Мінска, першае, што кідаецца ў вочы, — будаўніцтва новай дарогі. Дакладней, гэта не будаўніцтва цалкам новай дарогі, а рэканструкцыя трасы Мінск — Гродна, якая павінна стаць больш шырокай і такім чынам павысіць сваю прапускную здольнасць. Уздоўж дарогі — шмат пяску, будаўнічых матэрыялаў, тэхнікі, рабочых. Работа ідзе, і ўжо ў наступным годзе павінен быць здадзены першы ўчастак. Аляксандр Лукашэнка, гаворачы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым, падкрэсліў, што работы павінны весціся па-гаспадарску, і параіў больш шчыльна супрацоўнічаць з інвестарамі, каб уздоўж дарогі будаваліся аб'екты прыдарожнага сэрвісу.

У цэлым жа Гродна ў рэгіёне ведаюць перш за ўсё дзякуючы прадпрыемству «Гродна Азот», якое пастаўляе мінеральныя ўгнаенні ў многія краіны. Падчас размовы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Прэзідэнт таксама адзначыў: краіне неабходна пабудаваць новае сучаснае прадпрыемства азотнай вытворчасці. На азотныя ўгнаенні заўсёды ёсць попыт як унутры краіны, так і па-за яе межамі, таму ад будаўніцтва такога прадпрыемства чакаецца вялікі эфект. Аляксандр Лукашэнка даручыў вызначыць месца, дзе лепш размясціць завод, улічваючы лагістыку, наяўнасць працоўных рэсурсаў.

Вясна дасць работу ўсім

Прэзідэнт пацікавіўся і тэмамі працаўладкавання і сярэдняй заработнай платы ў рэгіёне, падкрэсліўшы, што Гродзенская вобласць з яе патэнцыялам проста абавязана дасягнуць пастаўленай планкі ў 1000 рублёў.

— Хачу, каб вы разумелі, калі я казаў, што да 1 мая трэба, каб усе працавалі, я меў на ўвазе, што вы ім павінны прапанаваць работу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі ён не хоча працаваць, значыць, у спісы яго, будзем пасля вызначацца, што з ім рабіць. Гэта не значыць, што мы да 1 мая створым новыя працоўныя месцы. Я проста вас варушу, каб вы людзям прапанавалі работу.

Сапраўды, настаў час вясновых палявых работ, а значыць, можна фарміраваць брыгады, каб людзі маглі працаваць у сельскіх гаспадарках. Пры гэтым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, трэба стварыць усе неабходныя ўмовы для правільнай арганізацыі работы. Разам з тым неабходна працягнуць стварэнне новых працоўных месцаў на дзеючых і тых, што ўводзяцца ў строй, прадпрыемствах, пры неабходнасці навучаць людзей новым спецыяльнасцям.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз паўтарыў патрабаванне не звальняць людзей без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады. Ён падкрэсліў, што нельга скарачаць людзей дзеля павелічэння паказчыка заработнай платы. Гэта значыць, калі на прадпрыемстве скарачаюць некалькі чалавек, кіраўнікі вытворчасці разам з органамі ўлады павінны вырашыць, куды іх працаўладкаваць.

Плошча людзей не накорміць

Прадпрыемства «АРВІБЕЛАГРА», у развіццё якога зрабілі важкі грашовы ўклад інвестары з Прыбалтыкі, спецыялізуецца на прамысловай вытворчасці прадукцыі з індычнага мяса. Агульны аб'ём інвестыцый, накіраваных на рэалізацыю праекта, склаў больш за 30 мільёнаў еўра. У выніку плануецца стварыць 170 працоўных месцаў, з якіх летась ужо створана 46. Сярэднямесячная зарплата на прадпрыемстве складае каля 850 рублеў.

— Сёлета мы пачынаем пасяўную кампанію не з Гомеля, а з Гродна, — звярнуў увагу Прэзідэнт падчас сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства. — Гэта ўпершыню ў маім прэзідэнцкім жыцці. Звычайна мы пасяўную кампанію пачыналі адтуль. Але асаблівасць гэтага года ў тым, што ўсё гатова і ў Гродзенскай вобласці для сяўбы... Таму галоўная тэма — гэта, безумоўна, пасяўная кампанія. Я толькі што сказаў: колькі па плошчах ні хадзі, колькі ні прыкідвайся дармаедам ці яшчэ некім, хлеб трэба сеяць. Без хлеба мы ўсе пойдзем на плошчы. Таму звяртаю ўвагу ўсіх у краіне, што мы разварочваем пасяўную кампанію на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Работнікаў «АРВІБЕЛАГРА» цікавілі самыя розныя пытанні. Андрэй Гайдураў, загадчык склада, спытаў, ці трэба баяцца, што ў нас можа паўтарыцца ўкраінская сітуацыя.

— Сітуацыя ўкраінская ў Беларусі — не са мной. Не магу нават у сілу свайго характару дапусціць, каб у Беларусі паўтарыўся ўкраінскі варыянт, — заявіў Прэзідэнт.

У той жа час беларускі лідар звярнуў увагу, што сёння вядуцца зусім іншыя войны:

— Мы ўжо сёння гаворым аб інфармацыйных войнах як аб складніку гібрыдных войнаў. Войны сёння не тыя, што былі тады, калі ваявалі адзін супраць аднаго. Сёння гібрыдная вайна — яна інфармацыйная, эканамічная, якая можа развіцца ў гарачую вайну. І вось інфармацыйныя войны праз інтэрнэт — гэта асноўнае поле бітвы. Хто ўмее супрацьстаяць у гэтай вайне, той і выжывае. Павінен вам сказаць, што мы гэтаму навучыліся некалькі гадоў таму.

Мірная Беларусь, яе спакой, стабільнасць, не даюць спакою нядобразычліўцам.

— Свярбяць у некага рукі. Але ёсць нейкі бар'ер, які ніхто не павінен пераступаць, парушаючы закон і Канстытуцыю. І калі ўлада гэтага не ўбачыць, тады гэта будзе ланцуговая рэакцыя, яе вельмі цяжка спыніць, таму што будуць ўцягнутыя мільёны людзей, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што паведамленне аб правакацыі, якая рыхтуецца, паступіла ад ураджэнкі Беларусі, якая пражывае ў адной з краін Захаду. Жанчына прыйшла ў наша пасольства і папярэдзіла пра небяспеку.

— Выехалі туды людзі, знайшлі гэтую жанчыну, і яна адкрыта кажа: я нічога не баюся, напішу заяву, каб вы былі папярэджаны. Гэта нас падштурхнула да актыўных дзеянняў, я даручыў спецслужбам неадкладна пачаць аперацыю па распрацоўцы гэтых людзей, і мы выйшлі на цэлы арсенал зброі, — сказаў ён.

У Курапатах будзе мемарыял

Аператар упаковачных машын Юрый Каско пацікавіўся меркаваннем Прэзідэнта наконт будаўніцтва мемарыяла ў Курапатах.

— Гэта велізарныя могілкі... Чаго топчамся па касцях і робім на гэтым палітыку? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт закрануў нядаўнія падзеі, звязаныя са скандалам з-за будаўніцтва ў Курапатах бізнес-цэнтра. Паводле яго слоў, гэтае пытанне было штучна раскручана.

— Гэта ніякага дачынення да Курапатаў не мела. Але гэта палітычна пачынаюць раскручваць. Вы вось у Гродне жывяце і думаеце: што гэта за ўлада, на могілках далі бізнесмену зямлю? Гэта ж для таго, каб вам паказаць «шалёную ўладу» ў Мінску. А на самай справе гэта зусім было не так. Я ніколі не дазволіў бы (тым больш кожны раз езджу на работу міма Курапатаў) нешта будаваць на гэтых землях, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паведаміў, што даручыў стварыць акуратны, не вельмі вялікі мемарыял. Зараз ідзе конкурс па гэтым праекце.

Было і пытанне, звязанае з пяцідзённым бязвізавым рэжымам. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта было зроблена не столькі дзеля турыстаў, колькі для бізнесменаў, інвестараў. Калі ж гэтых пяці дзён будзе мала, бязвізавы тэрмін павялічыцца. Па словах кіраўніка дзяржавы, мы адкрытая краіна, адкрытая эканоміка. Адпаведна, калі людзі будуць прыязджаць да нас без візы, гэта нікому не пашкодзіць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Лідскі раён

Загаловак у газеце: Час сеяць хлеб

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.