Вы тут

Больш, чым дзень


Гэты дзень яшчэ не стаў усебеларускім святам, але мог бы стаць… У Беларусі гэта свята не для ўсіх, думае большасць, і памыляецца — гэта як паглядзець. На гэтым тыдні — 21 сакавіка — у свеце адзначалі Міжнародны дзень паэзіі. Што ж Беларусь? Бо тут у нас, калі хто не рыфмуе ці не спрабаваў калі-небудзь рыфмаваць сам, то з задавальненнем паразважае пра тое, што такое харошыя вершы. Нездарма Беларусь называюць краінай паэтаў: тут сярод паэтаў Постаці, Асобы, Імёны. Ад паэтыкі Скарыны да адухоўленых словаў Сімяона Полацкага. Ад жадання Багушэвіча спяваць для ўсіх да вершаў Багдановіча, якія праспяваць можа кожны беларус. Ад паэтаў-класікаў, як Купала, да паэзіі будучыні, якую стварае моладзь. Тут паэты лічацца Прарокамі, а іх вершы даюцца дзеля таго, каб бачыць будучыню і ствараць яе: за словамі павінны ісці справы. Гэта краіна паэтаў яшчэ і таму, што аднаўлялася-стваралася з мараў творцаў-летуценнікаў, высілкі якіх камусьці маглі падавацца марнымі. А яны рабілі сваю справу: складалі не толькі вершы і паэмы, а праз іх — гуртавалі культурную супольнасць. Імкнуліся разгадаць таямніцы краіны Паэзія: «Я ведаў, што ты — бліскавіца, / Што хмары рассекла, / Я ведаў, што ты —вызваленне / З няволі і пекла» (М. Танк). Фармулявалі задачы для паэтаў: «з цэлым народам гутарку весці» (Я. Купала). І разумелі, што яна — наймагутнейшая ўладарка дум, і гэта назаўсёды. «Паэзія — хвароба ўсіх вякоў. / Паэзія — служанка й каралева» (Р. Баралілін). Служанка — для ўсіх: столькі створана, што кожны можа знайсці словы, напісаныя менавіта для яго. Для яе няма падзелу на выбраных і нявыбраных, сваіх ці чужых. У гэтым каралеўстве святам можа стаць кожны дзень, калі ў ім здараецца цуд стварэння, — праз боль ці натхненне, энергія якога потым пульсуе яшчэ доўга. Бываюць такія створаныя цуды, што за імі — жыццёвая праўда і наканаванасць, лёсы народаў і краін, сутнасць цэлай эпохі ці наогул адкрыты партал у вечнасць. І гэта ўсё ўпісана ў адзін дзень…

Іван Юркін:

— Я не толькі пішу вершы, але і пастаянна цікаўлюся новымі творамі паэтаў-сучаснікаў: Міхася Пазнякова, Кастуся Цыбульскага. Паэзія — гэта маё жыццё. Таму для мяне Сусветны дзень паэзіі — сапраўды надзея. А многія імпрэзы, у якіх я ўдзельнічаю, звязаныя з выхадам дыска песень на мае вершы «Где калина цвела…» ў выкананні спевака Анатоля Ярмоленкі (музыка Алега Елісеенкава). Адна з маіх аўтарскіх вечарын хутка плануецца ў Магілёве.

Анастасія Кузьмічова:

— Для мяне Сусветны дзень паэзіі — выдатная нагода павіншаваць са святам усіх сяброў-паэтаў. Да лірычнага слова я прыкіпела душою з самага дзяцінства. А развіцца маім здольнасцям дапамагло літаб’яднанне «Светотень», якое ў 90-я гады існавала пры газеце «Знамя юности». Шмат удзельнічала ў розных паэтычных конкурсах, прычым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі — ва Украіне, Расіі. У Пярмі нават выходзіла ў радыёэфір! А тут, у Мінску, разам з калегамі-паэтамі — Інай Фраловай, Адамам Шостакам, Ганнай Чумаковай, Аленай Свечнікавай ды іншымі — шмат выступаю на розных пляцоўках: у бібліятэках, музеях. Лічу, што сапраўдная асалода для паэта — жывы водгук публікі на яго творчасць.

Алесь Плотка:

— У ідэі Дня паэзіі ёсць пэўная пастка. Па-першае, паэзія — рэч глыбакадумная, і кожны верш — як свята Перамогі: са слязьмі на вачох; па-другое, літаратурная супольнасць ва ўсе часы неаднародная, і такі дзень увасабляе высакародную, але ўтапічную місію захаплення архіпелагам творчых душ, якія па-сапраўднаму разам ніколі-ніколі не будуць. Такая ўжо рэч паэзія. Я адказны за сябе: імкнуся зрабіць нешта добрае для супольнасці: віншую блізкіх па духу паэтаў, сёлета напісаў усім калегам па цэху, з кім меў палемічныя сутыкненні (нават грубіянам), арганізаваў у межах StereoForum паказ відэавершаў з Украіны, дзе ёсць цікавая школа гэтай сучаснай з’явы. Хай кожны нешта зробіць — вось і будзе свята. Дзень паэзіі — свята даволі маладое і ў нашай краіне малавядомае. Некаторыя ладзяць літімпрэзы, нехта адзначаецца ў сацыяльных сетках, але нацыянальнага маштабу мы пакуль не дасягнулі. Нейкай традыцыі пакуль няма, да таго ж яно раней адзначалася ўвосень — адсюль блытаніна. Але і добрая нагода святкаваць Дзень паэзіі і «па-новым», і «па-старым» стылях. А лепей — рабіць хаця б Месяц паэзіі, як, прыкладам, у Канадзе і ЗША, каб можна было разгарнуцца!

Юлія Алейчанка:

— Да гэтага года я практычна не святкавала Сусветны дзень паэзіі. Але сёлета гэтае свята было адзначана і тэлебачаннем, і Беларускім радыё, і друкаванымі перыядычнымі выданнямі. Ды яшчэ і сябры мяне асабіста павіншавалі! А адна сяброўка патэлефанавала і папрасіла прачытаць што-небудзь з новага. Безумоўна, такая ўвага была вельмі прыемнай. Падумалася: калі ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень шчасця, то чаму б не адзначаць гэтак жа шырока Сусветны дзень паэзіі? Гэта ж і ёсць сапраўднае шчасце для паэта!

Сабіна Брыло:

— Мне ўвогуле, шчыра кажучы, так дзіўна, што нехта жыве і думае: я паэт. Гэта прыкладна як думаць: я інтэлектуал. То бок, я разумею, што гэта нармальна. Але сама б я гэтак не змагла.

Алесь Емяльянаў-Шыловіч:

— Для мяне Дзень паэзіі — гэта дзень народзінаў жонкі. Гэ та шчасце, калі ў тваім доме жыве муза і паэзія. Адзначылі свята добра.

Аляксей Арцёмаў:

— Я нават рытуал маю! Кілішак унутр, гурком салёным закусіць, і перачытваю нешта класічнае паэтычнае, пад настрой. Сёлета, штопраўда, давялося без гарэлкі адзначаць, але сімвалічны гурок з’еў, перачытваў вершы з «Urbi et Orbi» Брусава.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.