Вы тут

Валеры Марозаў: "Менавіта гісторыя напаўняе архітэктуру зместам"


Нашы гарады і мястэчкі аднаўляюцца, архітэктура развіваецца, прыўносячы новыя стылі, робячы жыццё камфортней. Нельга не заўважыць, як шмат новых будынкаў з’яўляецца нават сярод гістарычнай забудовы. Але не заўсёды можна сказаць пра сучасныя пабудовы, што яны ўдалыя. Ці можна знаходзіць правільнае рашэнне пры спалучэнні старога і новага, не руйнуючы духу часу, сувязі стагоддзяў?

Гэтую тэму даследуе Валеры Марозаў — доктар архітэктуры, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, кіраўнік секцыі культурна-гістарычнай спадчыны, рэстаўрацыі і рэканструкцыі Беларускага саюза архітэктараў, аўтар кніг, манаграфій, прысвечаных гісторыі архітэктуры Беларусі. У выданнях «Гомель класічны. Эпоха. Мецэнаты. Архітэктура», «Архітэктура памежжа культур Беларусі, Літвы і Польшчы. Эпоха класіцызму» спрабуе адказаць на пытанні, якія хвалююць сучаснікаў. Цяпер даследчык працуе над новай кнігай «Стыль і напрамкі ў архітэктуры Беларусі канца XVIII — першай паловы XIX стагоддзя».

 

— Возьмем еўрапейскія сталіцы — Рым, Парыж, Лондан, — распавядае Валеры Марозаў. — Там побач з будынкамі ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў стаяць сучасныя пабудовы ў стылі хай-тэк, постмадэрну, якія ўдала ўпісваюцца ў старую забудову. І ні ў каго не выклікаюць пратэстаў. Таму што яны зроблены прафесійна і разумна.

Звернемся да нашай сталіцы. Былая Саборная плошча — цяпер плошча Свабоды ў Верхнім горадзе — была яшчэ нядаўна па гістарычных мерках цэнтральнай часткай, да яе далучаліся квартал Няміга, забудова Ніжняга горада, альбо Ніжняга рынку. Увогуле, Мінск да атрымання статусу сталіцы быў невялікім. Да Другой сусветнай вайны ў ім было каля 300 тысяч жыхароў. На жаль, барацьба з рэлігіяй паўплывала на тое, што Саборную плошчу яшчэ да вайны значна зруйнавалі. Падчас вайны Мінск моцна пацярпеў, ды і пасля было шмат чаго згублена!

Але новыя тэхналогіі, дасягненні ў галіне архітэктуры, будаўніцтва і рэстаўрацыі дазваляюць дастаткова хутка і якасна аднавіць гістарычныя кварталы і дамы. Па старых чарцяжах узноўлены Нюрнберг, Дрэздэн, Варшава, старадаўнія будынкі ў Берліне, іншых еўрапейскіх гарадах. У нас таксама шмат што адроджана. Выдатна адрэстаўраваны касцёл Панны Марыі, у Верхнім горадзе з’явілася ратуша, далікатна ўпісаўся ў гістарычную забудову гатэль «Еўропа». Рэстаўрацыйныя работы ў гэтым квартале працягваюцца.

І ажывае куток старога Мінска. Гэта, дарэчы, прыўносіць новыя фарбы ў палітру горада. Там ідзе сваё жыццё: адкрыліся ўтульныя кафэ, канцэртныя пляцоўкі, галерэі, музеі. Туды любяць наведвацца мінчукі і замежныя турысты. Бо там жыве гісторыя, прыгожая старая архітэктура. У эпоху постмадэрнізму пра гэтую акалічнасць амаль забыліся. Лічылася, што ўсё павінна быць новае. Але час паказаў памылковасць такіх поглядаў, бо менавіта гісторыя напаўняе архітэктуру зместам. Такая спроба зроблена ў Мінску. Але ж шмат чаго яшчэ трэба здзейсніць.

— Нядаўна ў Мінск прыязджалі міжнародныя эксперты, якіх цікавіў праспект Незалежнасці. Ці ёсць у яго шанс нароўні з цэнтральнымі вуліцамі Берліна, Варшавы, Кіева быць уключаным у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА?

— Мінскі праспект Незалежнасці — унікальная ў еўрапейскай архітэктурнай практыцы забудова цэнтральнай магістралі. Яго архітэктары былі натхнёныя старажытнай забудовай цэнтра СанктПецярбурга, архiтэктурай Старажытнай Грэцыі і Рыма, італьянскага Рэнесансу і імкнуліся збудаваць новы горад мары, сваеасаблівы «горад сонца». Я нарадзіўся ў Мінску і памятаю, як яго будавалі. Гэта быў сапраўдны цуд! Праспект Незалежнасці — дасягненне савецкай архітэктуры і ўяўляе сабой арганічны цэласны ансамбль, пабудаваны па адзінай задуме знакамітымі рускімі і беларускімі архітэктарамі.

Вядома, праспект трэба захоўваць, рэстаўраваць яго гістарычную забудову. Паводле першых генпланаў, ён павінен быў ісці да цяперашняй Нацыянальнай бібліятэкі і заканчвацца ўрачыстай плошчай. Увогуле, праспект Незалежнасці задумваўся для ўрачыстых шэсцяў. Унутраная яго прастора — пампезная, святочная, велічная. І абстаўлена як прафесійна выкананая дэкарацыя будучага багацця, шчаслівага і заможнага жыцця. Гэтая прастора ўдалая па сваіх памерах, таму прыцягвае ўвагу. Такая архітэктура ў нейкай ступені ўзвышае чалавека. Несумненна, праспект — візітная картка Мінска, Беларусі.

— Чые архітэктурныя праекты савецкага перыяду вы б адзначылі?

— Кажучы пра нашу сталіцу, нельга не ўзгадаць дойліда з вялікай літары Іосіфа Лангбарда, ураджэнца польскага горада Бельск-Падляшскага. Менавіта ў Мінску расквітнела яго творчасць. Ён стварыў цудоўныя будынкі ў стылі мадэрнізму, манументальнага канструктывізму, выдатныя мастацкія ансамблі: Дом афіцэраў, рэзідэнцыя прэзідэнта, прэзідыум Акадэміі навук, тэатр оперы і балета, Дом ураду. Таксама ўдалая пабудова ў стылі канструктывізму — былая «Ленінка», якая належыць архітэктару Георгію Лаўрову. Якасны канструктывізм — фабрыка-кухня ў раёне плошчы Незалежнасці таго ж дойліда, будынак абсерваторыі на праспекце Незалежнасці. Усе яны ўнеслі ў аблічча горада цікавыя канструктывісцкія рысы. Варта заўважыць, што найбуйнейшым горадам Беларусі з багатай спадчынай да савецкага часу быў Віцебск. Але каток барацьбы з рэлігіяй прайшоўся па ім яшчэ мацней, чым у Мінску. Пасля вайны Віцебск страціў амаль усе свае знакамітыя саборы.

— Што трэба зрабіць для надання Мінску, іншым старажытным гарадам большай, як некалі заўважыў дойлід Казіс Керуціс, «паціны часу»?

— У Мінску трэба больш дакладна папрацаваць над ядром, захаваць лангбардаўскую спадчыну і папулярызаваць яе, зберагчы канструктывізм Лаўрова, пабудовы савецкай эпохі, пасёлак трактарнага завода, архітэктурны ансамбль насупраць кінастудыі «Беларусьфільм». Патрабуе ўвагі і прамысловая спадчына — будынак завода «Крышталь» і іншыя, як тое робіцца ў Даніі, Германіі, Польшчы. Напрыклад, у Кракаве піўзаводы аддаюць пад буйныя крамы, дзе на вачах наведвальнікаў вараць піва. Пры гэтым не разбураюць старую цагляную архітэктуру, захоўваюць дух таго часу.

Яшчэ нядрэнна было б паклапаціцца пра тэхнічна-прамысловую спадчыну: старыя агрэгаты, воданапорныя вежы. Гідраэлектрастанцыя ў гатычным стылі на беразе Свіслачы вельмі добра ўпісвалася ў панараму і ландшафт. Там можна было б размясціць грамадскі будынак, звязаны з паркам Горкага.

У нас не заўсёды думаюць пра выгляд горада. Калі ствараецца на канкрэтным месцы нешта, што па сваіх мастацкіх якасцях і ўсім астатнім пераўзыходзіць пабудаванае раней, гэта — развіццё, гэта добра. А калі ж проста зносяць і ўзводзяць новае, то ці варта такое рабіць? Да ўсяго трэба падыходзіць вельмі тактоўна. Тое ж тычыцца іншых мясцін Беларусі. У свой час граф Румянцаў пабудаваў Гомель — ідэальны горад эпохі Асветніцтва. Спадчыне Гомеля прысвечана мая кніга. Сёння, на жаль, многае ў ім не захавалася. Страчана аўтэнтыка. У нас іншы раз глядзяць на рэстаўрацыю спрошчана: зносяць стары будынак, бо зроблены ён са старых матэрыялаў, і ўзводзяць так званы «навабуд». Але ж рэстаўрацыя — гэта цэлая індустрыя. Тут павінны працаваць спецыяльныя будаўнікі і спецыяльныя архітэктарырэстаўратары, мастакі, скульптары, рамеснікі… Вось яшчэ адзін прыклад. Аўтавакзал «Маскоўскі» — помнік свайго часу, і даволі яркі. За яго архітэктару далі Дзяржпрэмію. Гэта амаль адзіны ў краіне будынак, у якім былі ўжыты сучасныя вантавыя канструкцыі. І можна было яго захаваць...

На мой погляд, цікавасць выклікала б і прыцягненне ўвагі да забудовы часоў Хрушчова — савецкага мадэрнізму. Ёсць вельмі добры ансамбль на бульвары Талбухіна. Ён быў зроблены цэласна, прафесійна. Пасляваенны раён Асмолаўка, які знаходзіцца побач з оперным тэатрам, — таксама вельмі характэрны. Ён цэласна забудаваны. Тады былі папулярныя гарады-сады з сядзібнымі маленькімі двухпавярховымі дамамі. У раёне вуліцы Захарава таксама захавалася цікавая забудова. Там размяшчаецца прадстаўнічы Дом дружбы, які спраектаваў дойлід Георгій Заборскі.

— Вернемся да старога цэнтра Мінска. Калі праводзілі трасу па Нямізе, разбурылі найцікавейшы барочны квартал. А можна было б яго захаваць, а магістраль правесці ў абыход па цяперашнім праспекце Пераможцаў, вуліцах Мельнікайтэ і Раманаўская слабада?

— Тады для горада патрэбна была траса. У еўрапейскіх гарадах у стары цэнтр забаронена ўязджаць на транспарце. Трэба было ўжо тады ўлічваць падобныя акалічнасці. Нямігу магчыма аднавіць, як і структуру квартала з яго вузкімі вуліцамі. Можа, у будучыні знойдуцца сродкі і на яе аднаўленне, і на адраджэнне страчаных вуліц у Верхнім горадзе, і на Дамініканскі сабор, іншыя выдатныя гістарычныя будынкі сталіцы.

Траецкі квартал Мінска — вельмі цікавы старадаўні куток. А вось на месцы опернага тэатра стаяў калісьці велічны касцёл, знаходзіўся маляўніча апісаны ў творах нашых пісьменнікаў кірмаш, прыгожы Траецкі манастыр базыльянак. У 1834 годзе па праекце архітэктара Казіміра Хрышчановіча манастыр перабудавалі пад гарадскі шпіталь, таму што ўсе лекавыя ўстановы ў Еўропе таго часу адкрылі ў кляштарах. Пазней у манастырскіх сценах размясцілася 2-я гарадская клінічная бальніца. У прынцыпе, гэта месца можна і трэба было б аднавіць, адкрыць у ім карцінную галерэю, музей. У былым кляштары, між іншым, захаваліся на сценах каштоўныя старадаўнія фрэскі. Гораду варта было падумаць над рэстаўрацыяй.

У архівах ёсць чарцяжы Траецкага манастыра базыльянак. Пры рэстаўрацыі неабходна карыстацца прадуманай канцэпцыяй. Калі нарадзілася нешта цікавае ў працэсе конкурсу ідэй — добра, бо творчае спаборніцтва павышае якасць архітэктуры. Потым і фінансы знойдуцца. Чаму б на эскіз-ідэю, скажам, не вылучыць тры прэміі? Горад бы выдаткаваў невялікую суму на ганарары. Праекты б з’явіліся, а потым і інвестары знайшліся б. Манастырскія будынкі неабходна захоўваць як гісторыю. Тое ж датычыцца і драўлянай забудовы нашых гарадоў. Да яе трэба больш ашчадна ставіцца.

— Што неабходна змяніць у падыходах да рэстаўрацыі?

— Не вынаходзіць ровар, а ставіцца так, як ставяцца да гэтага пытання ва ўсім свеце. Каб аднавіць стары цэнтр, трэба правесці навуковыя і архітэктурныя даследаванні, абвясціць конкурс на лепшы праект, прапісаць гэта ў законе. Любы дойлід любой краіны можа ўдзельнічаць у такім спаборніцтве. Выбіраецца лепшае рашэнне. Да далейшай працы можна прыцягваць мясцовых спецыялістаў. А выдаткі могуць быць не такія ўжо і вялікія, як прынята думаць.

— Асобная тэма — старадаўнія рынкавыя плошчы. Пакуль мы не можам пахваліцца тым, што яны адноўлены ў поўным аб’ёме.

— Так, тут спатрэбіцца шмат папрацаваць. Многія беларускія гарады маюць патрэбу ў аднаўленні рынкавых, ратушных плошчаў. У нашым унікальным Нясвіжы, пабудаваным князямі Радзівіламі як лабірынт, сёе-тое захавалася на рынкавай плошчы. Але яна патрабуе поўнага аднаўлення. Тое ж датычыцца Навагрудка, Слоніма, Ружанаў, Паставаў, Гальшан. Нашы студэнты і іх калегі з Беластока падрыхтавалі цікавыя праекты на тэму аднаўлення і рэканструкцыі плошчаў беларускіх гарадоў. Гэтыя работы вартыя ўвагі.

Існу е праблема заказчыка. На рэстаўрацыю патрабуецца шмат фінансаў. Трэба прыцягваць спонсараў і рабіць гэта ўмела. Можна аддаць аб’ект у прыватныя рукі. Польскі прафесар Марэк Квяткоўскі, былы дырэктар каралеўскага замка «Лазенкі», узяў «на парукі» старую сядзібу. Ён жыве ў гэтай прыгажосці, захоўвае інтэр’еры, праводзіць экскурсіі. Дзяржава дапамагае яму, выдаткоўвае сродкі на ацяпленне. І будынак не гіне. Трэба шукаць разумныя рашэнні.

У нас, у Жалудку, разбураецца цудоўны палац. Можа, варта на месцах ствараць больш умоў для ініцыятывы. Кіраўнікі на ўсіх узроўнях павінны прыслухоўвацца да мудрых і прынцыповых экспертаў, як гэта адбываецца ў Польшчы. Бо не заўсёды архітэктары робяць тое, што трэба. Неабходна слухаць і чуць адзін аднаго, улічваць меркаванне грамадскасці, аўтарытэтных спецыялістаў. Такі падыход існуе ў Італіі, Даніі, Швецыі, Германіі і інш. Мусіць, трэба аднавіць, скажам, шэсць дамоў пад нумарамі 103 — 113 па праспекце Незалежнасці. Знешні выгляд, фасады неабходна захаваць. Калі існавалі цікавыя малыя формы ў дварах, то павінны быць адноўлены прыкладна ў тым выглядзе, якія мелі першапачаткова. У архівах ёсць чарцяжы. Такія дамы трэба захаваць як жыллёвыя аб’екты і стварыць для людзей неабходныя ўмовы для нармальнага жыцця — зрабіць усё прафесійна.

Наталія НАДЗЯЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?