Вы тут

Па драбніцах


Без падзелу на правінцыю і сталіцу

У кожным куточку Беларусі ёсць свае славутасці і адметнасці, але часам ім не хапае ўвагі, акцэнту, своеасаблівай аправы, якая падкрэсліла б вартасці. Так разважаў мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, калі вырашыў прадставіць у Мар’інай Горцы свой мастацкі праект «Ад Залатой Горкі да Мар’інай Горкі».

— Я ўжо восьмы год супрацоўнічаю з краязнаўчым музеем, працую з дзеткамі, што вучацца ў школе мастацтваў, арганізоўваю выстаўкі, — гаворыць Яўген Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў. — Гэтая выстаўка з накідаў, нататнікаў падарожжаў. Работы прысвечаныя Мар’інай Горцы, тым яе кропачкам, дзе ёсць пэўная гісторыя культуры, якія ўтрымліваюць асаблівую атмасферу, звязаную ці то са славутым мастаком Генрыхам Вейсенгофам, ці то з нашымі сучаснікамі, такімі, як Ігар Лучанок. Для мяне важна, што маленькі горад, а ёсць у ім свой культурны асяродак.

Невыпадкова, што напачатку ХХ стагоддзя ў гэтыя мясціны, на радзіму маці, прыехаў вядомы мастак, прадстаўнік піцерскай школы Генрых Вейсенгоф. Тут ён працаваў 13 гадоў як мастак, калекцыянер, збіральнік беларускіх каштоўнасцей. Яўген Шунейка даўно хацеў прыцягнуць увагу да яго творчасці. Таму твор «Генрых Вейсенгоф на зімовых эцюдах у Русаковічах» скіроўвае да вядомага пейзажа «Зіма». Некалі Вейсенгоф атрымаў на выстаўцы ў Парыжы Гранпры за зімовыя краявіды з празрыстым снегам. Парыжскі поспех мастака не ўтрымаў, ён вярнуўся на радзіму. Яўген Шунейка вырашыў пастэллю намаляваць дыван, каб перадаць асаблівасць творчасці майстра на падставе матыву самога ж Вейсенгофа.

Пасля дэманстрацыі ў Мар’інай Горцы выстаўку маюць намер правесці па раёне. А ў маі аўтар спадзяецца на працяг у выглядзе адмысловага праекта, прысвечанага Генрыху Вейсенгофу. Да працы могуць далучыцца іншыя мастакі.

— Я не столькі мастак, колькі педагог і мастацкі крытык. Але я запаўняю вакуум, — прызнаецца Яўген Шунейка. — Нашы веды па гісторыі на месцы не стаяць. Мастацтва павінна абуджаць грамадства, паказваць, як яно развівалася гістарычна. Як крытык я спрабую актуалізаваць гэтую праблематыку. Гэта выстаўка павінна ў раёне ажывіць цікавасць да мастака Вейсенгофа. Для мастакоў гэта асоба выключная, як і Рушчыц. Прапаганда яго творчасці відавочная, таму што ёсць што паказаць. І для Пухавіцкага раёна важна, каб былі дыялогі творцаў з публікай. Я бачу ўражанне людзей, якія мала далучаныя да нашай гісторыі культуры: школьнікі, простыя мясцовыя жыхары прагнуць адкрыццяў. Ведаю, з якім імпэтам некалькі гадоў мастакі з Піцера і Масквы едуць у Пружаны і праводзяць там пленер памяці Станіслава Жукоўскага і як іх цудоўна там прымаюць людзі, як чула рэагуюць на іх працу. Насамрэч гэта натуральна, таму што культура ў былыя часы не была сканцэнтраваная толькі ў сталіцы. Яна была размеркаваная па маёнтках, шляхецкіх сядзібах, мястэчках. І цяпер трэба падтрымліваць жыццё мястэчак — у нейкім сэнсе мы вяртаем драбніцы арыстакратычных традыцый, якія могуць сілкаваць культуру сучаснасці.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».