Вы тут

Тыдзень «маладзёжнай» крытыкі


Нядаўна Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр прымаў тэатразнаўцаў і тэатральных крытыкаў з Расіі і Беларусі, якія на працягу тыдня глядзелі прапанаваныя спектаклі і абмяркоўвалі ўбачанае.

Апошнім часам у Маладзёжным некалькі дзясяткаў новых рэжысёраў, пад дзясятак прэм’ер за год, частыя гастролі ў Расію і Прыбалтыку, свабода ад страхаў у эксперыментах. Аднак ці ўсё гэта апраўдана?

— Мы вырашылі зрабіць тыдзень крытыкі, — тлумачыць дырэктар БДМТ Віктар Старавойтаў. — Нам важна ведаць дакладна, куды тэатр рухаецца. Мы заўсёды ў творчым працэсе, таму вельмі патрэбны погляд збоку.

Асэнсоўваць недахопы і вызначаць моцныя бакі дапамагалі расійскія тэатральныя крытыкі Наталля Старасельская, Алена Глебава, беларускія — Таццяна Арлова і Людміла Грамыка. За 7 дзён крытыкі паглядзелі 8 прадстаўленых спектакляў Маладзёжнага тэатра.

Шэкспіраўскі «Сон у летнюю ноч» у інтэрпрэтацыі Іскандэра Сакаева выклікаў неразуменне рэжысёрскіх задач і прыёмаў. Наталля Старасельская казала пра бессэнсоўнасць спектакля і недарэчнасць біямеханікі Меерхольда, якая выкарыстоўваецца ва ўсіх спектаклях Сакаева. Аднак Людміла Грамыка падтрымала спектакль Сакаева: рэжысёр дасягае эфектнага адзінства формы і зместу, а такія практыкі надзвычай карысныя для акцёраў.

Спектакль Міхаіла Ягорава «Аркестр» аднагалосна выклікаў рэзкае непрыманне. Закранулі ўсе моманты: ад дэкарацый і прасторы (малая зала) да выстройвання мізансцэн. Але тэатразнаўцы адзначылі, што акцёры тут працуюць настолькі чэсна, што хочацца, каб яны ўсё ж такі адышлі ад першачарговай рэжысёрскай задачы…

Першая рэжысёрская праца Дзмітрыя Багаслаўскага «Саша, вынесі смецце» сфарміравала роўна процілеглы погляд як у беларускіх, так і расійскіх крытыкаў. Паводле Наталлі Старасельскай, у гэтым спектаклі ёсць усё: ад правільнага выбару прасторы, якая дае больш магчымасцяў, чым вялікая сцэна, да цэлай хвалі пачуццяў, якія маюць у тэатры найвялікшую каштоўнасць. Таццяна Арлова адзначыла простасць мовы і мастацкіх прыёмаў, якія падкупляюць гледачоў чуллівасцю і шчырасцю.

Аднак «Dreamworks» у пастаноўцы Багаслаўскага не выклікаў замілаванасці ні ў расійскіх крытыкаў, ні ў Таццяны Арловай. Тэатразнаўцы адзначылі абсалютную пустэчу на працягу 3-х гадзін. З гэтым не пагадзілася Людміла Грамыка, якая адзначыла актуальнасць спектакля, набліжанасць да сённяшняга часу і новы спосаб камунікацыі з гледачамі. Для яе «Dreamworks» стаў яшчэ адным крокам у фарміраванні новага тэатральнага асяродка.

Меркаванні падзяліліся і наконт «Кар’еры Чалясціна» ў пастаноўцы Мадэста Абрамава, і наконт «Дзяцей Ванюшына» рэжысёра Вікторыі Лугавой. Першае не прыняла Людміла Грамыка з-за надта спрошчанай перадачы рэжысёрскай задумы і празмернага тэатральнага пафасу. Другое не зацікавіла Таццяну Арлову: з самага пачатку спектакля ўсе рэжысёрскія прыёмы і сімвалы працуюць супраць драматургічнага матэрыялу. Наталля Старасельская і Алена Глебава адзначылі абодва спектаклі як тыя, на якія хочацца прыходзіць яшчэ, толькі да «Дзяцей Ванюшына» давядзецца рыхтавацца маральна.

«Саня, Ваня, з імі Рымас» быў разгледжаны Людмілай Грамыка з усёй строгасцю: недастатковая асэнсаванасць не толькі рэжысёрскай працы, але і працы мастака-пастаноўшчыка. У той жа час Наталля Старасельская і Таццяна Арлова адзначылі простасць і лёгкасць пастаноўкі, чаго было няпроста дамагчыся пры даволі складанай тэме драматургічнага матэрыялу.

Пастаноўку Генадзя Мушперта «Дваяжэнец» адзначылі як добрую ў большай ступені за кошт моцных акцёрскіх работ, чым рэжысёрскай працы. Беларускі крытык Людміла Грамыка адзначыла:

— Цяпер амаль усе беларускія тэатры існуюць паасобку, кожны сядзяць за сваім плотам, прынамсі, многія думаюць, што, калі тэатр ёсць, прэм’еры адбываюцца, гэта ўжо поспех. Мастацкія вынікі амаль нікога не цікавяць. Апошнім часам я з надзеяй назіраю за двума мінскімі тэатрамі — РТБД і Маладзёжным.

Вольга СТАРАВОЙТАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.