Вы тут

Каардынаты беларушчыны


Паэт Алесь Разанаў у адной са сваіх філасафемаў заўважыў: «Беларускай філасофіі не маем. Маем філосафаў, якія жылі і жывуць у Беларусі, аднак сам лад і склад іхняга мыслення не ўзышоў унутры “глебы”, не апладніўся ёю, а таму не самабытны. “Глеба” дае ўнікальныя магчымасці быць не толькі інтэрпрэтатарам чыіхсьці ўзораў мыслення, а — творцам сваіх… А пакуль па-ранейшаму беларускай філасофіі больш у беларускім мастацтве, у літаратуры, чым у самой філасофіі».


Гэтую думку сёння падзяляюць шмат якія літаратуразнаўцы, схільныя бачыць літаратуру як практычную форму духоўнага адраджэння. Дый само літаратуразнаўства спрабуе выходзіць на якасна новы ўзровень асэнсавання нацыянальнага прыгожага пісьменства. Сёння яно імкнецца аналізаваць не толькі мастацкаэстэтычныя якасці тэкстаў, але й займаецца даследаваннем «асноватворных пытанняў тут-быцця нацыі, пададзеных у мастацкай літаратуры, нацыянальнаэтычных асноў творчасці беларускіх пісьменнікаў, спецыфікі нацыянальнага, канцэпцыі нацыянальнага шляху, сфармуляваных у мастацкіх, публіцыстычных, крытычных тэкстах». Менавіта такім — нацыяцэнтрычным — бачыцца сучасная беларуская навука пра літаратуру даследчыцы А. М. Мельнікавай, пра што яна піша ва ўводзінах сваёй новай кнігі «Нацыянальнасветапоглядныя каардынаты беларускай літаратуры першай трэці ХХ стагоддзя».

Больш за тое, менавіта даследаванні праблемы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, як мяркуе даследчыца, з’яўляюцца сёння прыярытэтным напрамкам літаратуразнаўства. Сваю выснову Мельнікава тлумачыць тым, што сёння, «у часы глабалізацыі, з асаблівай вастрынёй паўстае пытанне захавання нацыянальнага культурнага кода, нацыянальнай ідэнтычнасці», бо «глабалізацыя так званымі малымі народамі ўспрымаецца як сучасная форма палітычнай і культурнай агрэсіі». З гэтым меркаваннем немагчыма не пагадзіцца, бо менавіта цяпер мы можам назіраць даволі яркі момант уздыму цікавасці беларусаў да ўласнага нацыянальнага кода. Гэтая цікавасць аб’ядноўвае абсалютна розныя праявы — нашэнне вышымаек, наведванне моўных курсаў, стварэнне спеўных суполак і вяртанне беларускамоўнага чытача, які яшчэ зусім нядаўна быў на мяжы вымірання.

Разам з тым, трэба адзначыць, што вывучэнне нацыянальнага светапогляду праз даследаванне мастацкай літаратуры пачалося не сёння. Цікавасць да нацыянальнай праблематыкі звязаная ў першую чаргу з тым, што Беларусь у 1990 годзе атрымала дзяржаўную незалежнасць. Ужо ў 1997 годзе выходзіць адна з самых філасофскіх кніг беларускага літаратуразнаўства — «Нацыянальная ідэя ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя» Л. Я. Гараніна. Кніга прысвечаная вывучэнню шляхоў станаўлення і развіцця нацыянальнай ідэі ў беларускай літаратуры і форм яе мастацка-вобразнага выяўлення ў паэзіі, прозе і драматургіі пачатку ХХ стагоддзя. Сёння можна без перабольшання гаварыць пра тое, што ў Беларусі нацыяцэнтрычныя работы складаюць даволі выразны кірунак навукі пра літаратуру.

Праца А. М. Мельнікавай вылучаецца на фоне папярэднікаў перш за ўсё навізной метадалагічных падыходаў. Імёны прадстаўнікоў постнекласічнага падыходу да разумення паняцця нацыі — Б. Андэрсана, Э. Саіда, Х. Бхахба, Ю. Хабермаса — тут не для «галачкі». Гэта рэальна імёны тых, хто паўплываў на разуменне нацыянальнай праблематыкі, гэтак жа, як і Р. Барт, чыё вызначэнне паняцця «код» Мельнікава прымае як працоўнае. Зноў жа, зварот да праблемы нацыянальнай ідэнтычнасці аўтаматычна выводзіць даследаванне на міждысцыплінарны ўзровень, ці, па словах самой даследчыцы, «на метатэорыю і плюралістычную метадалогію». Аўтарка звяртаецца да прынцыпова новых падыходаў у літаратуразнаўчых даследаваннях — а менавіта да «кампаратыўных культуральных штудыяў, якія выкарыстоўваюць метады розных гуманітарных дысцыплін». Пры гэтым даследчыца не губляе з поля зроку галоўнае пытанне, а менавіта нацыяўсведамленне. Цяжка не пагадзіцца з А. М. Мельнікавай, калі яна сцвярджае, што «сусветныя навуковыя стратэгіі і методыку варта пераасэнсоўваць з улікам уласных патрэб».

У кнізе глыбока прааналізаваныя найбольш важныя набыткі ў галіне асэнсавання нацыянальнай спецыфікі, якія належаць уласна беларускаму літаратуразнаўству (глава «Літаратуразнаўчая рэцэпцыя нацыянальнай спецыфікі беларускага мастацкага слова»). Трэба адзначыць, што А. М. Мельнікава і тут застаецца вернай прынцыпу навуковай навізны і не баіцца называць у якасці аўтарытэтаў імёны аўтараў, многія з якіх практычна не згадваліся папярэднікамі. Тое ж можна сказаць і пра главу «Канцэптуалізацыя нацыянальнага ў крытыцы і публіцыстыцы першай трэці ХХ стагоддзя», хоць тут імёны больш звыклыя: В. Ластоўскі, А. Луцкевіч, С. Палуян, М. Гарэцкі, Ул. Жылка, А. Уласаў, Ул. Самойла, Я. Лёсік, А. Цвікевіч, Ф. Шантыр.

У главе «Мастацкая мадэль нацыянальнага быцця ў беларускай прозе першай трэці ХХ стагоддзя» аўтарка звяртаецца да міфапаэтычнага аспекту асэнсавання нацыянальнага. Гэты міф, па сведчанні даследчыцы, трымаецца на пастулаце пра наяўнасць у нацыі своеасаблівага міфалагізаванага ўяўлення пра свет. У сваіх даследаваннях А. М. Мельнікава абапіраецца на тэорыю міфа, распрацаваную Р. Бартам у «Міфалогіях», разглядаючы міф як «семіялагічную сістэму, якая прэтэндуе на тое, каб ператварыцца ў сістэму фактаў».

Аповед пра тое, як стваралася нацыянальная міфалогія беларусаў, аўтарка пачынае з «Кароткай гісторыі Беларусі» В. Ластоўскага, слушна заўважаючы, што Ластоўскі прыклаў немалыя намаганні, каб стварыць вобраз высокаразвітой крыўскай цывілізацыі. Аднак узнікае заканамернае пытанне: чаму адлік міфастваральнікаў пачынаецца з Ластоўскага, а, прыкладам, не з Адама Кіркора? Зразумела, што ў кнізе гаворка вядзецца пра тэксты першай трэці ХХ стагоддзя, аднак яны ўзніклі не на пустым месцы, і тут было б да месца, хаця б пункцірна, апісаць сітуацыю. Акрамя вышэйпамянёнай «Кароткай гісторыі Беларусі» аўтарка згадвае «Лабірынты» В. Ластоўскага, апавяданні і аповесці М. Гарэцкага, паэму «Новая зямля» і трылогію «На ростанях» Якуба Коласа, п’есу «Тутэйшыя» Янкі Купалы, апавяданні і раманы Кузьмы Чорнага, «Сцежкі-дарожкі» М. Зарэцкага — усе тыя творы, якія, па вызначэнні даследчыцы, сталі «падмуркам, на якім развівалася беларуская проза наступных перыядаў».

У главе «Нацыянальны светапогляд праз прызму літаратуры» А. М. Мельнікава спрабуе апісаць маральныя каштоўнасці, філасофію жыцця, быццёвасць мыслення беларусаў у тым адлюстраванні, у якім яны падаюцца ў творах пісьменнікаў першай трэці мінулага стагоддзя. Глава пачынаецца са сцвярджэння, што «мастацкі тэкст як прадукт нацыянальнага з’яўляецца каштоўным матэрыялам для даследаванняў асаблівасцей мыслення, псіхікі, ментальнасці пэўнай нацыі, нацыянальнага тэмпераменту». Аўтарка пераканаўча даводзіць слушнасць гэтай тэзы, хоць, канешне, хочацца ўдакладніць, што «прадуктам нацыянальнага», асабіста на наш погляд, мастацкі твор становіцца ці не ў апошнюю чаргу. Бо ў першую чаргу мастацкі твор — гэта вынік маральнаэстэтычнага і, у нечым, наднацыянальнага выбару.

Зразумела, што, даследуючы вобраз зямлі як цэнтра нацыянальных каардынат беларусаў, аўтарка не магла не абысціся без аналізу паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа і рамана «Зямля» Кузьмы Чорнага, якія даследчыцы бачацца як парныя, бо маюць агульны лейтматыў «зямля-карміцелька». Цікавыя й развагі пра ўплыў паганства на станаўленне беларускай ментальнасці.

У главе «Мастацкая гістарыясофія беларускай літаратуры» аўтарка засяроджваецца на «драматызме часу», разважае над гістарычным лёсам беларусаў праз прызму твораў М. Гарэцкага і Кузьмы Чорнага. Тут трэба патлумачыць, што пад гістарыясофіяй у літаратуры даследчыца разумее «комплекс гістарыясофскіх праблем і ідэй, увасобленых у мастацка-вобразнай форме», а пад мастацкай гістарыясофіяй — «не дакументальнае ўзнаўленне гістарычных падзей, а іх эстэтычную і інтэлектуальную інтэрпрэтацыю». Даследчыца тлумачыць патрэбу ва ўвядзенні гэтага тэрміна наступным чынам: «Сутнасць і значэнне мастацкай гістарыясофіі заключаецца ў тым, што мастацтва слова здольнае ахапіць для асэнсавання тыя сферы, якія не даступныя навуковаму аналізу: сувязь гістарычных працэсаў і лёсу асобнага чалавека, залежнасць культурна-этычных нормаў супольнасці ад канкрэтнага часу». Выснова А. М. Мельнікавай пра нацыяахоўную скіраванасць мастацкай гістарыясофіі беларускай літаратуры не толькі слушная, але і добра аргументаваная.

Глава «Канцэпцыя асобы ў беларускай прозе першай трэці ХХ стагоддзя» грунтуецца на перакананні, што «паказчыкам сталасці літаратуры з’яўляецца наяўнасць твораў філасофскага зместу, твораў, дзе асэнсоўваюцца так званыя адвечныя пытанні: сутнасці і прызначэння чалавека, характару і мэтаў яго імкненняў». З гэтым цяжка не пагадзіцца. Аднак усё ж не варта забываць, што ў кнізе разглядаюцца творы беларускай літаратуры вельмі канкрэтнага часавага прамежку, а менавіта 1910 — 1940 гадоў. Атрымліваецца, што якраз гэты перыяд і ёсць перыяд сталасці, бо, як сцвярджае даследчыца, менавіта тады ўзмацнілася філасофскае гучанне беларускай літаратуры. Як чалавек, які даследуе іншы часавы адрэзак, скажу, што зварот да праблем чалавека, ці антропацэнтрычнасць, — рыса, характэрная для ўсёй літаратуры ХХ стагоддзя. І кожны з навукоўцаў, закаханых у сваю тэму, лічыць, што менавіта «яго перыяд» — вяршыня развіцця, росквіт магчымасцяў і відавочная сталасць. Але такая апантанасць прадметам сваіх доследаў у прынцыпе — рыса вельмі сімпатычная.

Сваю канцэпцыю асобы аўтарка кнігі выбудоўвае на падставе твораў Якуба Коласа, М. Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, прычым паказвае праблему чалавека ў дынаміцы: «Калі ў час стварэння “У палескай глушы” Якуба Коласа і аповесцях М. Гарэцкага актуальнымі з’яўляліся праблемы абуджэння народа, усведамлення інтэлігенцыяй сваёй ролі ў гэтым працэсе, то ў час стварэння рамана “Сястра” — сцвярджэнне права на роздум, уласны погляд. Калі для Андрэя Лабановіча і Лявона Задумы вызначальнае — усведамленне і пошук шляхоў свайго слугавання народу, то для герояў Кузьмы Чорнага актуальным становіцца захаванне аўтаномнасці сваёй асобы, сцвярджэнне самакаштоўнасці чалавека».

Кніга «Нацыянальна-светапоглядныя каардынаты беларускай літаратуры першай трэці ХХ стагоддзя» з’явілася вельмі своечасова. Па-першае, яна адпавядае пажаданням сучасных літаратуразнаўцаў паглыбляць даследаванні ідэйна-філасофскіх кампанентаў беларускай літаратуры паводле нацыянальна-культурных кодаў. Па-другое, яна выводзіць нацыянальнае літаратуразнаўства на якасна новы ўзровень, які з поўным на тое правам можна лічыць міждысцыплінарным. Па-трэцяе, менавіта цяпер каардынаты беларушчыны запатрабаваныя не толькі даследчыкамі літаратуры, але і шырокім грамадскім колам.

Ганна КІСЛІЦЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».