Вы тут

З чыстымі думкамі


Раскрыць міф пра Нямігу і парушыць стэрэатыпы пра беспрытульных

Калектыўныя арт-праекты ў айчыннай мастацкай прасторы становяцца своеасаблівым трэндам. Мастакі знаходзяць актуальныя тэмы, разважаюць пра іх у работах, аналізуюць пытанні, якія паўстаюць у грамадстве. Напрыклад, нядаўна ў Мінску праходзілі праекты, прысвечаныя гендарнай тэматыцы, сацыяльнай бяспецы грамадства, бяздомным жывёлам. Цяпер у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Някрасава, 3) дэманструецца грунтоўны праект-даследаванне «Чысціня і гігіена». Назва адразу схіляе да думак, што выстаўка накіравана на абмеркаванне экалагічных пытанняў, але арганізатары разгледзелі яе больш шырока, з пункту гледжання найперш чысціні духоўнай.

У праекце ўзялі ўдзел адзінаццаць знакамітых беларускай публіцы мастачак, сярод якіх Зоя Луцэвіч, Жанна Капуснікава, Ілона Касабука, Таццяна Радзівілка, Алена Толабава, Алена Шлегель, Вольга Сазыкіна… Аўтары вельмі сур’ёзна паставіліся да рэалізацыі канцэпцыі. У экспазіцыі вы не знойдзеце выпадковых твораў, кожная дэталь экспанатаў абдуманая і аргументаваная. Выстаўка ўяўляе своеасаблівую самапрэзентацыю мастачак, дзе кожная з удзельніц акцэнтуе ўвагу на ўласных каштоўнасных арыенцірах.

Першая зала, куды трапляе глядач, выглядае даволі эфектна. Тут прадстаўлены творы мастачкі Кацярыны Сумаравай, якая аб’яднала жывапісныя творы з крэатыўнымі артаб’ектамі — слоікамі з вадой з розных рэчак і азёр Беларусі.

— За аснову я ўзяла адну з галоўных стыхій — ваду, бо яе можна разумець па-рознаму: можна ў кантэксце хімічнай формулы H2O, а можна — як носьбіт энергіі, чалавечай памяці, — распавядае Кацярына Сумарава. — Такім чынам, глядач сутыкаецца адначасова з экалагічным і духоўным аспектамі. Мне вельмі хацелася зрабіць сімбіёз жывапісу і артаб’ектаў. Мая жывапісная частка — палотны, дзе я ў сутворчасці з вадой даю ёй магчымасць змешвацца, сцякаць з палотнаў. А арт-аб’ект — гэта мая калекцыя вады з Беларусі. Гэта асноўная палітра нашых водных рэсурсаў, рэзерваў. Але рэзервы я разглядаю не толькі як стратэгічны, эканамічны ці экалагічны фактар, для мяне ўсё ж такі гэта памяць, паэзія, музыка, натхненне… Кожны, хто падыходзіць да сваёй рэчкі дзяцінства, юнацтва, сталасці, зможа ўспомніць пра нешта роднае, блізкае. Ваду я збірала на працягу апошніх дзесяці дзён, мне перадавалі яе праз трэція, нават чацвёртыя рукі. Вельмі важна было знайсці раку Нямігу. Дажыўшы да сённяшніх дзён, я ўсё ж такі раскрыла гэты міф: на жаль, ракі Нямігі больш няма. Яе проста не існуе, яна сышла даўно. А ў калектары на Нямізе проста талая і дажджавая вада, таму слоік з подпісам Няміга пакінуты пустым.

Некаторыя аўтары лічаць духоўнай чысцінёй свабоду ад абмежаванняў, грамадскіх стэрэатыпаў, звычак і правіл. Так, мастачка Марта Шматава вельмі цікава акрэсліла ўласны пункт гледжання: свае творы аўтар прысвяціла беспрытульным. Герояў знаходзіла выпадкова: падыходзіла на вуліцы і пачынала ненадакучлівую размову, падчас якой пытала пра дзяцінства, самыя шчаслівыя моманты жыцця. Мастачка кажа, што гэтыя людзі кранаюць бездапаможнасцю і несапсаванасцю працэсамі цывілізацыі, яны абсалютна інакш успрымаюць наваколле, пахі, музыку…

— Прадмет майго даследавання — частка дэвіянтнай групы, якая асацыюецца якраз з адсутнасцю чысціні і гігіены, — людзі без пэўнага месца жыхарства, — адзначае Марта Шматава. — У кожнага з іх было дзяцінства — перыяд, які з’яўляецца самым чыстым, непаўторным. Некаторыя з маіх герояў і сёння нагадваюць дзяцей: кранальныя ў сваёй бездапаможнасці, наіўнасці. Іншыя — далёкія ад наіўнасці, з адбіткам няпростага лёсу, але таксама ў стане безвыходнасці. Мой прыём — сумяшчэнне несумяшчальнага, стварэнне новага кантэксту праз аб’яднанне кантэкстаў, якія не перакрыжоўваюцца ў свядомасці. Такім чынам, мой праект адносіцца да сацыяльнага мастацтва, аб’ядноўвае разнародавыя і несумяшчальныя эстэтычныя феномены: традыцыйную форму, актуальны змест і лірызм.

А вось для мастачкі Галіны Раманавай чысціня заключаецца ў пазбаўленні ад мінулага, сумнага, ад таго, што калісьці, можа, і забываецца, а пасля нарастае як снежны ком у душы і не дае магчымасці спакойна дыхаць і жыць. Аўтар перакананая: для мастака эквівалент памяці — творчасць, у якой можна пакідаць думкі і вяртацца толькі ў момант моцнай патрэбы. Праз сваю творчасць Галіна Раманава шукае адказы на пытанні, наколькі запатрабаваныя мастак і мастацтва ў сучасным свеце і ці патрэбна нашаму грамадству творчая чысціня.

Вельмі захапляе мастацкая частка праекта, падрыхтаваная Таццянай Кандраценка. Яна разважае над пытаннямі доксы — агульнапрынятымі меркаваннямі ды клішэ. Мастачка раскрывае тэму не праз творы, а праз таннае мыла, набытае спецыяльна ў «Еўраопце». Пад усімі кавалкамі змешчана тлумачэнне, што такое кожная з васьмі прадэманстраваных доксаў. Аўтар стварыла своеасаблівае навуковае даследаванне: падзяліла мыла на спажывецкае, бюракратычнае, гендарнае, рэлігійнае, школьнае…. Кожны кавалачак адзначаны сваім сэнсавым колерам. Дастаткова дыялагічная атрымалася пляцоўка, дзе кожны чалавек можа альбо прыняць, альбо адмовіцца ад прадстаўленых аргументаў. Але ж мыла — прамая метафара ачышчэння.

Праект можна лічыць удалым ужо толькі таму, што кожны дзень ён збірае вялікую колькасць гледачоў. Жаночы погляд на душэўную чысціню моцна кранае: нельга казаць пра ілюстрацыю і раскрыццё літаральнага сэнсу паняцця «гігіена», тут хутчэй адбываецца пошук першаснага, ідэальнага, незамутненага і незасмечанага вобраза. Каштоўнасць выстаўкі ў тым, што праект кожнай мастачкі размешчаны ў асобным пакоі. Калі ты трапляеш з адной залы ў іншую, адчуваеш, як фарміруецца ўласнае меркаванне, знаходзіш для сябе дэталі, якія могуць надалей стаць прынцыпамі жыцця. Мастачкі запрашаюць аматараў канцэптуальнай творчасці і прымаюць не толькі падзякі, але і крытыку, без якой, безумоўна, развіццё мастацтва немагчымае.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.