Вы тут

«Сцвярджэнне літаратуры — гэта не адно нобелеўскія фанфары...»


(да артыкула «Слова ў абарону крылатае душы...» («ЛіМ» № 11, І. Жук) пра манаграфію І. Штэйнера «Валадар над усім»)

«Голад аказаў вялікі ўплыў на аблічча літаратуры ўвогуле і беларускай літаратуры ў прыватнасці, якой у значнай ступені якраз і не хапала кавалачка мяса, каб сцвердзіцца да канца» (цытата з манаграфіі І. Штэйнера, вакол якой прапаноўвалася палеміка).

Няма сэнсу спрачацца з паважаным аўтарам пра тое, што голад — адно з самых моцных пачуццяў чалавека. Адзін мой герой, калі расказвае пра сваё каханне, ужо не маладое, параўноўвае яго якраз з пачуццём голаду, якое зведаў: «Некалі давялося мне па-сапраўднаму тры дні сядзець галоднаму. Малады яшчэ зусім быў, застаўся без грошай, а знаёмага — ніводнага ў горадзе… І вось на трэці дзень я куды ні йшоў, чым ні займаўся — думаў пра хлеб. Не, нават не думаў — хлеб быў пастаянна ў маёй галаве, ва ўсім! Я чуў яго пах. Адчуваў смак, пальцамі мацаў шурпаты бачок… Не, не трызніў, а вось… са мной той хлеб, са мной неадступна! Дык вось цяпер згадаў я той хлеб — мне ім Верачка стала. Не думаю я пра яе — яна проста са мной і са мной. Дні, тыдні, месяцы і ўжо вось два гады…»

Такім чынам, цалкам я на баку аўтара.

Вось толькі словы пра мяса, якога не хапіла нашай літаратуры, увялі мяне ў ступар, нарадзіўшы не адно пытанне.

Чаму не хапіла?

Чаму наша літаратура не сцверджаная да канца?

Хто і як, чым вызначае гэтае сцверджанне?

Што мае на ўвазе аўтар пад «мясам»?

На маю думку, культура і літаратура, як яе частка, ёсць вынікам агульнага развіцця грамадства. Як кажуць, што можам, тое і маем. Пэўны час наша грамадства ішло па законах, якія ў многім дыктаваліся не эвалюцыйным развіццём, а партыйнай ідэалогіяй. І мы атрымалі ўрэшце не натуральны культурны прадукт, а штучны эрзац, у якім, дзеля справядлівасці адзначым, усё адно знаходзіліся перлінкі сапраўднай мастацкай думкі. Што ўрэшце, хай і запаволена, але развівала літаратуру ў агульначалавечым рэчышчы.

Калі паважаны прафесар кажа пра мяса, якога не хапіла, дык я мяркую, ён кажа якраз пра гэты перыяд. Бо ў наступныя гады, у беспартыйным асяродку, літаратура атрымала выключна ўсё для развіцця: свабоду, магчымасці (інтэрнэт). Іншая справа, што свабода ў нечым падобная да лекаў: трэба ўмець ёй карыстацца…

Ні ў якім разе не магу згадзіцца з тым, што беларуская літаратура не сцвердзілася. Паважаны аўтар сам жа і ўскосна пярэчыць сабе, кажучы такое, бо ў аснове яго працы ўпоравень з сусветнай літаратурай цытуюцца і беларускія творы.

Сцвярджэнне літаратуры — гэта не адно нобелеўскія фанфары… І зусім не нобелеўскія фанфары. Літаратура, як і пісьменнікі, нікому і нічога ў грамадстве не павінныя. Бо, яшчэ раз паўтаруся, літаратура — прадукт развіцця грамадства, а прадукт не можа быць нечым абавязаны яго стваральніку, як дзіця нічым не абавязанае маці за сваё нараджэнне.

Але сам факт існавання літаратуры ёсць паказчыкам нармальнага грамадства.

Чаму наша літаратура сёння вось такая, якая ёсць, пярэстая, недзе разгубленая, не здольная быццам на маштабны твор? Ды толькі таму, што само грамадства пакуль не ўяўляе з сябе цэльны кангламерат, не мае выразнай агульнай ідэі яднання…

Не трэба навязваць літаратуры задач, кшталту адгукацца на выклікі часу і падобнае. Асэнсаванне — праца дзесяцігоддзяў, а не месяцаў ці гадоў. А ў сённяшняй пярэстасці літаратуры якраз і ёсць цалкам адлюстраванне нас саміх…

Загаловак у газеце: Валеры ГАПЕЕЎ: «Сцвярджэнне літаратуры — гэта не адно нобелеўскія фанфары...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.