Вы тут

Час — магілёўскі


Кожны тэкст Віктара Арцем’ева, ці гэта дакументальна-мастацкае апавяданне пра вайну, ці краязнаўчае даследаванне або ўспаміны пра шматлікія сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, падарожныя нарысы, — летапіс роднай магілёўскай старонкі. «Мае творы з жыцця і пра жыццё», — падкрэслівае Віктар Іванавіч. Днямі яму споўнілася 90 гадоў.

З Віктарам Арцем’евым мяне пазнаёміла дачка беларускага паэта Аляксея Пысіна. У творцы, аказалася, ёсць біёграф, які добра ведае падрабязнасці яго жыццёвага шляху. І акурат тыя, што выклікалі маю даследчыцкую цікавасць. Памятаю нашу першую сустрэчу ў Магілёве ўлетку 2004 года: напоўнены жыццёвым рухам, нягледзячы на гады, чалавек; яго няспешная гаворка пра сяброўства з паэтам і шмат кніг у кватэры, сярод якіх — рукапісны альбом з некалькімі дзясяткамі аўтографаў беларускіх пісьменнікаў. Адчулася: Арцем’еў з тых, хто разумее хуткаплыннасць часу і каштоўнасць кожнай (нават самай маленькай!) старонкі мінулага. «Імкнуся пісаць пра тое, што іншыя абыходзяць увагай. Занатоўваю, бо ведаю, што праз дзясяткі гадоў надрукаванае будзе запатрабавана больш, чым сёння», — прызнаецца Віктар Іванавіч.

Актыўна займацца рознымі даследаваннямі Віктар Арцем’еў пачаў у 1990-я гады, калі ўжо назапасіўся жыццёвы досвед, калі адбыліся лёсавызначальныя сустрэчы. Любоў да гісторыі роднага краю прыйшла, відаць, з дзяцінства. Віктар Іванавіч нарадзіўся на хутары Чарэйцаў круг, у маляўнічым кутку на Шклоўшчыне. Аповеды мясцовых старажылаў пра даўніну, вясковыя бываліцы засталіся ў памяці, каб праз шмат гадоў «ажыць» у зборніках краязнаўчых апавяданняў «Чарэйцаў круг», «Цячэ рэчка Бася», «Шчодрасць душы», у кнігах пра матчыну мову «Слоўцы-адмыслоўцы», «Мова родная — беларуская».

Перад вайною Віктар Іванавіч паспеў закончыць Ардацкую сямігодку. Падчас акупацыі зведаў гора, цяжкую працу і жахі перасылачнага канцлагера. Падлеткавыя ўражанні выліліся ў зборнік апавяданняў «Радзішчанскі летапіс вайны», аповесць «Выгнаннікі», кнігу нарысаў «Вайна на свае вочы».

Моцнае жаданне вучыцца прывяло юнака спачатку ў Магілёўскае культасветвучылішча, потым — у Мінскі педагагічны інстытут на бібліятэчны факультэт. Доўгі час працаваў на розных пасадах на бібліятэчнай ніве.

Асобная старонка ў жыцці творцы — сяброўства з Аляксеем Пысіным. Заўчасны сыход у нябыт любага сябра прымусіў задумацца пра ўшанаванне яго памяці. У выніку з’явіліся зборнікі «Паэт вузел завязаў», «Урокі Аляксея Пысіна», літаратурна-краязнаўчыя нарысы «Бібліятэка Аляксея Пысіна», «Пысіны: ад прадзеда да праўнукаў», «Вянок Аляксею Пысіну» — падборка выказванняў літаратараў, вучоных пра мастака слова і яго літаратурную спадчыну.

Асаблівае месца ў творчасці краязнаўцы займае зборнік «Пісьменнікі і кнігі». Як пацеркі, нанізаны ў ім згадкі пра сустрэчы з Іванам Шамякіным, Іванам Чыгрынавым, Алесем Пісьмянковым, Рыгорам Барадуліным і інш. У свой час Віктар Іванавіч працаваў у магілёўскім Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР, ладзіў сустрэчы з вядомымі і маладымі творцамі, крытыкамі. Засталіся незабыўныя ўражанні, якімі шчодра дзяліўся назіральны аўтар. Ёсць у кнізе і літаратурна-крытычныя развагі пра творчасць любімых пісьменнікаў, і арыгінальныя выступленні Віктара Іванавіча — актыўнага папулярызатара беларускай кнігі сярод сучаснай моладзі, і перапіска з Янкам Брылём, Змітраком Марозавым... Атрымаўся самабытны літаратурна-краязнаўчы летапіс Магілёўшчыны.

Віктар Іванавіч — лаўрэат прэміі імя Якуба Усікава Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Піша для шырокага кола чытачоў. Намеснік кіраўніка Магілёўскага літаратурнага аб’яднання «Ветэран», бярэ ўдзел у працы Магілёўскага гарадскога савета ветэранаў.

Таццяна ХОМІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».