Вы тут

Іншая атмасфера


Каардынатар беларускага фестывалю — пра бязмежнасць кароткага метра

Cinema Perpetuum Mobile існуе на фестывальнай мапе Беларусі ўжо 6 гадоў. З прыватнай ініцыятывы ён ператварыўся ў міжнародны фестываль з багатай замежнай і беларускай праграмай, стаў заснавальнікам праекта «Белкіналета». Сёлета СРМ пройдзе з 5 па 9 красавіка ў культурнай прасторы «Корпус». Пра тое, чаму кароткі метр — пачатак доўгай гісторыі, «ЛіМу» распавядае каардынатар беларускай і дакументальнай праграм Ганна Ражанцова.

 — Беларуская праграма СРМ сёлета вельмі насычаная. Што ўбачыць глядач падчас фестывалю?

 — Наш фестываль міжнародны, таму беларуская секцыя вылучана асобна, але некаторыя айчынныя стужкі трапляюць і ў міжнародную праграму. Наогул беларускіх праграм у нас дзве: першая складаецца з конкурснай і пазаконкурснай (дзе паказваюць дакументальнае і ігравое кіно; анімацыі ў гэтым годзе няма), другая — эксперыментальная, мы назвалі яе Belaruski No Wave. Пра апошнюю трэба сказаць асобна: мы заўважылі тэндэнцыю, што з’яўляюцца работы на скрыжаванні жанраў кшталту фота, відэа, перфомансу. То бок, нешта новае, што нельга ўключыць ні ў адну з праграм, работы, дзе і гук, і відэа раўнаважныя, ці ўзаемадзеянне жанраў стварае новыя сэнсы. У беларускім кантэксце сапраўды шмат такіх твораў, таму мы вырашылі, што цікава будзе паглядзець, як новае аўдыявізуальнае развіваецца ў Беларусі, як яно ўплывае на традыцыйныя кіназ’явы і што з гэтага атрымліваецца.

 — Чаму вырашылі вылучыць асобную катэгорыю для эксперыментальных работ? У беларускім кінематографе такіх відэа шмат?

 — Летась на фестывалі перамагла праца Максіма Сарычава «Двухлапы сябра», у гэтым фільме выкарыстоўваліся фота і відэатэхнікі, і журы не бачыла ніякіх супярэчнасцей для ўзнагароджвання стужкі такога кшталту. Таму сёлета прапанавалі рэжысёрам дасылаць і мультымедыя-працы, бо шукаем новыя формы, якія будуць цікавыя не толькі нам, але і гледачу. Пакуль што з такімі працамі аўдыторыю амаль не знаёмяць, таму зрабіць гэта вырашылі мы: плануецца паказаць каля 10 такіх нестандартных стужак, сярод іх — і некалькі кліпаў беларускіх выканаўцаў, фільмы з Youtube-культуры, відэаблогінгу, мультымедыйныя працы фатографаў. Гэта вельмі моцныя напрамкі, якія не могуць не ўплываць на кінаіндустрыю.

— Сёння існуе шмат спрэчак вакол адасаблення беларускай праграмы ад міжнароднай на многіх кінафестывалях. Чаму гэта стала неабходным?

 — У нас няма пазіцыі адасаблення беларускага кіно, быццам яно горшае, чым замежнае. Мы спрабуем, каб праграма СРМ глядзелася суцэльнай. У нашай агульнай міжнароднай праграме таксама ёсць беларускія стужкі. Калі мы бачым, што айчынныя фільмы глядзяцца арганічна ў міжнароднай праграме, то гатовыя іх туды ўключаць. Такая сітуацыя ўжо была, напрыклад, з фільмам Віктара Красоўскага «Вартаўнік» (увайшоў у ігравую праграму ў 2015 годзе) ці анімацыяй «Фокус» Марыі Матусевіч, а сёлета — з «Татам» Нэлы Васілеўскай (будзе паказаны ў дакументальнай праграме). Наша жаданне ў тым, каб беларускага кіно было як мага больш, менавіта таму і ёсць асобная праграма.

— На што ў першую чаргу звяртаецца ўвага падчас выбару фільмаў у беларускую праграму?

— Канечне, на адбор фільмаў уплываюць і нашыя густы. Ёсць такі момант, што, калі будзе дзве стужкі, з якіх трэба выбраць адну, мы б выбралі тую, дзе горшая карцінка, але больш сэнсу. Гэта пазіцыя нашага фестывалю, якая, дарэчы, блізкая і многім гледачам. Што да іншых крытэрыяў, мы шукаем новыя кінаі аўдыявізуальныя формы і хочам паказваць кіно на сацыяльныя, кранальныя тэмы, бо верым, што з дапамогай кіно сапраўды можна паўплываць на вырашэнне некаторых праблем. Мы спрабуем выбіраць фільмы, якія будуць не толькі забаўляць гледача, але і даваць нагоды для роздуму.

— Сёлета фестывалю будзе ўжо 6 гадоў. За досыць працяглую гісторыю ці змяніўся ён па колькасных, якасных, іменных паказчыках?

— Беларускія стужкі ўдзельнічалі ў СРМ з самага пачатку яго існавання, і, безумоўна, колькасць рэжысёраў павялічылася. Штогод мы атрымліваем каля 40 — 50 заявак ад айчынных кінематаграфістаў, некаторых запрашаем да ўдзелу самі. Напрыклад, тыя ж студэнты не заўсёды адчуваюць, што гатовыя паказаць свае фільмы публіцы, ці не бачаць у гэтым неабходнасці. Але якасных прац хапае, з’яўляюцца і новыя імёны, пакуль не вядомыя нават для кінасупольнасці. Нашы рэжысёры самаарганізуюцца, пачынаюць кааперавацца адзін з адным. Вельмі радуе, што яны цікавяцца не толькі працамі калег, але і фестывальным рухам, правяраюць сябе на трываласць. У іх ужо ёсць усведамленне, што ўсё, што яны робяць, — недарэмна. Сёння ў беларускім кіно шмат самавукаў, якія шукаюць магчымасці для развіцця, павялічваюць якасць кінакарцін. Нельга казаць пра суперкінаіндустрыю, але, калі маладым дапамагаць, з гэтага абавязкова нешта атрымаецца. Варта адзначыць і той факт, што нашы аўтары ўсё больш здымаюць пра тое, што іх акаляе. Усцешна, што рэжысёры звяртаюць увагу на праблемы, якія датычацца нас, а не капіруюць амерыканскія блакбастары.

— На мінулагоднім паказе беларускай праграмы ў кінатэатры «Перамога» было вельмі мала гледачоў.

— Мне падаецца, пакуль што на беларускае кіно ходзяць тыя, хто і так пра яго ведаюць і цікавяцца гэтай тэмай. Калі спытаць у людзей, што апошняе яны глядзелі з айчыннага, хутчэй за ўсё, адказам будзе якая-небудзь стужка Курэйчыка. Канечне, гэта яркі прыклад актыўнага піяру. Але акрамя гэтага прадстаўніка кінаіндустрыі, аўтараў больш не памятаюць, і гэта вельмі расчароўвае. Мы нібы знаходзімся ў кокане, дзе пра айчыннае кіно ведаюць тыя, хто і так цікавіцца яго развіццём. Канечне, я спадзяюся, што сёлета беларускіх гледачоў будзе больш, мы пакажам дзве беларускія праграмы разам, у адзін вечар, каб аўдыторыя змагла максімальна ахапіць наша кіно. Важна знаёміць беларускага рэжысёра і гледача (як айчыннага, так і замежнага). Мы працуем менавіта ў гэтым кірунку, заўсёды прапаноўваем беларускія праграмы для паказу на іншых фестывалях. У снежні мы прадстаўлялі беларускую дакументальную праграму на фестывалі «Зуброўка» ў Беластоку, і прадстаўнікам аднаго з нямецкіх фестываляў спадабаўся фільм Кірыла Сынкова, які пакажуць у Германіі. Беларускае кіно цікавае для замежных фестываляў, і гэтым прасоўваннем мы таксама займаемся. Спадзяюся, што гэта павялічыць яго рэйтынг і ў нашага гледача. Думаю, мы самі павінны змагацца з комплексам «нецікавасці» да айчыннага кіно.

— Кароткаметражнае кіно сёння вельмі недаацэненае, да яго амаль не ставяцца сур’ёзна. Выступіце ў абарону такіх стужак?

— Ёсць такое меркаванне, што кароткаметражкі — гэта спробы, пошукі форм, першыя працы кінематаграфістаў. Насамрэч кароткі метр добры не толькі тым, што тут можна паспрабаваць сябе ў розных тэмах, але гэта і незалежнае кіно, якое можа стаць пачаткам доўгай гісторыі. Магчыма, кароткаметражкі абмяжоўваюць, але менавіта гэтыя межы могуць даць рэжысёру выхад да новых ідэй і падыходаў. У сёлетняй праграме будзе фільм «Фактура», я б не назвала яго ўзорным, але гэта кіно, дзе можна заўважыць, як маладыя рэжысёры шукаюць нешаблонныя падыходы да здымак, «выкручваюцца». Таму хочацца, каб глядач праяўляў большую цікавасць да беларускага кіно. Ёсць такая праблема, што дайсці фільмам да аўдыторыі замінаюць: на мінулых выхадных падобная сітуацыя здарылася з праектам «Незалежны позірк» (паказы адмянілі. — Заўв. аўт.), які прапаноўваў гледачу якасныя беларускія стужкі сусветнага ўзроўню. Гэта вельмі паказальная праблема, калі сам «Кінавідэапракат» не хоча паказваць добрыя айчынныя фільмы, якія ў нашай краіне ёсць. Ён не спрыяе попыту на беларускае кіно ў гледача, а гэта ж складнік паўнавартаснага пракату. Адсутнасць пракату вяртае нас на пачатковую кропку — пра беларускае кіно ведаюць мала.

— Сёлетняя праграма СРМ таксама багатая на вартыя айчынныя стужкі. Якія з іх дакладна павінен убачыць беларускі глядач?

— Па-першае, я б вылучыла стужку, якая ўвайшла ў абедзве беларускія праграмы: «Кожная трэцяя» Аляксандра Васюковіча. Гэта праца на мяжы фота і відэа, прысвечаная тэме хатняга гвалту, вельмі моцная з дакументальнага пункту гледжання. Характар здымкі тут вельмі выразны: тонкая аператарская работа, і тонкая праца ў сэнсе работы з героямі. Другі фільм — «Тата» Нэлы Васілеўскай, кіно вельмі цікавае хаця б таму, што гэта першая дакументальная праца рэжысёра ігравога кіно. Гэта фільм пра родных Нэлы, і бачна, што аўтар добра папрацавала і як сцэнарыст, і як творца. І трэцяя карціна, якую абавязкова трэба ўбачыць, — «Ачаг» Арсенія Ільіных, таксама дакументальная. Гэта кіно пра мастака Аляксея Несцерава і яго навакольны і ўнутраны свет. Мяркую, невыпадкова, што ў гэтым спісе — менавіта дакументалістыка, бо яна ў Беларусі мае сваю традыцыю і шмат добрых прыкладаў.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».