Веснічкі


Толькі збочыў з вялікага шляху на прасёлак, як адразу закружыў галаву водар разнастайных траў і непаўторны пах зялёнай збажыны. У лагчыне, амаль нябачны ў густым лазняку, ціха бяжыць ручай. Некалькі вялізных камянёў побач з дарогай як быццам хочуць ускараскацца на яе і пакаціцца побач з табой. Але не! Іх справа — ляжаць тут і пільна вартаваць усё наваколле ад кепскага і чужога. Так кажа мясцовая легенда. А птушак! Адкуль яны? Быццам раней і не было столькі. Не, мабыць, ты проста раней не заўважаў іх, успрымаў як дадзенае.

Ідзеш лёгка, нават хочацца трохі падбегчы — але дзе там. Ты ж ужо не хлапчукпадлетак, а сталы, дарослы. Ты ж едзеш з горада, у капелюшы і са скураным партфелем у руках. Людзі з вёскі ўбачыць могуць, табе ж гэта здаецца недарэчным... Так хочацца хутчэй дабегчы да самой вёсачкі, да вуліцы, ды з-за павароту ўбачыць спачатку дамы суседзяў, а там!.. А там, у садзе, прытуліўшыся да вялізных кустоў бэзу і язміну, хата тваіх бацькоў! З боку вуліцы — доўгая лаўка, а побач з ёй — веснічкі!

О, гэтыя веснічкі! Колькі разоў ты праходзіў праз іх! Не трэба нават шукаць, дзе схавалася тая самая клямачка. Да яе трэба дакрануцца, а яна быццам толькі таго і чакала, толькі гэтага — ледзь прыкметнага дотыку тваёй далоні — ёй дастаткова. І вось, з нейкім незвычайным, толькі ім уласцівым гукам — ціхім шоргатам і рыпеннем — веснічкі адчыніліся так шырока, як толькі маглі. Бо ішоў ты! Той, якога веснічкі памяталі з маленства! З самага пачатку, з таго імгнення, калі цябе, захутанага ў вялізную коўдру, зняла з саней з разваламі матулька твая, пранесла праз іх ды хутчэй у хату, у цяпло да печы, да шырокага ложка, да пахаў і гукаў гэтага жытла.

Яны адчыняліся рукой тваіх бацькоў, калі ты ўпершыню выйшаў, так нясмела і нават смешна, на шурпаты брук вуліцы, зусім на трошачкі, — а потым ізноў у двор, дзе болей бяспечна, дзе пільныя вочы маці і бацькі. А як песціла цябе бабулька, якая лічыла, што толькі яна ведае, як і што з табой трэба рабіць: як вучыць, як пільнаваць, гушкаць, чым карміць. Як ты сам у першы раз дацягнуўся да клямкі і самастойна адчыніў гэтыя веснічкі. Раней вуліца бурліла: кудысьці спяшаліся дарослыя, дзеці імчалі на роварах. А вазы з коньмі, каровы з цялятамі. Не тое, што цяпер…

Прайшоў амаль праз усю вуліцу, а павітаўся толькі з адной старэнькай бабулькай, мабыць, цёткай Нінай, якая цябе і не пазнала. Ты ж болей не той хлапчук, які за свавольства атрымліваў па карку, — ты ўжо сам можаш каму заўгодна надаваць.

І вось, нарэшце, хата тваіх бацькоў! Усё такое звыклае: клямка, ціхі гук завесаў — і ты ў двары… Насустрач першая заўсёды матулька. Смяецца і плача адначасова. Так заўсёды… Рукі раскінула шырока-шырока — хутчэй цябе абняць. І пастаяць моўчкі, ціха-ціха. І часу не адчуваеш — толькі пах яе хустачкі, колер яе валасоў. А бацька побач цярпліва чакае, пакуль ты з матулінага палону зможаш трапіць у яго абдымкі — моцныя і кароткія. Бярэ з тваіх рук партфель і ціха кажа: «Хадзем, ну хадзем ужо ў хату. Годзе час тут марнаваць, там жа — ой, там жа ежа з печы стыне!».

 А ззаду непрыкметна, ціхенька вяртаюцца на сваё звычайнае месца веснічкі. Зачыняюцца, каб, як тыя камяні каля дарогі, стаяць на варце гаспадаркі, двара і хаты, куды вы ўтрох толькі што зайшлі. Усім добра і да слёз прыемна, што ты прыехаў. Цяпер мы ўсе разам — з любімымі бацькамі. З садам, калодзежам, плотам, кветкамі, веснічкамі, якія пра сябе ціхенька ганарацца, што сустрэлі цябе першымі.

Уладзімір ЦВІРКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.