24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Да чаго прывядзе выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза?


«Брэксіт» уступіў у актыўную фазу: заўтра Лондан распачне працэдуру выхаду з Еўрасаюза. На мінулым тыдні пастаянны прадстаўнік Вялікабрытаніі пры ЕС Цім Бароу апавясціў пра гэта Брусель. Раней абедзве палаты брытанскага парламента зацвердзілі адпаведны дакумент, упаўнаважыўшы прэм'ер-міністра Тэрэзу Мэй рэалізаваць «брэксіт». 16 сакавіка законапраект падпісала і каралева Вялікабрытаніі Лізавета ІІ. Адметна, што пачатак працэдуры «брэксіту» стартаваў неўзабаве пасля насамрэч гістарычнага саміту ЕС, які прайшоў 25 сакавіка ў Рыме і быў прысвечаны 60-годдзю Рымскіх дагавораў, што паклалі пачатак Еўрапейскай эканамічнай супольнасці. Да чаго ў рэшце рэшт прывядзе «развод» Лондана з Бруселем?


Цяжкія перагаворы

У Еўрасаюзе вызначэнне канкрэтнай даты запуску «брэксіту» ўспрынялі з разуменнем — рэферэндум аб выхадзе брытанцы правялі яшчэ летась у чэрвені, але дагэтуль не зрабілі дзеля гэтага канкрэтных крокаў. «Прайшло ўжо шмат часу, — кажа міністр фінансаў Францыі Мішэль Сапен. — Думаю, што брытанскім уладам трэба было падрыхтавацца. Але вось нарэшце мы наблізіліся да самай сутнасці праблемы, і спадзяюся, што абодва бакі падыдуць да яе рашэння канструктыўна».

Адразу ж пасля заявы Тэрэзы Мэй паміж Лонданам і Бруселем пачнуцца двухгадовыя перагаворы аб працэдуры выхаду краіны з ЕС. У цэлым кіраўнік Еўрапейскага савета Дональд Туск чакае «плаўнага «разводу». Аднак Тэрэза Мэй пазбягае выкарыстоўваць гэты тэрмін, паколькі «калі людзі разводзяцца, ім звычайна не ўдаецца захаваць нармальныя адносіны». Ва ўсялякім разе перагаворы абяцаюць быць складанымі. ЕС будзе ўдзельнічаць у іх адзінай дэлегацыяй (яе ўзначаліць Мішэль Барні), але гэта не значыць, што ўсе ўдзельнікі саюза хочуць ад Лондана аднаго і таго ж. Хоць, вядома, асобныя патрабаванні (напрыклад, абарона правоў сваіх грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Злучанага Каралеўства) з'яўляюцца агульнымі амаль для ўсіх 27 краін. Справа ў тым, што Вялікабрытанія па-ранейшаму адна з найбольш прывабных дзяржаў для пражывання і працы (3-е месца ў апошнім рэйтынгу) і таму вабіць замежнікаў не толькі з Азіі і Афрыкі, але і з Еўропы, асабліва ўсходняй яе часткі, якая складаецца з краін былога сацлагера.

Не менш, чым грамадзян, члены ЕС хочуць абараніць у выніку «брэксіту» і свае эканамічныя інтарэсы. Мабыць, усе еўрапейскія краіны аб'ядноўвае і жаданне, каб пасля выхаду з ЕС Лондану стала не лепш, як спадзяюцца брытанцы, якія галасавалі на рэферэндуме за выхад, а горш. Вядома, ступень жорсткага падыходу ў членаў ЕС розная: адны краіны хочуць захаваць з Вялікабрытаніяй максімальна цесныя адносіны (напрыклад, Бельгія — адна з самых адкрытых еўрапейскіх эканомік), іншыя (напрыклад, Францыя) не хаваюць свайго жадання адпомсціць за «брэксіт», адгалоскі якога еўрапейцы, напэўна, будуць адчуваць яшчэ шмат гадоў.

Падчас сваёй паездкі ва Уэльс Тэрэза Мэй паабяцала прывесці ў выкананне прынятае рашэнне на выгадных для Лондана ўмовах: «Я намеціла перад сабой дакладныя мэты, у ліку якіх — і дагавор аб свабодным гандлі, а таксама супрацоўніцтва па пытаннях бяспекі — аснова асноў нашай дзейнасці. Мы будзем весці інтэнсіўныя перагаворы, каб дамагчыся таго, за што галасавалі брытанцы».

€60 млрд за «развод»

Мінулы год для Вялікабрытаніі аказаўся даволі паспяховым: як паведаміў міністр фінансаў краіны Філіп Хаманд, «летась брытанская эканоміка расла хутчэй, чым у ЗША, Японіі або Францыі», а сярод развітых дзяржаў рост эканомікі Злучанага Каралеўства саступаў толькі павелічэнню ВУП Германіі. Пры гэтым ён дадаў, што паказчык колькасці людзей, якія маюць працу, знаходзіцца на рэкордна высокім узроўні, а ўзровень беспрацоўя — на самым нізкім значэнні за апошнія 11 гадоў. Разам з тым, падкрэсліў міністр, «улічваючы будучы выхад з ЕС, мы не можам спачываць на лаўрах нашых папярэдніх дасягненняў».

Між тым многія эксперты ў Брытаніі і ЕС мяркуюць, што «брэксіт» прынясе ўсім вялікія страты, асабліва на пачатковай стадыі. Кожная брытанская сям'я страціць каля 1474 штогод пасля выхаду краіны з Еўрасаюза, падлічыла The Іndependent са спасылкай на матэрыялы Інстытута фіскальных даследаванняў Злучанага Каралеўства. На працягу дзесяцігоддзя пасля «брэксіту» ў краіне чакаецца зніжэнне рэальных прыбыткаў насельніцтва.

Прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер пацвердзіў, што Вялікабрытаніі будзе прад'яўлены рахунак за выхад з ЕС — 60 млрд еўра (52 млрд фунтаў стэрлінгаў). У размове з карэспандэнтамі BBC еўрачыноўнік адзначыў: «Гэта цана, якая адлюстроўвае ранейшыя абавязацельствы брытанскага ўрада і брытанскага парламента. Ніякіх санкцый, ніякага пакарання, нічога падобнага». Па гэтым пытанні на перагаворах, вядома, разгарыцца асабліва вострая барацьба.

І, мяркуючы па ўсім, канчатковы сцэнарый будзе ўсё ж такі жорсткім — поўны «развод». «Якой бы важнай ні была гэтая краіна для Еўрасаюза, яна заўсёды была тормазам еўрапейскага адзінства. Практычна ва ўсіх сітуацыях у мінулае дзесяцігоддзе, калі гаворка ішла аб умацаванні інтэграцыі, Брытанія заяўляла пра сваю нязгоду і патрабавала асаблівых умоў для сябе», — піша нямецкая Dіe Zeіt.

Пяць сцэнарыяў

Апублікаваны пяць сцэнарыяў для Старога Свету пасля выхаду Вялікабрытаніі з саюза. Іх прадставіў Жан-Клод Юнкер. Дыяпазон варыянтаў — ад захавання статус-кво да ўключэння ў зону еўра ўсіх 27 краін. Варыянт распаду Еўрасаюза нават не разглядаецца, але сцэнарыі ўжо сталі новай падставай для сварак паміж «старымі» членамі саюза і ўсходнееўрапейцамі. Прапановы аб'яднаны ў «Белую кнігу будучыні Еўропы». У дакуменце разглядаюцца таксама асноўныя выклікі і магчымасці для еўрапейскага рэгіёна ў перспектыве да 2025 года.

Пяць сцэнарыяў будучага развіцця пазначаныя так: «Працяг курсу», «Нічога, акрамя адзінага рынку», «Тыя, хто хочуць большага, робяць больш», «Рабіць менш, але больш эфектыўна» і «Рабіць нашмат больш разам». Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго глыбінёй інтэграцыі краін ЕС і маштабам перадачы ўладных паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень.

«Белая кніга» Юнкера — гэта адказ ЕК на «брэксіт». Ідэя складаецца ў тым, каб запусціць шырокае грамадскае абмеркаванне вакол пяці «палітычных опцый» і выбраць да 2019 года, калі «шлюбаразводны» працэс павінен быць завершаны, найбольш прымальны варыянт. «Гэта палітычны дакумент. Юнкер хоча ўнесці свае прапановы на ранняй стадыі, да таго як пачнецца «гарачая фаза» Брэксіту, каб мець магчымасць уплываць на выбар неабходнага сцэнарыя», — заўважыў эксперт Цэнтра еўрапейскай палітыкі Яніс Эмануілідзіс.

Пакуль рашэнне, якое прапануюць лідары краін Еўрасаюза, — пераход да стратэгіі «Еўропы розных хуткасцяў». Гэта азначае, што асобныя групы дзяржаў змогуць развіваць паглыбленае супрацоўніцтва па важных для іх напрамках без абавязковага ўдзелу ўсіх краін саюза. Ідэю «розных хуткасцяў» падтрымалі лідары чатырох найбуйнейшых краін ЕС — Германіі, Іспаніі, Італіі і Францыі на сваёй сустрэчы ў Парыжы. Аднак не ўсе дзяржавы Еўрапейскага саюза гатовыя паставіцца да такога плана з натхненнем.

Трывожнае адзінства

Лідары 27 краін Еўрасаюза, якія застануцца ў аб'яднанні пасля выхаду Вялікабрытаніі, у мінулую суботу падпісалі Рымскую дэкларацыю аб дасягненнях, выкліках і прыярытэтах ЕС. Дэкларацыя стала галоўным вынікам саміту, прысвечанага 60-годдзю Рымскага дагавора, які заклаў асновы Еўрасаюза. Цырымонія падпісання адбылася там жа, дзе 25 сакавіка 1957 года адбылося падпісанне дагавора аб стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці. Прэм'ер Польшчы Беата Шыдло, чыя пазіцыя была галоўнай інтрыгай сустрэчы, перад падпісаннем занесла ручку над дакументам і замерла на некалькі секунд. Паставіўшы подпіс, яна развяла рукамі і ўсміхнулася.

Дакумент адлюстроўвае бачанне будучыні Еўрасаюза ва ўсіх сферах. У ім прадстаўлены як дасягненні еўрапейцаў за апошнія 60 гадоў (у тым ліку мір, росквіт, еўрапейская сацыяльная мадэль), так і выклікі, якія стаяць перад ЕС, — рост папулізму, недавер да еўрапейскіх інстытутаў і тэрарыстычная пагроза. На фоне выхаду Вялікабрытаніі ў дэкларацыі асабліва падкрэсліваецца імкненне краін да яшчэ большага адзінства і салідарнасці.

Як адзначаюць аналітыкі, «брэксіт» падарваў самаўпэўненасць Еўрапейскага саюза, натхніўшы еўраскептыкаў і нацыяналістаў ад Стакгольма да Сіцыліі. Акрамя таго, будучыня ЕС была пастаўлена пад сумненне ў Афінах, якія таксама могуць правесці рэферэндум па выхадзе са складу Еўрасаюза, і ў Польшчы. У Варшаве мяркуюць, што стратэгія «Еўропы розных хуткасцяў», якая азначае, што асобныя групы дзяржаў змогуць развіваць паглыбленае супрацоўніцтва па важных для іх напрамках без абавязковага ўдзелу ўсіх краін саюза, можа падарваць адзінства Еўрасаюза і нават прывесці да яго распаду. У цэлым Рымская дэкларацыя 2017 года, адзначаюць эксперты, у большай ступені «прапануе звонкія фразы аб міры і адзінстве».

І апошняе. Паводле даных апытання сацыялагічнага цэнтра Pew Research, еўрапейцы ў дачыненні саюза расколатыя напалову. Станоўча на ЕС глядзіць 51% рэспандэнтаў, у той час як 47% ставяцца да яго негатыўна. Вядома, разгортванне «брэксіту» ў такой сітуацыі мае адпаведныя наступствы.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Страсці па «брэксіце»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.