Вы тут

Як адна жанчына знайшла працоўнае месца, другая — дапамогу


З Нінай Лубоўскай сядзім у яе невялічкай кватэры на тэрыторыі былога ваеннага гарадка Новая Гожа, што каля Гродна. Утульнасць аднапакаёўкі ствараюць мастацкія работы — карціны, лялькі, сурвэткі і яшчэ многа ўсяго яркага, прыгожага. Ніна Вячаславаўна расказвае пра свае захапленні. А сама час ад часу выглядвае ў акно: ці не варушыцца занавеска ў доме насупраць? Там яе чакае 90-гадовая жанчына, якой Ніна Лубоўская дапамагае — не дажываць, а жыць з аптымізмам і годнасцю.


— Ніхто не верыў, што баба Маша Аўдзеева зможа выкараскацца, як-ніяк амаль 90 гадоў, а тут яшчэ і хвароба, — згадвае Ніна Вячаславаўна падзеі недалёкага мінулага. — Нават родныя не спадзяваліся на лепшае, калі яна трапіла ў бальніцу. Ужо і рэчы яе пачалі з кватэры вывозіць. Можна сказаць, баба Маша з таго свету дамоў вярнулася...

Вярнуцца — вярнулася, а даглядаць яе няма каму. Сыны ў іншых краінах жывуць, унукі сваё жыццё ўладкоўваюць. Каб не дапамога сацыяльных работнікаў, не мінуць бы Марыі Стафанаўне казённага прытулку. А гэта ж — не ўласны куток, дзе сама сабе — гаспадыня. Цяпер жа з новай памочніцай гэтыя думкі больш не турбуюць старую жанчыну.

— Дома і на сэрцы лягчэй, як мне гэта кінуць? Я лепш буду ўсе грошы за паслугі аддаваць. А Ніна мяне добра даглядае — і корміць, і купае, і лечыць. Яна для мяне як родная, — прызнаецца пенсіянерка.

Марыя Аўдзеева родам з Варонежа. У 1944-м, пасля таго як была знята блакада, яе накіравалі ў Ленінград на санітарную ачыстку. У 80-х лёс прывёў яе ў беларускі прыгранічны пасёлак, дзе яна цяпер адна і пражывае. Праўда, на адзіноту не скардзіцца, бо мае добры сродак ад яе — сваю памочніцу Ніну, якая ўзяла на сябе ўсе клопаты па ўтрыманні састарэлай жанчыны.

— Пасля бальніцы было вельмі цяжка, я чатыры месяцы амаль не адыходзіла ад яе, — уздыхае Ніна Лубоўская, — вельмі ж яна была слабая, зараз ёй значна лепш, памяць вярнулася. Пасля сістэматычных трэніровак маторыка рук аднавілася. А цяпер, з надыходам вясны, мая баба Маша яшчэ і памаладзела...

Трэба сказаць, што Ніна ніколі не апускала рук, хоць за некалькі гадоў да пенсіі засталася без работы. Але сядзець без справы не стала. У цэнтры занятасці ацанілі яе камунікабельны характар і прапанавалі звярнуцца ў аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома, якое створана ў структуры Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут яе і аформілі сядзелкай да 90-гадовай Марыі Аўдзеевай, суседкі па ваенным гарадку.

— Людзям патрэбна такая дапамога, бо часам пра іх няма каму паклапаціцца, — расказвае Ніна Лубоўская, — некаторых сваіх падапечных я прымала з абвостранымі формамі нервовых зрываў, дэпрэсіямі. Асабліва складана з тымі, каго кінулі дзеці. З адзінокімі лягчэй, яны больш спакойныя.

Кампетэнтна

Вольга Сядзельнік, намеснік начальніка аддзялення сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама:

— У Гродзенскай вобласці новыя стаўкі сядзелак уводзяцца сістэматычна. Так, у Гродзенскім раёне толькі за два месяцы для гэтай катэгорыі сацыяльных работнікаў створана 10 працоўных месцаў. А ўсяго ў вобласці амаль 150 сядзелак, дапамогай якіх карыстаюцца 286 чалавек. Дома атрымліваюць дапамогу 13 тысяч грамадзян сталага ўзросту, інваліды першай і другой груп.

Ніна Лубоўская стараецца падтрымліваць адносіны з роднымі сваіх падапечных, але не ўтойвае, што можа і ў суд на некаторых падаць за тое, што не даглядаюць сваіх састарэлых бацькоў. Яна лічыць, што нельга іх на адных сацыяльных работнікаў кідаць.

У цэнтры сацыяльнага абслугоўвання расказалі, што працоўны дзень сядзелкі доўжыцца 4 гадзіны. Паслугу можна назваць даступнай, бо на месяц кошт за яе складае 42 рублі, субота і нядзеля — выхадныя. Можна скарыстацца дзвюма гадзінамі на дзень, тады і аплата будзе ўдвая меншая.

— Сядзелка дапамагае як у медыцынскім, так і бытавым плане, — тлумачыць загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Гродзенскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валянціна Каскевіч. — Яна павінна і ціск памераць, і лекі даць, і аказаць дапамогу ў асабістай гігіене, у прыёме стравы, замяніць бялізну і іншае.

Ніна Лубоўская працуе сядзелкай ужо год. Акрамя гэтага, аказвае паслугі іншым жанчынам-пенсіянеркам. Задаволена, што знайшла працу, якая прыносіць карысць іншым. Асабліва ганарыцца поспехамі бабы Машы і марыць адзначыць яе стогадовы юбілей.

— Бабуля спажывае разнастайную ежу, заўсёды ёсць садавіна, мяса, тварог. У нас шмат нарыхтавана кансерваў, замарожаных ягад. Зараз ёй амаль 92 гады, а яна без акуляраў чытае, цікавіцца навакольным жыццём... — кажа Ніна Лубоўская.

У тэму

У краіне, згодна з данымі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на пачатку года такую дапамогу атрымліваюць 90 тыс. чалавек. Большасць з іх — жыхары аддаленых вёсак, а кожны трэці атрымальнік паслугі мае ўзрост за 80 гадоў.

Маргарыта Ушкевіч

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Памочніца бабы Машы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».