Вы тут

Міжнародныя педагагічныя чытанні — упершыню ў нашай краіне


«Які настаўнік скардзіцца на гіперактыўных дзяцей? Толькі гіперпасіўны... Гіперактыўным дзецям патрэбныя гіперактыўныя настаўнікі і гіперактыўныя бацькі. Таму мы проста абавязаны вырасціць у сабе настаўніка ХХІ стагоддзя, інакш затармозім дзяцей у іх развіцці», — гэта думка належыць ганароваму прэзідэнту Міжнароднага цэнтра гуманнай педагогікі, акадэміку Расійскай акадэміі адукацыі Шалве Аманашвілі. Упершыню ў нашай краіне на базе БДПУ прайшлі Міжнародныя педагагічныя чытанні, якія сабралі таленавітых педагогаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Казахстана, Грузіі і Азербайджана.


Між іншым, гэта ўжо шаснаццаты падобны форум. Першыя Міжнародныя педагагічныя чытанні адбыліся ў 2002 годзе ў Маскве. Пазней яны неаднаразова праходзілі ў Расіі і Грузіі. Тэму для форуму «Палюбіце будучыню — крылы вырастуць» прапанаваў Шалва Аманашвілі. Ён жа і стаў вядучым чытанняў.

— Нельга дзяліць дзяцей на добрых і дрэнных, на разумных і неразумных. Гэта не дзіця адстае ў развіцці, а ты адстаў ад педагогікі. І будучыню ты не любіш, — дзяліўся думкамі з калегамі і студэнтамі Шалва Аманашвілі падчас свайго майстар-класа. — Трэба ганарыцца слабымі, якія дзякуючы табе сталі моцнымі. Каб ганарыцца таленавітымі, асаблівага розуму не трэба. Дзяцей трэба любіць, іх трэба натхняць! Ці можна ўявіць сабе школу без сэрца, школу, у якой настаўнік не гарыць як свечка? Нашы вучні — не камп'ютары, у якія можна закласці мегабайты ведаў і выпусціць іх у жыццё. Настаўнік не можа быць проста ўрокадаўцам. Маральнасць не выхоўваецца аднымі словамі...

«У кожнага дзіцяці з нараджэння ёсць свая місія. І яму патрэбна свабода. «Палюбіце будучыню — крылы вырастуць!» Палюбіць будучыню? Што гэта значыць? — разважаў Шалва Аманашвілі. — Якія крылы? І навошта яны нам? Што мы з імі будзем рабіць? А навошта нам дзеці без крылаў? Як яны змогуць змяніць свет да лепшага?»

Шалву Аманашвілі называюць настаўнікам ад Бога. Яго галоўная педагагічная ідэя — прыняцце любога вучня такім, які ён ёсць. Аманашвілі заклікае на першае месца ставіць выхаванне і сцвярджае, што дабрыня памнажаецца дабрынёй, шчырасць — шчырасцю, радасць — радасцю. Кожнаму педагогу ён дапамагае ўсвядоміць высокую місію сваёй прафесіі.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, прафесар Аляксандр Жук уручыў славутаму педагогу «педагагічны Оскар» — статуэтку, якая ўяўляе сабой копію скульптуры, прысвечанай першай настаўніцы. Яна была ўстаноўлена на ўваходзе ва ўніверсітэт напярэдадні святкавання векавога юбілею гэтай установы і ўжо паспела стаць славутасцю.

— «Педагагічным Оскарам» мы адзначаем нашых найлепшых студэнтаў і тых людзей, якія ўносяць істотны ўклад у развіццё педагагічнай адукацыі, — растлумачыў Аляксандр Жук. — Дэвіз БДПУ — «Будучыня пачынаецца тут», што вельмі блізка да тэмы педагагічных чытанняў. Мяркую, усе разумеюць, што на педагагічную адукацыю ў сучасных умовах ускладаецца асаблівая задача: ад таго, якога педагога мы падрыхтуем сёння, залежыць заўтра нашых краін. Але, акрамя ведаў і прафесійных уменняў, мы павінны закласці ў нашых выхаванцаў яшчэ і глыбокія маральныя арыенціры. Такія чалавечыя якасці, як міласэрнасць, дабрыня, цярплівасць, любоў да бліжняга, я лічу абавязковымі для будучых педагогаў, бо, перш чым выхоўваць і вучыць дзіця, яго трэба палюбіць.

Рэктар расказаў, што ў валанцёрскіх аб'яднаннях добраахвотна займаюцца каля 1300 студэнтаў педагагічнага ўніверсітэта. Валанцёрскай дзейнасці тут нададзены статус валанцёрскай практыкі, якая рэалізуецца для студэнтаў ужо з першага курса на базе розных устаноў: школ-інтэрнатаў, прытулкаў, цэнтраў рэабілітацыі і іншых.

— Актыўны ўдзел студэнтаў у валанцёрскай дзейнасці спрыяе фарміраванню ў іх не толькі прафесійных кампетэнцый, але і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, развіццю духоўна-маральных і гуманістычных каштоўнасцяў, засваенню найважнейшага сацыяльнага досведу, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — За актыўнае развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі калектыў універсітэта быў адзначаны сёлета дзяржаўнай прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», якую мы перадалі Крывіцкаму спецыяльнаму лячэбна-выхаваўчаму прафесійна-тэхнічнаму вучылішчу закрытага тыпу.

— Мы ўсе цудоўна разумеем, што нельга нашпігаваць дзіця ведамі, якіх яму хопіць на ўсё жыццё, таму што аб'ём ведаў пастаянна павялічваецца. Але сфарміраваць асобу, грамадзяніна, сем'яніна школа можа і яна абавязана гэта рабіць, — лічыць намеснік міністра адукацыі Раіса СІДАРЭНКА. — Нельга раздзяліць навучанне і выхаванне. Не можа настаўнік проста прыйсці на ўрок і даваць сваім вучням толькі веды. На ўроку мае значэнне ўсё: інтанацыя настаўніка, яго ўсмешка, яго жаданне ўзаемадзейнічаць з вучнем. І выхоўвае зусім не лекцыя, а ўсяго адна, але сказаная своечасова, фраза. Сёння мы кажам пра тое, што кожны ўрок павінен праходзіць у атмасферы інтэлектуальных, маральных і эстэтычных хваляванняў, сутыкненняў розных пунктаў погляду і меркаванняў, пошуку праўды і магчымых шляхоў вырашэння праблемы. І няважна, які прадмет выкладае настаўнік: галоўнае — якія ўмовы ён стварае на сваіх уроках для гарманічнага выхавання асобы. Ідэі гуманнай педагогікі павінны быць закладзены ва ўсе нашы праграмы і нашы падручнікі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ці вырастуць крылы ў вучняў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?