Вы тут

У Курапатах прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні ўрочышча


У суботу ў Курапатах адбылася працоўная акцыя па добраўпарадкаванні ўрочышча. Суботнік быў абвешчаны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Да яго далучыліся грамадскія аб'яднанні «Белая Русь», «БРСМ», проста неабыякавыя людзі. Разам з іншымі валанцёрамі працавалі і супрацоўнікі рэдакцыі «СБ.Беларусь сегодня», і каманда Выдавецкага дома «Звязда».

У час суботніка лясны масіў, у якім пахаваны бязвінна загінулыя падчас рэпрэсій 1920—1950 гадоў, чысцілі ад ламачча і паваленых дрэў. Работа знайшлася ўсім: жанчыны збіралі галлё, мужчыны — распілаваныя бярвёны. За некалькі гадзін непатрэбнай драўнінай былі напоўнены з дзясятак грузавікоў.


— Па аб'ёме работ толькі неліквіднай захламленасці тут каля 600 кубічных метраў, — адзначыў дырэктар Бараўлянскага спецлясгаса Аляксандр Мірановіч. — Неліквідная захламленасць — гэта прадукты лесу, з якіх не вырабляюцца тавары народнага спажывання. Яны ўтылізуюцца або здрабняюцца. Таксама тут каля 380 кубічных метраў ліквіднай драўніны — дрэваў загінулых, усохлых, якія можна было б выдаліць. Яны будуць прыбірацца, драўніна будзе вывозіцца і выкарыстоўвацца для вытворчасці.

Для ўрочышча прадугледжаны асаблівы від догляду, пацвердзіў Аляксандр Мірановіч. «У сувязі з тым, што гэта гістарычная каштоўнасць, неліквідная драўніна вывозіцца. У шэрагу іншых насаджэнняў дапускаецца спальванне, але ў дадзенай сітуацыі такое мерапрыемства забаронена», — падкрэсліў ён.

Гэта акцыя стала пачаткам маштабнага добраўпарадкавання Курапатаў. Яе вынікам будзе з'яўленне на гэтым памятным месцы мемарыяла.

Дарэчы, якім яму быць, будуць выбіраць беларусы, а не журы. Аб гэтым заявіў міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ, які таксама разам са сваім першым намеснікам Ірынай Дрыгай працаваў на суботніку ў Курапатах.

Міністр адзначыў, што Міністэрства культуры дало старт конкурсу па стварэнні мемарыяла ў Курапатах, які працягнецца да 25 красавіка. Таксама абвешчаны збор сродкаў, у якім можа паўдзельнічаць кожны неабыякавы чалавек. «Што датычыцца канцэпцыі самога мемарыяла, то ён не павінен прадстаўляць сабой грандыёзны помнік, які б паціснуў гэтае месца. Галоўнае — гэта тая ідэя, якую павінен данесці скульптар або архітэктар. Яна заключаецца ў тым, каб сапраўды пазначыць гэтае месца, дзе мы аддаём даніну памяці ўсім ахвярам», — адзначыў Барыс Святлоў.

— Да нас звяртаюцца людзі з заклікам спыніць усялякія палітычныя дэмаршы вакол гэтага месца, дзе нявінна загінулі людзі, — падкрэсліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл ОРДА. — Дзяржава аб'явіла, што гэта месца будзе добраўпарадкавана і тут будзе пабудаваны мемарыял памяці і смутку. Грамадскія арганізацыі праводзяць суботнік, і гэтай працоўнай акцыяй мы паказваем сваю салідарнасць па гэтым пытанні і ўносім свой уклад у супольную справу.

Старшыня цэхавага камітэта Мінскага трактарнага завода Аляксандр ЦІШКЕВІЧ удзельнічаў у суботніку ўжо не першы раз. «Наша прадпрыемства заўсёды стараецца дапамагчы захоўваць гістарычныя каштоўнасці Беларусі. На такіх рэчах выхоўваюцца пакаленні, таму мы павінны ўтрымліваць помнікі, такія як Брэсцкая крэпасць, Курган Славы, Трасцянец, у добрым стане. Да стварэння мемарыяла я стаўлюся выключна станоўча», — адзначыў Аляксандр.

Падтрымлівае ідэю стварыць тут помнік і старшыня цэнтральнага камітэта грамадскага аб'яднання «Ліга камуністычнай моладзі» Антон ЛОЙКА. «Мне цяжка ўявіць, што тут павінна быць, але мне здаецца, што экспертная камісія абярэ найлепшы варыянт. Хочацца, каб тут усё было дагледжана, — падкрэсліў ён. — Як я стаўлюся да гэтага месца? Гэта месца памяці і месца смутку. Паколькі тут ляжаць мае суайчыннікі-беларусы, трэба прыходзіць і прыбіраць, таму мы і далучыліся да суботніка. У цэлым гэтая акцыя сведчыць аб тым, што мы шануем памяць нашых продкаў».

Майстар Мінскага завода халадзільнікаў «Атлант» Дзяніс ГЛУШАНІН заўважыў, што той, хто хоча дапамагчы, заўсёды можа прыехаць у Курапаты. «Памяць людзей павінна быць ушанавана ў першую чаргу нашымі справамі і ўчынкамі. Я прыйшоў сюды для таго, каб навесці тут парадак. І гэта будзе мой асабісты ўклад для памяці тых, хто тут пахаваны, — падкрэсліў Дзяніс. — Галоўнае — дапамагаць справамі, а не словамі. Прыязджайце сюды, дапамагайце, гэта будзе значна больш эфектыўна, чым усякія заклікі і сходы».

Тым часам

Аб'яўлены конкурс эскізных праектаў памятнага знака (мемарыяла) «Курапаты». Заяўкі прымаюцца да 26 красавіка ўключна. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве культуры.

Удзельнікамі конкурсу могуць быць скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю. «Заяўкі на ўдзел прадстаўляюцца да 26 красавіка па адрасе: Мінск, праспект Пераможцаў, 11, кабінет 308. Кантактны тэлефон: +375 17 203 91 31», — праінфармавалі ў міністэрстве.

Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены 25 красавіка не пазней чым да 17.00 па адрасе: Мінск, вуліца Някрасава, 3, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Беларусі.

«У хуткім часе будуць адкрыты дабрачынныя рахункі ў беларускіх рублях і замежнай валюце для збору сродкаў на стварэнне памятнага знака ў Курапатах», — дадалі ў міністэрстве.

Мэта конкурсу — пошук найбольш выразнага мастацкага ўвасаблення вобраза ўрочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння. «Кампазіцыйнае і пластычнае выкананне памятнага знака (мемарыяла) павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва, адлюстроўваць галоўную ідэю — увекавечання памяці ўсіх бязвінна загінулых ахвяр ХХ стагоддзя ў гісторыі Беларусі», — растлумачылі ў Міністэрстве культуры.

Памятны знак павінен быць устаноўлены ва ўрочышчы Курапаты і лаканічна ўпісвацца ў ландшафт. «Дакладнае месца размяшчэння можа быць прапанавана ўдзельнікамі конкурсу з улікам асаблівасцяў праекта і яго архітэктурна-пластычнага вырашэння, уключаючы прапановы па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля памятнага знака», — адзначылі ў міністэрстве.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Дапамагаць справай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.