Вы тут

Юрый Валяваты: Дзверы майго кабінета заўжды адчынены для людзей


Чарговая прамая лінія, у якой узяла ўдзел карэспандэнт газеты «Звязда», адбылася ў Мастах. На пытанні насельніцтва адказваў старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый ВАЛЯВАТЫ.


Першы званок прагучаў нават раней за прызначаны час. Тэлефанавала Зоя Якаўлеўна, якая жыве ў адным з дамоў па вуліцы Станцыённай. Жанчына падняла пытанне добраўпарадкавання вуліцы.

— Юрый Мікалаевіч, мужу-інваліду — 88 гадоў, мне — 86. На вуліцы няма ні ліўнёўкі, ні каналізацыі, узровень грунтовых вод вельмі высокі, вада стаіць у двары, — звярнулася яна да старшыні райвыканкама. — Ямы на дарозе такія, што ногі можна зламаць. Што ўжо казаць пра машыны...

— Я ведаю гэтую праблему. Што датычыцца вашай вуліцы, сёлета ажыццявім ямачны рамонт. Калі казаць пра арганізацыю ліўневай каналізацыі, пакуль няма праектна-каштарыснай дакументацыі, я нічога зрабіць не магу.

Але старшыня райвыканкама прапанаваў часовую дапамогу і тут жа, не перарываючы размовы з Зояй Якаўлеўнай, патэлефанаваў начальніку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Апошні, у сваю чаргу, паабяцаў неўзабаве выехаць і адпампаваць застаялую ваду. Аб гэтым Юрый Валяваты паведаміў мясцовай жыхарцы і напрыканцы размовы пацікавіўся станам здароўя мужа, а таксама тым, ці ў поўнай меры інваліду аказваецца медыцынская дапамога.

Не паспеў старшыня пакласці трубку, як на сувязь выйшла Данута Яўгенаўна Радзінская. Жанчына, якая жыве ў вёсцы Масты Правыя, пацікавілася ў кіраўніка раёна, ці атрымае яе муж у канцы месяца заробак.

— А ёсць сумненні, што можа не атрымаць? — удакладніў Юрый Мікалаевіч.

— За студзень атрымаў. А як далей будзе, не ведаю, — пачулі на тым канцы проваду.

— Калі ваш муж у мінулым месяцы добрасумленна працаваў, вядома, ён атрымае заробленыя ім грошы.

Пакуль чакалі чарговага званка, старшыня Мастоўскага райвыканкама расказаў, што прамая лінія супала з прыёмным днём. Прычым ён ужо паспеў выслухаць некалькі чалавек. У прыватнасці, аднаго з мастаўчан у раённую адміністрацыю прывяло сумненне ў замене газавай пліты. Тэрмін дзеяння, які дазваляе карыстацца газавай плітой, у мясцовага жыхара скончыўся. Супрацоўнікі службы газу папярэдзілі, што, калі той не заменіць пліту, яны адключаць газазабеспячэнне.

— Ніхто не растлумачыў гэтаму чалавеку, навошта ён абавязаны памяняць газавую пліту, — заўважыў Юрый Валяваты. — Я паспрабаваў яму данесці, што ў першую чаргу гэта трэба зрабіць у мэтах бяспекі. Хацеў ён мяне пачуць ці не — гэта ўжо іншае пытанне.

Звініць тэлефон. На сувязі — Лізавета Пятроўна. Жанчыну турбуе стан дарогі ў вёсцы Харціца. Уважліва выслухаўшы просьбу, старшыня райвыканкама паведаміў, што запланавана грэйдзіраванне дарожнага палатна, але ўдакладніў, што патрэбна пачакаць добрых умоў: пры вільготным надвор'і дарожныя работы якасных вынікаў не дадуць.

— Тут яшчэ праблемны з'езд, — дадала жанчына.

— Той з'езд, пра які вы кажаце, несанкцыянаваны. Санкцыянаваны з'езд знаходзіцца ў нармальным стане, — адказаў старшыня.

— А ці будзе ажыццёўлены рамонт па суседняй вуліцы? — жыхарка Харціцкага сельскага Савета вырашыла агучыць усе набалелыя пытанні.

— Абавязкова!

— Тады добра. Дзякуй!

Усяго падчас прамой лініі старшыні Мастоўскага райвыканкама патэлефанавалі тры чалавекі. Калі ўлічыць амаль дзясятак заяўнікаў, якія ў той жа дзень сустрэліся з кіраўніком раёна асабіста, наўрад ці можна казаць аб невысокай актыўнасці насельніцтва.

— Асноўная прычына невялікай колькасці званкоў — штодзённая работа спецыялістаў райвыканкама, — перакананы Юрый Валяваты. — Кожны дзень нехта з маіх намеснікаў вядзе прыём грамадзян, рэгулярна працуем з людзьмі ў межах дня інфармавання, 24 гадзіны ў суткі можна патэлефанаваць дзяжурнаму. Амаль штодзень я дзесьці бываю: ці гэта прамысловае, ці будаўнічае прадпрыемства, або выязджаю ў вёску, дзе заўсёды можна задаць надзённае пытанне. Дзверы майго кабінета заўжды адчынены, незалежна ад таго, вяду я сёння прыём грамадзян ці не. Напэўна, трэць насельніцтва раёна ведае мой нумар тэлефона. Прынцып работы — быць заўсёды на сувязі.

Як расказаў старшыня райвыканкама, у апошні час найбольш людзей хвалюе пытанне працаўладкавання. Кожнаму ахвотнаму прапаноўваюць вартае працоўнае месца. Іншае пытанне, хоча чалавек працаваць ці не.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.