Вы тут

Адкарэкціраваны пэўныя нюансы праходжання ЦТ


Пра змяненні, што былі ўнесены ў Правілы прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, стала вядома яшчэ ў пачатку года. У прыватнасці, абітурыенты даведаліся пра тое, што цяпер яны змогуць здаваць на ЦТ чатыры дысцыпліны замест трох (адну з дзяржаўных моў плюс тры профільныя прадметы), а таксама пра павелічэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ на два гады. Днямі пастановай урада былі ўнесены карэктывы ў Парадак арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання з улікам новых Правілаў прыёму, зацверджаных кіраўніком дзяржавы.


Згодна з гэтым дакументам, у выпадку, калі абітурыент зарэгіструецца для праходжання ЦТ больш чым па чатырох вучэбных прадметах, ён будзе дапушчаны да ўдзелу толькі па чатырох першых прадметах (згодна з графікам правядзення ЦТ), на якія ён зарэгістраваўся. Таксама ў Палажэнні аб парадку арганізацыі і правядзення ЦТ падрабязна рэгламентавана магчымасць выхаду з экзаменацыйнай аўдыторыі падчас здачы ЦТ.

Абітурыенты змогуць выходзіць з аўдыторыі па ўважлівай прычыне (дрэннае самаадчуванне, фізіялагічныя патрэбы і інш.) падчас правядзення ЦТ толькі ў суправаджэнні арганізатара, які забяспечвае правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання па-за аўдыторыяй. Пры выхадзе абітурыент пакідае экзаменацыйныя матэрыялы і лісты для рабочых запісаў на сваім працоўным месцы ў аўдыторыі побач з дакументам, які сведчыць яго асобу. Адказны арганізатар перад гэтым у прысутнасці абітурыента правярае камплектнасць пакінутых ім экзаменацыйных матэрыялаў. Час знаходжання абітурыента па-за аўдыторыяй уключаецца ў агульны час праходжання цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбным прадмеце, гэта значыць, што ніхто не будзе персанальна падаўжаць экзамен для асобна ўзятага чалавека. Аб гэтым абітурыент павінен быць папярэджаны загадзя, да выхаду з аўдыторыі, каб узважыць усе «за» і «супраць». Факт выхаду за межы аўдыторыі фіксуецца адказнымі арганізатарамі ў пратаколе правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

Пасля вяртання абітурыента ў аўдыторыю для праходжання ЦТ адказны арганізатар паўторна правярае ў яго прысутнасці камплектнасць экзаменацыйных матэрыялаў, якія знаходзяцца на рабочым месцы абітурыента.

Таксама ў абноўленым Парадку арганізацыі і правядзення ЦТ ёсць і пункт, які ўлічвае тую акалічнасць, што сертыфікаты цяпер будуць дзейнічаць два гады. Напрыклад, абітурыент можа не паступіць у бягучым годзе ў ВНУ, згубіць ці сапсаваць свой сертыфікат, а на наступны год вырашыць скарыстацца сваімі мінулагоднімі вынікамі ЦТ. У гэтым выпадку ён зможа звярнуцца ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, каб атрымаць дублікат сертыфіката. Дублікаты будуць прызнавацца сапраўднымі да канца каляндарнага года, які ідзе за годам, у які здавалася цэнтралізаванае тэсціраванне.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Ці выходзіць з экзаменацыйнай аўдыторыі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.