Вы тут

...Бо цукар мне куды саладзейшы


Не ведаю, як іншыя, а я, здаецца, заўсёды марыў, як добра было б, калі б мы, беларусы, жылі ў беларускамоўным асяроддзі: чулі вакол сваю родную мову, бачылі яе на шыльдах, чыталі на ёй... У тым ліку і газеты.


Помню, у савецкія часы не толькі «Звязда», але і многія іншыя газеты друкаваліся па-беларуску... Цяпер жа ёсць людзі, якія бяруцца сцвярджаць, што беларуская мова штучная, што яе прыдумалі ледзь не ў ХХ стагоддзі. Уявіце: селі нейкія «разумнікі», памазгавалі і «выдалі на гара» амаль сто тысяч слоў (столькі ў слоўніку Крапівы)...

Ды смеху ж варта: я колькі помню сябе, заўсёды чуў менавіта беларускую мову. Мая маці, напрыклад, была непісьменнай, значыць, недзе вычытаць словы «лялька», «пчаляр», «сподак», «бусел», «буська», «байка» і безліч іншых яна проста не магла. Але ж ведала... Адкуль? Ад сваёй маці, ад бабулі, ад іншых людзей.

Зрэшты, у нашай вёсцы, якая заўсёды размаўляла па-беларуску, былі і тыя, якім іншая мова падабалася больш. Памятаю, дзяўчаты ездзілі на заробкі ў Саратаўскую вобласць, і адна, вярнуўшыся, ужо лічыла, што сахар — гэта куды саладзей, чым цукар, што лепей чтокать, а не штокаць, але ж вяскоўцы з яе толькі пасмейваліся.

Так што мая беларуская мова ад іх — ад маці, ад землякоў, ад настаўніка Фёдара Трафімавіча Навумовіча, які заўсёды гаварыў толькі па-нашаму... А яшчэ — ад «Звязды», якую я выпісваю з квартала ў квартал, каб чытаць, каб не забывацца родныя словы.

В. М. Пяшэвіч,

в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён.

P.S. Васіль Мікітавіч аформіў падпіску на «Звязду». Нехта, магчыма, забыўся, не змог альбо не захацеў, бо часам і сапраўды бывае багата ў газеце рэкламы ды балансаў. Але ж сталыя нашы падпісчыкі ўжо ведаюць, што скончыцца сакавік—красавік, і будзе менш гэтых абвестак. А «Звязда» — застанецца: яна — як і сто гадоў таму — будзе прыходзіць да чытачоў, якія, хочацца верыць, памятаюць, што падпісацца на газету можна заўсёды. Па сакрэце: не выключана, што нават зараз, пасля афіцыйнага завяршэння падпісной кампаніі. Паспрабуйце. Хутчэй за ўсё паштавікі пойдуць вам насустрач. І тады вы будзеце пяць разоў на тыдзень цягам месяца, двух ці квартала атрымліваць родную газету на роднай мове.

Альбо — на першай дзяржаўнай, якую, жывучы ў Беларусі, усё ж такі трэба ведаць, а ведаючы, не забываць.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.