Вы тут

Як бяспечна навесці парадак на зямлі


Сёлета ад выпальвання травы ўжо ёсць пацярпелыя.

Кожную вясну ратавальнікі сутыкаюцца адначасова з дзвюма праблемамі, якія, на першы погляд, супярэчаць адна адной. Гэта паводкі і пажары ў экасістэмах. Увесну ў зводкі здарэнняў трапляюць не столькі лясныя або тарфяныя пажары, колькі ўзгаранні травы і кустоўя. Часцей за ўсё даводзіцца тушыць мінулагоднюю расліннасць, якую гаспадары прысядзібных участкаў не палічылі патрэбным прыбраць яшчэ ўвосень.


Чамусьці людзі прытрымліваюцца меркавання, што травяны пажар — гэта працэс, які скончыцца сам па сабе і ніякай шкоды не прыносіць. Але з экалагічнага боку выпальванне сухой травы нічога карыснага не нясе. У верхніх слаях глебы жыве шмат вельмі дробных насякомых, жывёл і чарвякоў, якія прыносяць шмат карысці экасістэмам. У агні ж яны ўсе гінуць. І глеба імгненна збядняецца.

— Сёлета ратавальнікам вельмі моцна дапамагае надвор'е, — кажа памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Напрыклад, у 2015-м, калі пачатак вясны выдаўся вельмі сухім, быў дзень, калі з-за выпальвання травы загінулі адразу пяць чалавек. Сёлетні ж сакавік пакуль выдаўся даволі шчодрым на ападкі і скупым на яснае сонечнае надвор'е. Дзякуючы гэтаму ў зямлі захоўваецца вельмі шмат вільгаці, ды і расліннасць таксама не гарыць. Але, на жаль, не заўсёды. Па стане на раніцу панядзелка, з пачатку года ў краіне ўжо зарэгістравана 116 выпадкаў пажараў травы і кустоўя. Некантраляваны агонь прынёс шкоду на 33 гектарах зямлі. Што да рэгіёнаў, то ў сумныя «чэмпіёны» выбіліся Магілёўская вобласць і Мінск. Не ў апошнюю чаргу з-за таго, што моцных дажджоў тут было значна менш.

У некалькіх пажарах нават ёсць пацярпелыя. Напрыклад, 12 сакавіка з дыягназам «апёк полымем твару 1, 2, 3 ступеняў» у аддзяленне Мінскай гарадской бальніцы была дастаўлена жанчына 1961 года нараджэння. Мінчанка атрымала траўму напярэдадні, калі спальвала смецце ў сябе на дачы ў Капыльскім раёне. Вярнуўшыся ў сталіцу, яна адчула сябе дрэнна і звярнулася па дапамогу да медыкаў.

А 23 сакавіка ў хірургічнае аддзяленне Шчучынскай раённай бальніцы быў шпіталізаваны мясцовы жыхар. Ён атрымаў апёкі твару і рук — усяго яны занялі каля 2% плошчы цела. Аказалася, што, знаходзячыся ў вёсцы Буйвічы, ён спальваў смецце. У той момант, калі ён стаяў вельмі блізка да вогнішча, нечаканы парыў ветру імгненна здзьмуў полымя ў яго бок. Праз некаторы час адчуў боль і набраў нумар 103.

Асаблівасць апёкавай траўмы ў тым, што чалавек адразу не адчувае цяжар яе наступстваў. Самаадчуванне пагаршаецца толькі праз некаторы час. І з-за гэтай акалічнасці лячыць яе становіцца цяжэй.

Часцей за ўсё ахвярамі выпальвання расліннасці становяцца людзі ва ўзросце. У іх запаволеная рэакцыя, часта яны не могуць збегчы, пакуль агонь не перарэзаў шляхі адступлення. Да гэтага дадаецца і моцнае хваляванне з-за ўсведамлення зробленага. Таму лепш за ўсё праведаць пажылых сваякоў у вёсцы і арганізаваць усю работу за іх.

— Пазбаўляцца ад старой сухой травы можна. Іншая справа — як гэта правільна зрабіць. А ўсяго толькі варта зважаць на элементарныя правілы бяспекі, — раіць Віталь Навіцкі. — Па-першае, надвор'е мусіць быць бязветраным. Па-другое, давайце прааналізуем выпадкі, якія скончыліся смерцю. Усё пачыналася
з таго, што людзі кідалі запалку, не прыняўшы ніякіх дадатковых мер загадзя. Дык вось, спярша трэба акапаць месца, дзе вы будзеце спальваць расліннасць. Яно не павінна быць вялікім. Пад рукой трэба мець любы сродак тушэння. Гэта вядро з вадой, вогнетушыцель ці вядро з пяском і рыдлёўка. Касцёр ні ў якім разе нельга пакідаць без нагляду. Высахлыя сцябліны гараць як порах, раскідваючы іскры. Некалькіх хвілін дастаткова для таго, каб пачаўся пажар. З-за гэтага трэба падкідваць «паліва» невялікімі порцыямі, а таксама вытрымліваць пэўную адлегласць ад прадметаў, якія могуць загарэцца. Напрыклад, для пабудоў гэта — дзесяць метраў, для лесу — дваццаць, а для скірдаў саломы — і ўвогуле мінімум складае трыццаць метраў. Зрэшты, ва ўмовах сельскай мясцовасці дамагчыся такой адлегласці нескладана.

А, напрыклад, аўтар гэтых радкоў для ўтылізацыі сухой травы карыстаецца старой жалезнай бочкай, якая звонку чымсьці нагадвае печку-буржуйку са старых фільмаў.

Май на ўвазе

Артыкул 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях рэгламентуе: незаконнае выпальванне расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў на зямельных участках цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. Сёння гэта ад 230 да 920 рублёў.

— Калі вы бачыце, што дзесьці ў полі гарыць трава, то лепш як мага хутчэй пакінуць месца пажару і выклікаць ратавальнікаў па нумары 101.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб добраўпарадкаванне да пажару не давяло

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.