Вы тут

Дзе маладыя мамы могуць падзяліцца сваімі праблемамі?


Карысную ініцыятыву для жанчын, што знаходзяцца ў дэкрэце, запусцілі ў мінскім мікрараёне Брылевічы. На базе тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна запрацаваў «Лятучы клуб мам». Што гэта такое? Раз на тыдзень маладыя мамы збіраюцца, каб абмеркаваць праблемы, з якімі ім даводзіцца сутыкацца, даведацца пра досвед іншых бацькоў. На сустрэчы плануецца запрашаць таксама медыкаў, юрыстаў, псіхолагаў.


На су­стрэ­чы «Ля­ту­ча­га клу­ба мам» пры­яз­джа­юць жы­хар­кі не толь­кі Мас­коў­ска­га, але і ін­шых ра­ё­наў ста­лі­цы. Кан­струк­тар, мя­чы­кі, ма­шын­кі — усё, каб дзе­ці не су­ма­ва­лі.

«Дома засядзеліся»

Пачатак а 12-й раніцы. На сход клуба ўжо падцягнуліся першыя мамы. Жанчыны заварваюць чай і раскладаюць печыва: утульнасць перш за ўсё. У яркім пакоі, дзе праходзяць сустрэчы, сапраўды хатняя абстаноўка. Мяккія пуфікі, вялікі дыван, стэлажы з цацкамі, спавівальны столік. На сценах — героі вядомага савецкага мультфільма пра маманцяня. Упрыгожыць пакой дапамог мастак-валанцёр з суседняга праваслаўнага прыхода.

— Я пра клуб даведалася ад суседкі, — расказвае Таццяна, пакуль расшпільвае куртачку сваёй маленькай дачцэ. Ксеніі паўтара года, і яна вельмі актыўнае дзіця.

— Засядзеліся мы дома, — уздыхае Таццяна. — Таму цяпер ходзім па розных гуртках.

— А можа сустрэчы клуба будзем крыху пазней праводзіць? А то мы ледзь паспяваем, дзеці толькі нядаўна прачнуліся, — просяць некаторыя мамы.

Хрысціна на сённяшні сход прыехала адна. Дома з яе дзевяцімесячнай дачушкай засталася бабуля: у той якраз выхадны.

— Чаму прыходжу сюды? Тут абмяркоўваюцца цікавыя тэмы, — тлумачыць Хрысціна.

— Але ж многае можна і ў інтэрнэце пачытаць...

— У інтэрнэце шмат лішняй інфармацыі, можна так і не атрымаць адказ на сваё пытанне. А тут пытаешся наўпрост. Плюс спецыялісты на сустрэчах кансультуюць. А ў сеціве я ж не ведаю, хто артыкулы піша.

Маладая мама прызнаецца: калі пайшла ў дэкрэт, аддалілася ад многіх сябровак, у якіх няма дзяцей. А ў клубе набыла новае кола зносін. Тут яна можа параіцца з іншымі бацькамі, пачуць, як яны выхоўваюць сваіх малых.

Настасся — мама дзіцяці з асаблівасцямі ў развіцці. Сямігадовая Ксюша ходзіць у дзіцячы садок, у наступным годзе збіраецца ў школу, у інтэграваны клас. «Мы спецыяльна месца жыхарства змянілі дзеля школы, — дзеліцца Настасся. — У Маскоўскім раёне добра развітае безбар'ернае асяродзе».

Сама маладая мама займаецца валанцёрствам, грамадскай дзейнасцю. Цяпер да спіса спраў дадаліся і штотыднёвыя сходы ў тэрытарыяльным цэнтры.

— Клуб быў разлічаны на мам у дэкрэтным водпуску. Але мой дэкрэт, як і ў большасці жанчын з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці, зацягнуўся, — усміхаецца Настасся. — Такія сустрэчы для мяне — гэта магчымасць падзяліцца досведам, набыць новыя кантакты.

Ад кансультацый да фестываляў двара

На адкрыццё «Лятучага клуба мам» натхніў вопыт Польшчы. Там, у горадзе Мілянувек, падобны праект запусцілі гадоў сем таму.

— Жанчыны, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, крыху выключаны са звыклага для іх жыцця. А такая кансалідацыя мам, узаемападтрымка дапамагаюць перажыць гэты перыяд, — тлумачыць неабходнасць клуба дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена ДЗЯМІДАВА. — Так атрымалася, што ў групе сабраліся і мамы з асаблівымі дзецьмі. І яны былі добра прыняты. Цудоўна, што акрамя пытанняў, якія датычацца ўсіх, праблемы інклюзіі не засталіся збоку.

Тэмы для сустрэч падказваюць самі мамы. Сёння, напрыклад, яны захацелі пагаварыць пра тое, як змагацца з дэпрэсіяй. Хоць хутка пераключыліся на рэчы яшчэ больш надзённыя: талончыкі да ўрача. Вось дзе сапраўды карысна пачуць досвед «бывалых».

У тэрытарыяльным цэнтры кажуць, што гатовы абмяркоўваць з маладымі мамамі пытанні і дадатковай адукацыі, і выхавання дзяцей. І нават тэмы, што не датычацца малых. Напрыклад, запрасіць на сустрэчу стыліста ці візажыста.

— Для дзяцей адкрыта шмат развіваючых цэнтраў, а для мам — амаль нічога. Большасць часу яны аддаюць малым, а пра сябе забываюць. Праз гэта паўстаюць псіхалагічныя праблемы. Клуб — гэта прастора, дзе можна сустрэць аднадумцаў. І дзіця будзе побач: пакой абсталяваны так, каб малым было чым заняцца, — кажа псіхолаг-кансультант цэнтра Хрысціна МУХІНА-ГЕВАРГЯН, якая праводзіць сустрэчы клуба.

Ініцыятыву ўспрынялі на ўра. Што не дзіўна: Маскоўскі раён — малады, тут жыве шмат бацькоў з малечамі. Больш за 50 сем'яў выхоўваюць дзяцей-інвалідаў да трох гадоў.

Яшчэ адна мэта праекта — падштурхнуць мам быць больш ініцыятыўнымі. Так, у Польшчы актыўныя гараджанкі стварылі спецыяльны сэрвіс з інфармацыяй аб якасці дзіцячых пляцовак.

— Жанчыны ў дэкрэтным водпуску валодаюць пэўнымі рэсурсамі. У іх ёсць час і спецыяльныя навыкі ў розных сферах. Хочам стварыць умовы, каб маладыя мамы аб'ядноўваліся і вырашалі пытанні, якія іх хвалююць, — адзначае Алена Дзямідава. — Мы адкрыты для прапаноў. Абменьвацца рэчамі, праводзіць фестывалі двара — калі ласка. Калі хтосьці захоча гэта арганізаваць, мы дапаможам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Лятучы клуб

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

 Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансiстам патрэбны банкноты — прымаюць любыя. Банкi гарантуюць, што захаваюць нашы грошы

Фiнансавыя паслугi адзiн аднаму людзi аказваюць ужо тысячы гадоў. 

Палітыка

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Валерый Вакульчык, які з верасня гэтага года працаваў на пасадзе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, а да гэтага быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.