Вы тут

Важныя ўрокі


Аднойчы настаўніца матэматыкі дала вучням незвычайнае заданне: «Падумайце, што вам больш за ўсё падабаецца ў кожным з аднакласнікаў, і запішыце гэтую якасць насупраць яго прозвішча». У канцы ўрока яна сабрала спісы. За выхадныя апрацавала вынікі і ў панядзелак раздала кожнаму вучню паперку, на якой пералічыла ўсё тое добрае, што заўважылі ў ім аднакласнікі.


...Праз некалькі гадоў адзін з тых вучняў загінуў у В'етнаме. Яго хавалі на радзіме. З Маркам прыйшлі развітацца сябры, былыя аднакласнікі, настаўнікі. Яго бацька падышоў да настаўніцы матэматыкі: «Гэта знайшлі ў рэчах Марка, — з кішэні ён дастаў складзеную ў чатыры разы, пацёртую на згінах паперку. Было бачна, што яе шмат разоў чыталі і перачытвалі. — Ён не разлучаўся з ёй. Пазнаяце?» Гэта быў спіс станоўчых якасцяў, якія заўважылі ў Марку аднакласнікі.

І тут здарылася дзіўнае: адзін за адным аднакласнікі Марка даставалі такія ж паперкі. Многія заўсёды трымалі іх пры сабе. Адзін з іх сказаў: «Мы ўсе захавалі гэтыя спісы. Хіба можна такое выкінуць?»

На днях я таксама знайшла ў сваім штодзённіку паперку, складзеную ў чатыры разы. На ёй зверху вялікімі літарамі было напісана: «МЯНЕ РАДУЕ». А ніжэй — лічбы ад 1 да 10 у слупок. Гэтую паперку мне дала адна жыццялюбка падчас інтэрв'ю. Па шчырасці некалькі разоў спрабавала яе запоўніць, але так і не змагла. І вось раніцай я ўспомніла пра той спіс. Зусім выпадкова.

На вуліцы было вельмі ветрана. Каб крыху сагрэцца, я забегла ў любімую кавярню. На століку знайшла інструкцыю: «Як быць шчаслівым?» Сярод дзясятка малюнкаў з подпісамі мне чамусьці ў вочы кінуўся «радуйся жыццю». Тут жа дастала са штодзённіка паперку. І запісала па гарачых слядах каля пункта 1.: «Зранку выходзіла з пад'езда. Прытрымала дзверы дзвюм школьніцам, якія прыехалі на вакацыі да бабулі. «Прывітанне, праходзьце». У адказ пачула нечаканае, беларускамоўнае «Дзякуй». Абрадавалася».

Падышла разлічыцца за гарбату з круасанам. Каля стойкі ўбачыла стыльную драўляную скарбонку з адтулінамі для манет рознай вартасці. «Гэта для чаявых?» — запыталася ў дабрадушнага бармена Валерыя. — «Не, збіраем грошы на корм для коцікаў, што жывуць у двары кавярні». — «О, цудоўная задумка», — абрадавалася я і кінула ў скарбонку пару манет.

Потым паехала на рэпартаж. У вагон метро зайшла жанчына з маленькім сынам. Было ўсяго адно вольнае месца. «Мама, сядай! Я пастаю», — сказаў хлопчык. Напэўна, яго тата заўсёды саступае месца маме, з усмешкай падумала я.

Потым напісала матэрыял пра цудоўны сацыяльны праект для асаблівых дзетак. І таксама на душы стала радасна. Ад адчування, што, магчыма, мой тэкст дапаможа добрай справе.

А ўвечары сястра даслала здымак з кранальным подпісам: «Хоць ты ўжо і не збіраеш анёлаў, але не змагла міма гэтага прайсці і не падумаць пра цябе. HOPE (гэта слова выгравіравана на анёлку. — Аўт.) — Надзея, і зялёны, і фрызура, як у цябе».

Карацей за дзень у мяне набралася значна больш за 10 нагодаў для радасці. Ад маленькіх да вялікіх.

...Школьнае заданне настаўніцы матэматыкі дапамагло вучням паверыць у сябе. Радасны ж практыкум нагадаў мне, што, аказваецца, гэта так проста — радавацца жыццю. Трэба ўсяго толькі прытрымлівацца парады Амара Хаяма: не спяшацца, смакаваць кожнае імгненне. І не трапляць у тры пасткі, якія крадуць радасць: шкадаванне аб мінулым, трывога за будучыню і няўдзячнасць за сучаснае.

Р. S. Калі мы пераязджалі на новую кватэру, муж хацеў выкінуць мае ружовыя марлевыя крылы. Маўляў, у нас і так вельмі шмат рэчаў. «Хіба такое можна выкінуць?! Я ж у іх езджу час ад часу на ровары і дару ўсмешку людзям». Учора прыцягнула тыя крылы на працу, паклала на паліцу з падшыўкай «Сямейнай газеты». Пакуль везла іх, падарыла ўсмешку яшчэ некалькім дзясяткам мінакоў. Сяджу дапісваю гэтую калонку і радуюся.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».