Вы тут

Як дапамагчы асаблівым сем'ям перамяшчацца па горадзе


У мінчаніна Дзмітрыя Кухціна ёсць уласная сям'я, бізнес, захапленні. А таксама вялікае і добрае сэрца. На працягу апошніх шасці гадоў малады чалавек, валанцёр Дзіцячага хоспіса, бясплатна на сваёй машыне вазіў дзяцей-інвалідаў па розных іх справах. «Я наматаў тысячы «кіламетраў дабра», але задавальнення не было. Час ідзе, а я разумею, што дапамагаю толькі некалькім сем'ям. А такіх сем'яў, якім патрэбна дапамога, шмат. Тым больш, у мяне работа. Я не заўсёды магу сарвацца ў любы момант. Так узнікла ідэя стварыць унікальны сэрвіс, дзе кожны можа дапамагчы і дзе кожнае дзіця з асаблівасцямі можа перамяшчацца куды захоча ў зручны час».

Ідэю Дзмітрыя падтрымалі не толькі жонка, калегі, сябры, але і зусім незнаёмыя энтузіясты. А ў суботу бясплатны сэрвіс таксі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця стаў пераможцам Хакатону Socіal Weekend (конкурсу сацыяльных праектаў) і атрымаў фінансавую падтрымку.


— Як будзе працаваць сервіс «Кіламетры дабра»? — цікаўлюся ў Дзмітрыя.

— Вось наш сайт kіlometry.by, — паказвае на мабільным тэлефоне. — Сям'я, якой трэба некуды дабрацца, рэгіструецца тут (сайт пакуль у распрацоўцы) і пакідае заяўку. Маўляў, нам раз-два на тыдзень трэба з'ездзіць па такім адрасе. Мы пралічваем колькасць кіламетраў і знаходзім добраахвотнікаў, якія хочуць дапамагчы аплаціць паездку. Спонсары (гэта можа быць любая фізічная ці юрыдычная асоба) пералічваюць грошы, і мы заказваем таксі. Глядзім, каб быў адпаведны аўтамабіль, у які, калі ёсць такая неабходнасць, змесціцца інвалідная каляска. Сталічная служба «Таксі пятніца» пагадзілася вазіць дзетак па зніжаным тарыфе. Але мы адкрытыя да супрацоўніцтва і з іншымі службамі. Таксіст вязе сям'ю па патрэбным адрасе. Мы кантралюем і аплачваем паездку. Затым дасылаем спонсару справаздачу. А за аплачаныя «кіламетры дабрыні» прапаноўваем яму зніжкі і бонусы ў кампаніях-партнёрах сэрвісу. Чым больш «кіламетраў дабра» на рахунку, тым большы выбар зніжак і бонусаў.

На днях адбылася першая, тэставая паездка бясплатнага сэрвісу таксі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. У ёй узялі ўдзел і карэспандэнты «Звязды». Пад'ехаў на вуліцу Рагачоўскую, каб пракантраляваць першую паездку, і Дзмітрый Кухцін.

У 12.20 з пад'езда выходзіць Вольга Назарава з 6-гадовай дачушкай на руках. У Арыны складаны дыягназ: дзяўчынка не ходзіць і не размаўляе. Кіроўца таксі Андрэй дапамагае пасадзіць малую ў дзіцячае крэсла. Вольга вельмі хвалюецца: адразу відаць, не прывыкла да зносін з журналістамі. Кажа, што наогул мала кантактуе з грамадствам пасля нараджэння дачкі. Па дарозе даведваюся, што едуць яны да астэапата.

— Нам пашанцавала сустрэць спецыяліста такога маштабу. Асаблівых дзяцей ён прымае бясплатна. Бясплатны сервіс, які прыдумаў Дзіма, на мой погляд, вельмі неабходны. Пенсія па інваліднасці — невялікая. Таму гэта істотная падтрымка бацькам такіх дзетак. Калі на дзяржаўным сацыяльным таксі, якое ёсць у нашым горадзе, напісана «Свет без межаў», то, напэўна, гэта не зусім так. У тым праекце ўсё ж такі ёсць абмежаванні. Яно возіць толькі ў дзяржаўныя бальніцы і паліклінікі. Любыя ж бацькі шукаюць спецыяліста з досведам, які дапаможа. І, магчыма, гэты доктар, якому яны давяраюць, будзе працаваць не ў дзяржаўнай медустанове. Як у маім выпадку. Я вельмі доўга шукала лагапеда для Арыны. Мала ў нас спецыялістаў, якія могуць справіцца з такой паталогіяй. Зноў-такі пашчасціла: знайшла цудоўнага доктара. Я давяраю яму, бо бачыла складаных дзяцей, якія пасля некалькіх гадоў рэгулярных заняткаў пачалі гаварыць першыя словы. Але ён таксама працуе прыватна...

У нашым Першамайскім раёне сацыяльнае таксі прадастаўляе адной сям'і пяць бясплатных паездак у месяц. Нам жа трэба наведваць рэгулярна некалькіх спецыялістаў: два разы на тыдзень — лагапеда, тры разы — ЛФК...

Акрамя таго, трэба загадзя сказаць аператару дакладны час знаходжання ў паліклініцы. На форумах для асаблівых дзяцей пішуць, што былі выпадкі, калі сацыяльнае таксі з'язджала, бо чалавек затрымліваўся хвілін на 5—10. Складана нешта дакладна спланаваць, да кожнай секунды. Гэта ж дзіця, чарга...

Асабіста я сутыкнулася з іншай сітуацыяй. У цябе талончык на 12.00, а ў тэрытарыяльным цэнтры кажуць: «Машына адвязе, але праз гадзіну яна вас забраць не зможа, бо ў гэты час вязём пацыентаў на гемадыяліз. Па вас мы можам заехаць... Зараз пагляджу... У 15.00».

На жаль, я ў свой час не навучылася кіраваць машынай. А цяпер з такім дзіцем гэта практычна нерэальна. Не магу пакінуць Арыну адну.

Я вельмі ўдзячна Дзіму. Гэта неверагодны чалавек. Апошні год ён нас рэгулярна і зусім бясплатна вазіў на сваёй машыне да лагапеда. Ён проста адной сваёй прысутнасцю падтрымлівае мяне. Яго словы, якія чула падчас паездак, неаднаразова дапамагалі мне ў складаных сітуацыях не апусціць рукі.

— Ну, як уражанні ад першай паездкі? — цікаўлюся на развітанне ў Вольгі Назаравай.

— Нам вельмі спадабалася. Пачынаючы ад знешняга выгляду кіроўцы таксі Андрэя, заканчваючы размовай. Ветлівы, выхаваны чалавек. Усё было вельмі добра, хутка. Калі праект «Кіламетры дабра» атрымае падтрымку — гэта будзе насамрэч акно ў свет для такіх сем'яў, як наша.

— Толькі ў Мінску каля 10 тысяч асаблівых дзетак. Мне вельмі хочацца, каб іх жыццё не абмяжоўвалася выключна бальніцамі і паліклінікамі, — падхоплівае Дзмітрый Кухцін. — Таму, калі сям'я захоча паехаць на нейкае культурнае мерапрыемства, наведаць кінатэатр ці басейн, сустрэцца з сябрамі, мы не будзем абмяжоўваць. Мэта сэрвісу «Кіламетры дабра» — рассунуць межы магчымасцяў такіх дзетак. І каб гэта было абсалютна бясплатна.

Пасля таго, як мы здзейснілі першую паездку, пасыпаліся званкі ад іншых бацькоў, якія выхоўваюць дзетак з асаблівымі патрэбамі. Пакідаюць свае заяўкі. Ужо праз год мы плануем ахапіць большасць мінскіх сем'яў. А потым, глядзіш, і іншыя гарады Беларусі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Кіламетры дабра

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.