Вы тут

Сакрэты японскіх доўгажыхароў


Японскі востраў Акінава — месца канцэнтрацыі доўгажыхароў. Аўтар кнігі «Правілы даўгалецця» Дэн Бютнер вывучыў іх звычкі і знайшоў сем важных складнікаў, якія дапамагаюць ім жыць доўга.


1. Зразумець ікігай

Ікігай — гэта індывідуальны сэнс існавання, або мэта жыцця. Найстарэйшыя жыхары Акінавы выразна вызначаюць для сябе, навошта ўстаюць кожную раніцу. Калі жыццё напоўнена мэтамі, ролі і адказнасць дакладна размеркаваны, гэта надае адчуванне сваёй патрэбнасці нават ва ўзросце 100 гадоў.

2. Прытрымлівацца расліннага рацыёну

Доўгажыхары Акінавы большую частку свайго жыцця харчуюцца расліннай ежай. Іх рацыён складаецца з абсмажанай агародніны, салодкай бульбы і тофу з высокай колькасцю пажыўных рэчываў і нізкім узроўнем калорый. Калі стогадовыя жыхары Акінавы і ядуць свініну, то гэта адбываецца толькі па ўрачыстых выпадках і даволі малых колькасцях.

3. Заняцца садоўніцтвам

Амаль усе доўгажыхары Акінавы калі-небудзь займаліся ці займаюцца садоўніцтвам. Гэта крыніца штодзённай фізічнай актыўнасці, якая прымушае рухацца ў самых розных напрамках, а размеранасць і аднастайнасць рухаў стварае эфект медытацыі і дапамагае знізіць узровень стрэсу. Апроч іншага, у іх распараджэнні заўсёды свежая агародніна і зеляніна.

І яшчэ...

  • Прытрымлівайцеся наступнага правіла: ешце, пакуль не насыціцеся на 80%.
  • Сачыце за памерам порцый: накладвайце ежу ў маленькую, але прыгожую талерку.
  • Ежу перажоўвайце не спяшаючыся, смакуючы кожны кавалачак.
  • Вазьміце за звычку прыгожа афармляць страву.
  • Ешце больш рыбы, свежых садавіны і агародніны і менш насычаных тлушчоў.
  • Гатуйце ежу на рапсавым алеі або алеі з рысавага вотруб'я.
  • Прывучыце сябе рэгулярна снедаць, а не перакусваць бутэрбродамі.
  • Замест хлеба і булачак з'ядайце порцыю белага або, яшчэ лепш, карычневага рысу.
  • Паспрабуйце скараціць спажыванне солі і ешце больш суцэльназерневых прадуктаў.
  • Адмоўцеся ад салодкай газаванай вады, лепш піце халодны японскі чай без цукру і простую ваду.

4. Падтрымліваць moaі

Акінаўская традыцыя — утвараць moaі, або аб'яднанні людзей накшталт сацыяльных сетак. Такія сеткі аказваюць фінансавую і эмацыйную падтрымку ў выпадку неабходнасці і абараняюць усіх сваіх членаў ад стрэсаў, надзяляючы ўпэўненасцю, што з імі побач заўсёды ёсць хтосьці, здольны падтрымаць.

5. Атрымліваць асалоду ад сонца

Вітамін D, які выпрацоўвае арганізм пад уздзеяннем сонечных прамянёў, спрыяе ўмацаванню коснай сістэмы і падтрыманню здароўя арганізма ў цэлым. Знаходжанне на адкрытым паветры дапамагае доўгажыхарам Акінавы круглы год атрымліваць аптымальную колькасць вітаміну D.

6. Быць актыўным

Доўгажыхары Акінавы шмат часу ўдзяляюць шпацырам. Акрамя таго, у доме традыцыйнай акінаўскай сям'і вельмі мала мэблі; жыхары ядуць і адпачываюць седзячы на татамі на падлозе. Пажылыя людзі па некалькі дзясяткаў разоў за дзень устаюць з падлогі і зноў садзяцца, што само па сабе ўмацоўвае цела і баланс, абараняючы ад небяспечных падзенняў.

7. Быць добразычлівым

Жыхары Акінавы адрозніваюцца прыветлівасцю і вытрымкай. Яны пакідаюць усё дрэннае ў мінулым і атрымліваюць асалоду ад простых задавальненняў сённяшняга дня. Яны навучыліся быць добразычлівымі, і кожны адчувае сябе ў іх кампаніі ўтульна.

Падрыхтавала Юлія КОРНЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».