Вы тут

А ў вашай школе ёсць інклюзіўны клас?


Першы ў краіне Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі — вынік работы ЮНІСЕФ, БДПУ імя М. Танка і яго падраздзялення — Інстытута інклюзіўнай адукацыі — паспрыяе большай даступнасці навучання для ўсіх дзяцей.


На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа САРВАР заўважыў, што «магчымасць выкарыстання патэнцыялу павінна быць у кожнага — і ў звычайнага дзіцяці, і ў «асаблівага». У гэтым я бачу задачу не толькі ЮНІСЕФ і сістэмы адукацыі, але і ўсяго грамадства».

Рэсурсны цэнтр на Ф. Скарыны,13 у Мінску — гэта два пакоі: 101 і 102. У адным можна ўбачыць самае рознае спецыялізаванае абсталяванне, напрыклад, ультрагукавыя кійкі для дзяцей з парушэннем зроку, камунікатар для тых, хто не размаўляе, абсталяванне для дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату, прычым устанавіць такое можна пры жаданні ў звычайным класе, калі падключыць, напрыклад, т'ютара і г. д. Другі кабінет — гэта сучасны клас для семінараў з магчымасцю правядзення вэбінараў на адлегласці.

— На базе рэсурснага цэнтра прадугледжана магчымасць кансультацый для спецыялістаў, якія маюць патрэбу ў арганізацыі інклюзіўнай адукацыі, педагогаў дашкольных устаноў і агульных сярэдніх школ, студэнтаў, выкладчыкаў, т'ютараў, а таксама для бацькоў і дзяцей, — тлумачыць намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута інклюзіўнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана ФЯКЛІСТАВА. — Для спецыялістаў і бацькоў — майстар-класы і семінары, для дзяцей — заняткі з нашым настаўнікам-лагапедам, дэфектолагам або іншымі. Інстытут ужо мае вопыт такой работы, але цяпер нашы магчымасці істотна пашыраюцца. Мы будзем працаваць па запыце, таму заклікаем звяртацца ўсіх, каму гэта неабходна, чые дзеці да 18 гадоў маюць, напрыклад, парушэнне слыху, зроку, маўлення, функцыі апорна-рухальнага апарату і г. д. Заняткі працягласцю ў сярэднім 20—40 хвілін могуць быць дадатковымі або карэкцыйнымі — па развіцці маўлення, пазнаваўчай дзейнасці. Дзяцей, не здольных да навучання, няма, для кожнай катэгорыі ёсць і свая рэабілітацыя, і свае падыходы да навучання.

Намеснік міністра адукацыі Раіса СІДАРЭНКА заўважыла, што сёння вельмі неабходны цэнтр, які будзе сістэмна, на навуковай аснове падыходзіць да работы з бацькамі і дзецьмі. А калі ўлічыць ужо назапашаны Інстытутам інклюзіўнай адукацыі вопыт, метадычныя напрацоўкі і стабільную зацікаўленасць у супрацоўніцтве з беларускім бокам тых жа расійскіх спецыялістаў, то педуніверсітэт можа нават стаць базавай арганізацыяй для краін СНД па інклюзіўнай адукацыі. Пакуль жа трэба як мага больш актыўна развіваць падобную практыку ў абласцях, каб любая сям'я атрымала альтэрнатыву або жыццёва неабходны дадатак да спецустановы.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».