Вы тут

Муфлон заменіць дзіка?


Доўгі час асноўным паляўнічым відам на Беларусі быў дзік. Але калі з-за афрыканскай свіной чумы дзіка не стала, паток замежных паляўнічых, якіх вабіла Беларусь, рэзка скараціўся. Лясныя гаспадаркі пачалі шукаць новыя шляхі для развіцця такой турыстычнай галіны.


Так, у Капыльскім лясгасе з'явіўся фазанарый. Сёння яго магутнасці дазваляюць штогод утрымліваць да 5 тысяч птушак, і паляванне на фазана, якое вельмі папулярнае ў Еўропе, з мінулага года стала даступным і ў нашай краіне. Усё больш сродкаў укладаецца ў развіццё інфраструктуры. Як паведаміў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Сяргей ШАСТАКОЎ, на цяперашні момант у нашай краіне функцыянуе 95 паляўнічых комплексаў, якія абсталяваны ўсім неабходным, ёсць гарачая вада, саўны. Акрамя таго, актыўна будуюцца паляўнічыя вальеры, у тым ліку і прыватныя. Сярод іх есць і вельмі буйныя — агароджваецца да дзвюх тысяч гектараў. Там разводзяць дзікіх жывёл. Напрыклад, у адной з гаспадарак утрымліваецца каля 800 аленяў, 300 ланяў і 150 муфлонаў. Між іншым, такія новыя паляўнічыя віды, як лані і муфлоны, з'явіліся ў Беларусі тры гады таму.

Больш за ўсё ў беларускія лясы прыбывае паляўнічых з Расіі, хоць нямала прыязджае і з еўрапейскіх краін. Італьянцам больш падабаецца паляванне на птушак, на якое яны выбіраюцца са сваімі сабакамі. Турысты з Германіі, Францыі, Аўстрыі едуць паляваць на капытных.

«Замежнікам не так цікава здабываць тое, што ёсць у іх. Наша візітная картка — лось, таму што ў многіх краінах паляванне на яго забаронена», — заўважыў Сяргей Шастакоў. Ёсць аматары і на глушца. Акрамя таго, едуць замежнікі і на ваўкоў — гэтых звяроў забаронена адстрэльваць у большасці краін Еўрасаюза, у нас жа іх развялося зашмат.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Муфлон замест дзіка?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?