20 Верасень, чацвер

Вы тут

Як і чым забаўляюць гледачоў беларускія тэлеканалы?


...Нядаўна інтэрнэт абляцела віруснае відэа: амерыканскі дацэнт Роберт Келі, даючы па скайпе з дома актуальны каментарый для ВВС, імгненна стаў папулярным дзякуючы... сваім дзецям, якія ўбеглі ў пакой падчас прамога эфіру і зрабілі сур'ёзны сюжэт вельмі смешным.

Напярэдадні сусветнага Дня смеху «Звязда» таксама вырашыла не вынаходзіць веласіпед і пагаварыць пра тэлевізійны гумар айчыннай вытворчасці. Тым больш што дзеля гэтага неабавязкова лавіць «ляпы» і кур'ёзныя выпадкі ў эфіры — беларускае тэлебачанне падарыла сваім гледачам цэлы шэраг забаўляльных, парадыйных і нават сатырычных праектаў.


Доўгажыхар і яго «дзеці»

Самая доўгайграючая гумарыстычная праграма — безумоўна, тэлевізійная версія гульняў Клуба вясёлых і знаходлівых. Першая гульня была паказана на Беларускім тэлебачанні ажно ў 1964 (!) годзе, калі сустрэліся прадстаўнікі Белдзяржуніверсітэта і сталічнага медыцынскага інстытута. Праўда, праз нейкі час КВЗ «закрылі» па ўсім Савецкім Саюзе спецыяльнай пастановай ЦК КПСС, і на тэлеэкраны гульня вярнулася зусім не хутка. Прынамсі, у Беларусі гэта адбылося ў 1997 годзе, калі беларускія КВЗшнікі трывала прапісаліся на Першым канале Белтэлерадыёкампаніі, а нязменным вядучым Беларускага КВЗ і пазнейшай Еўралігі КВЗ стаў Андрэй Мукавозчык.

Зрэшты, пасля шэрагу ўнутраных і вонкавых пературбацый беларускі КВЗ неаднаразова мяняў і кіраўніцтва, і вядучага, і «прапіску». З 2009 года гульні вясёлых і знаходлівых (Еўралігу КВЗ) паказвала Сталічнае тэлебачанне, а пачынаючы з 2015-га спаборніцтвы афіцыйнай тэлевізійнай Міжнароднай лігі МС КВЗ праводзіць беларускі тэлевядучы Антон Мартыненка. Дарэчы, у бягучым сезоне нашу краіну прадстаўляюць тры каманды — зборная Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, «Дукаліс» (ВДТУ, Віцебск) і «Спадар Баршчэўскі» (Мінск).

На хвалі папулярнасці Клуба вясёлых і знаходлівых многія ягоныя ўдзельнікі нават пасля завяршэння «кар'еры» вяртаюцца ў тэлеэфір у іншых амплуа — як сцэнарысты, рэдактары альбо вядучыя новых праграм. Не стаў выключэннем і беларускі КВЗ, з крэатыўнай лабараторыі якога выйшла мноства праектаў. Напрыклад, у 2000 годзе сталічны 8 канал заманіў да сябе лідараў каманды «ЧП» Дзмітрыя Танковіча і Яўгена Смарыгіна з перадачай «Доктар Х» — смешнымі дыялогамі «доктара» з «пацыентамі», а ў 2003-м Дзмітрый Танковіч вядзе на БТ гумарыстычную перадачу «Барахты з Бухты».

У 2007 годзе на Першым нацыянальным канале БТРК з'явілася «Вось дык шоу!» — музычна-забаўляльная праграма ў фармаце клубнай вечарынкі з удзелам маладых беларускіх КВЗшнікаў і артыстаў эстрады. Апошнія стойка вытрымлівалі пародыі на сваю творчасць і жарты накшталт: «Для таго каб быць беларускім артыстам, трэба ўсяго толькі 17 тысяч рублёў: за дзве набываецца дыск-балванка, 15 ідуць на таксі на дыскатэку ў Серабранцы; дыск з песняй забываецца ў машыне». У другім сезоне «Вось дык шоу!» стала фактычна філіялам КВЗ, дзе пад наглядам журы дзве каманды жартавалі на зададзеную тэму — але на гэтым гісторыя праграмы і скончылася.

Аднак галоўным і самым паспяховым парасткам КВЗ стаў праект Comedy Club — запазычаны з амерыканскай культуры размоўны клубны жанр, пабудаваны на імправізацыі і маналогу аднаго коміка. У беларускіх рэаліях праект, клапатліва падтрыманы маскоўскім «старэйшым братам», атрымаў назву Comedy Club Mіnsk Style і ў 2006 годзе з жартамі на мяжы фолу ўварваўся ў вячэрні эфір тэлеканала АНТ. Праз год з'явіўся яшчэ адзін вынік працы айчынных «камедыянтаў» — аналаг расійскага камедыйнага серыяла «Наша Belarussіa», які пратрымаўся ў вячэрнім прайм-тайм некалькі гадоў запар. Зрэшты, дзе яны цяпер, колішнія рэзідэнты мінскага Comedy Club — Слава Камісаранка, Дзмітрый Няўзораў, Павел Крывец, Максім Т-34, Мікалай Камка ды многія іншыя? Адны працягнулі ўдасканальваць акцёрскае майстэрства ў прафесійных тэатрах, другія перакваліфікаваліся ў сцэнарысты і прадзюсары шматлікіх гумарыстычных шоу ды фільмаў, і абсалютная большасць з большым ці меншым поспехам працуюць на шырокім прасторы расійскіх тэлеканалаў. На слыху ў суайчыннікаў хіба што імёны Вадзіма Галыгіна, які давёў да дасканаласці свае шматлікія таленты артыста размоўнага жанру, акцёра, тэлевядучага, сцэнарыста, прадзюсара і нават спевака, ды Івана Вабішчэвіча, які пад сцэнічным імем Дзядзя Ваня паспяхова працягвае кар'еру тэлевядучага і спевака.

Былое і гумар

Кажуць, усё новае — добра забытае старое. Таму, хоць пра большасць гумарыстычных тэлепраграм айчыннай вытворчасці выпадае гаварыць у мінулым часе, нельга не згадаць найбольш яркія з іх.

Яшчэ на пачатку 90-х рэжысёр Ігар Краўцоў сабраў каманду добрых знаёмых са студэнцкіх тэатраў, разам з якімі стварыў перадачу «Банка коміксаў» — зборнік гэгаў для гледачоў 16+ (гэг — камічны эпізод, пабудаваны на відавочнай бязглуздзіцы, накшталт насіць воду ў рэшаце). Цыкл забаўных гісторый, які беларускае тэлебачанне ўпершыню прадставіла ў 1993 годзе, пражыў у эфіры амаль 10 гадоў, а пасля з поспехам дэманстраваўся ў іншых краінах СНД. Крыху пазней з «Банкі коміксаў» выпаў «Прэм'ер-парад» — асобная штотыднёвая гумарыстычная перадача, гэткая экранізацыя анекдотаў з удзелам трох «прэм'ераў» — акцёраў Уладзіміра Байрачнага, Ігара Траццяка і Дзмітрыя Афанасенкі.

Уменне не толькі пажартаваць з навакольных, але і пасмяяцца з сябе самога — вось што дае плюсік у карму тэлевядучага і дабаўляе прывабнасці праграме. Прынамсі, менавіта гэты рэцэпт зрабіў у свой час праграму «Усё нармальна, мама!» (1996—2004 гг.) без перабольшання ўсенародна любімай. Бесшабашнасць і хуліганісты настрой юнай Ларысы Грыбалёвай, памножаныя на смелыя эксперыменты рэжысёра Уладзіміра Максімкава і прадзюсарскі нюх Ягора Хрусталёва, зрабілі са звычайнага хіт-парада сапраўдную музычную камедыю. Як успамінаюць стваральнікі перадачы, па арыгінальнасці ў «мамы» канкурэнтаў не было: «Што мы толькі не рабілі: здымалі дагары нагамі, прывязвалі Ларысу да чагосьці, спрабавалі здымаць пад вадой, прыдумлялі смешныя рубрыкі накшталт «Шчас спяю», дзеля здымак у якой збіраліся натоўпы людзей...» На гонар творчай групе ніхто з удзельнікаў не перагрэўся ў промнях славы, і як толькі адчулі, што праграма страчвае былы кураж і актуальнасць, з ёй развіталіся. Дарэчы, пазнейшая спроба спалучыць музычны хіт-парад з гумарам — «Ранішняя пошта на АНТ» (2005) — поспех свайго папярэдніка паўтарыць не здолела.

У 2003 годзе тэлеканал АНТ зрабіў беспрэцэдэнтны захад — уласнымі сіламі зняў фантастычна-гумарыстычны тэлесерыял «Гатэль «Выкананне жаданняў». Рэжысёры Ірына Васільева і Сяргей Арланаў, а таксама акцёры Алег Акуліч, Эвеліна Сакура, Алег Корчыкаў ды іншыя пастараліся на славу, і 12-серыйная гісторыя пра сям'ю Адамовічаў, якая ператварыла старую карчму ў сучасную гасцініцу, дзе разам з пастаяльцамі мірна ўжываецца самы сапраўдны прывід, выклікала ў гледачоў пераважна прыемныя эмоцыі і станоўчыя водгукі.

А вось сіткам вытворчасці тэлеканала СТБ «Тэарэтыкі», зняты ў 2009 годзе, атрымаў гучную вядомасць з іншым знакам. Гледачы адзінадушна прызналі 4-серыйную беларускую камедыю палажэнняў з жыцця маладых фізікаў-ядзершчыкаў дрэннай копіяй амерыканскай «Тэорыі вялікага выбуху», стваральнікі атрымалі з'едлівы адкрыты ліст ад амерыканскага прадзюсара, і літаральна праз некалькі месяцаў скандальны праект быў прыкрыты.

У 2009—2010 гг. АНТ прадставіў гледачам забаўляльны праект «Рэкламная паўза», вядучым якога стаў спачатку Яўген Булка, а потым дуэт вядомых гульцоў КВЗ Яўгена Смарыгіна і Дзмітрыя Танковіча. Акрамя штотыднёвага прагляду смешных і незвычайных рэкламных ролікаў з усяго свету, праект прапаноўваў гасцям адмысловыя заданні — адгадаць канцоўку роліка па першых кадрах, прачытаць «з выражэннем» кур'ёзныя рэкламныя аб'явы, адрозніць праўду ад выдумкі ў блоку навін. Часам было сапраўды смешна, дзе-нідзе трапна, месцамі няёмка.

Таксама ў 2010 годзе на тэлеканале «ЛАД» пачалося «Халі-Галі» — як запэўнівалі яго стваральнікі, «першае беларускае скетч-шоу з высокай шчыльнасцю гумару», або папросту 200-серыйны цыкл кароткіх гумарыстычных сцэнак з удзелам беларускіх акцёраў пад бадзёрую запеўку ад гурта «Лепрыконсы».

Па слядах расійскай іранічнай інфармацыйна-забаўляльнай перадачы «Пражэктарпэрысхілтан» беларускія тэлевізійнікі ў 2011 годзе зрабілі ўласныя студыйныя пасядзелкі ў выглядзе «некулінарнага ток-шоу «Кухня». Мо штосьці наблыталі з рэцэптам, але перадача ў складзе вядучых Люцыі Лушчык, Яўгена Булкі, гумарыстаў Яўгена Крыжаноўскага і Мікалая Камкі пратрымалася ў эфіры ўсяго адзін сезон (на АНТ).

Героі нашых дзён

За апошнія 5 гадоў шчыльнась гумарыстычных тэлепраектаў на гадзіну вяшчання прынцыпова не знізілася, хоць падыходы ў многім памяняліся. Калі раней аўдыторыя больш глядзела на іншых, то сёння ўсё часцей стараецца паказаць сябе. Мабыць, гэтым абумоўленая папулярнасць праграмы «Фактар смеху» на АНТ (2011—2012), удзельнікі якой — ад падлеткаў да пенсіянераў! — спаборнічалі ў розных гумарыстычных жанрах: пародыі, песні, маналога, клаунадзе і г. д.

Падобную скіраванасць меў і ўкраінскі праект «Рассмяшы коміка», які ў 2014 годзе часова атрымаў беларускую «прапіску» і выйшаў на АНТ. Галоўнай задачай яго ўдзельнікаў было рассмяшыць або хоць бы выклікаць усмешку ў прафесійных гумарыстаў, а галоўным прызам — 50 мільёнаў рублёў. Яшчэ адным вынікам супрацоўніцтва АНТ з украінскім тэлебачаннем стала забаўляльная праграма «Вячэрні Мінск» (адаптаваны пад беларускія рэаліі аналаг папулярнага шоу «Вячэрні Кіеў») з вядучымі Люцыяй Лушчык і Андрэем Бондам, якія ў тэлесезоне 2013—2014 усяляк кпілі з айчынных «зорак» эстрады, разыгрывалі артыстаў, спартсменаў, тэлевядучых і нават палітыкаў, правяралі пачуццё гумару гараджан у правакацыйных вулічных апытаннях і наогул бесперапынна весялілі гасцей і гледачоў.

У 2015 годзе маладзёжны тэлеканал «Беларусь 2», інтэгруючыся з інтэрнэт-рэальнасцю, прадставіў гледачам гумарыстычную праграму «Кіпень», вядучы якой Канстанцін Каверын дзе па-добраму, а дзе і даволі з'едліва каментаваў забаўныя відэа з сусветнага павуціння, а таксама аўтарскія ролікі, дасланыя гледачамі. Праект пражыў у эфіры два сезоны, а сёлета — дарэчы, ужо зусім хутка, 3 красавіка — яму на змену прыйдзе гумарыстычны відэаблог «Кіслы comment». «Гэта серыя міжпраграмных ролікаў, у якіх вядучы «Двойкі» Паша Кіслы будзе каментаваць сюжэты нашых гледачоў, знятыя на мабільныя тэлефоны», — расказалі ў тэлекампаніі. Даслаць свае сюжэты кожны ахвотны зможа на афіцыйнай старонцы тэлепраграмы «Пін_код» у сацыяльнай сетцы «УКантакце», а ўжо каму з аўтараў дастануцца кампліменты, а каму — крытычныя заўвагі, пакажа час.

Акрамя таго, з мінулага года і па цяперашні час на АНТ выходзіць тэлечасопіс «Гумарынка» — своеасаблівы беларускі адказ «Ералашу», прыдуманы і рэалізаваны мастацкім кіраўніком тэатра «Хрыстафор» Яўгенам Крыжаноўскім, які адкрыў дзіцячую тэатральную студыю «Гумарынка» і заснаваў аднайменны фестываль дзіцячага гумару, які неўзабаве адбудзецца ўжо другі раз.

...Безумоўна, гэта далёка не поўны спіс тэлепраграм, якія нас забаўлялі і будуць смяшыць надалей. Галоўнае, каб нагоды для весялосці не перавяліся.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фота з архіваў тэлеканалаў

Загаловак у газеце: Людзей насмяшыць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.