Вы тут

Скарына. Пункт адліку і вяршыня


Паўтысячы гадоў жыве беларуская друкаваная кніга. Гэтую дату ўжо адзначылі некалькі выданняў, прысвечаных Францыску Скарыну ды кнігадрукаванню. Вядома, чакаюцца й іншыя. Між тым ужо цяпер можна сцвярджаць: падводзячы рысу пад юбілейным годам друку, на адно з першых месцаў мы вылучым кнігу «Маем найбольшае самі», у якой Алесь Разанаў перастварыў арыгінальныя тэксты Скарыны ў паэтычную асучасненую форму. Зрэшты, перастварэнне збольшага адбывалася якраз з мовы даўніны на мову сучаснага беларуса. Што да паэтычнага складніка, ён меўся ў тэкстах Скарыны заўжды. Адно што трэба было заўважыць гэтую паэзію, адкрыць, што і зрабіў Алесь Разанаў. Такое перастварэнне — нагода задацца пытаннем: ці можа быць Скарына жывы сёння? Як з культурнага знака зрабіць яго чалавекам, зразумелым сённяшнім людзям? Якім чынам раскрыць для шырокага кола чытачоў яго паэзію, яго духоўны здабытак, што дапаможа нам ісці ў дзень заўтрашні?..


Пра ўсё тое разважаў сам Алесь Разанаў падчас круглага стала, што сабраўся ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Абмеркаванне з’яднала людзей, якія так ці іначай спрычыніліся да стварэння сучаснага вобраза Скарыны, яго вяртання беларусам. Культуролаг і кнігазнаўца Алесь Суша даследуе і актыўна папулярызуе спадчыну Францыска Скарыны. Алесь Бразгуноў — літаратуразнаўца-медыявіст, які ўжо чацвёрты год працуе з літаратурнай спадчынай Скарыны, складаючы поўны збор тэкстаў у перакладзе на сучасную беларускую мову. Літаратуразнаўца Іван Саверчанка трымаў слова за навуковую супольнасць Беларусі. Філолаг і крытык Вячаслаў Чамярыцкі — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за ўдзел у стварэнні цыкла работ «Скарына і беларуская культура», уганараваны медалём Францыска Скарыны. Алесь Бадак і Віктар Шніп сталіся прадстаўнікамі выдавецтва «Мастацкая літаратура», у якім пабачыла свет кніга Алеся Разанава «Маем найбольшае самі». Удзельнічалі ў размове і супрацоўнікі рэдакцыі — галоўны рэдактар Ларыса Цімошык, рэдактар аддзела крытыкі Наста Грышчук.

Ларыса ЦІМОШЫК: «Маем найбольшае самі» — кніга, якая ўзнікла дзякуючы Скарыну. Алесь Сцяпанавіч, на чым грунтавалася вашае жаданне стварыць паэзію паводле Скарыны?

Алесь РАЗАНАЎ: Пачаў чытаць Скарыну — яго прадмовы і пасляслоўі, — і тэксты пачалі адгукацца. У іх нешта было — яно гаварыла, прамаўляла, адгукалася, у іх была паэзія. І нават трошку дзіўна, што нашы шаноўныя літаратуразнаўцы яго прадмовы і пасляслоўі да паэзіі не адносілі, праміналі, можна сказаць. Вылучалі некалькі тэкстаў («Звяры, што блукаюць у пушчы...»), а іншыя заставаліся збоку як бы незаўважанымі. Хаця калі пільна ўчытвацца ў прадмову да «Псалтыра», першай кнігі, з якой Скарына пачынаў выдавецкую дзейнасць, то словы там суадгукаюцца, аб’яўляюцца, нават пяюцца. Вазьміце якінебудзь пасаж з прадмовы да Псалтыра, складзіце гэтыя радкі ў слупок — і выявіцца верш...

У сваёй творчасці я выйшаў за межы сілаба-танічнай сістэмы вершаскладання, знадворнае не засланяла ўнутраны змест, а ўнутраны змест Скарынавых прадмоў паэтычны. Адчуў гэта, заўважыў, захапіўся і недзе ў сярэдзіне 1980-х гадоў пачаў пераствараць іх на сучасную беларускую мову, а прадмову да «Псалтыра» перастварыў нават на рускую: яна друкавалася ў «Нёмане» за 1994 год. Алег Лойка тады напісаў да гэтай публікацыі ўступ, а ў кнізе «Старабеларуская літаратура» ён прысвяціў цэлы раздзел тэме «Скарына як паэт». Скарына прамаўляе да нас з глыбіні стагоддзяў, ён над палітыкай, над эканомікай, над канфесіямі, над распадзеламі на творчыя саюзы, над асабовымі стасункамі. За гэтыя вякі шмат змянілася, шмат адбылося, але таму, што ён сказаў сваё слова, мы гаворым з ім, уваходзім з ім у размову.

Ларыса ЦІМОШЫК: Кажуць, для паэтычных кніг цяпер час складаны, а тут паэзія з біблейскім ухілам — такое сумяшчэнне... Шаноўныя выдаўцы, была рызыка з выданнем кнігі?

Алесь БАДАК: Пяцісотгоддзе беларускага кнігадрукавання — важная культурная падзея, таму такая кніга зойме годнае месца ў айчынным кнігавыданні ХХІ стагоддзя незалежна ад таго, ці будзе запатрабаваная шырокім чытачом. Але на кніжнай выстаўцы кніга выклікала цікавасць — не ведаю, ці куплялі яе больш спецыялісты, ці аматары паэзіі, ці тыя, хто шануе Скарыну, але выданне разыходзілася. Пра рызыку не думалі, думалі пра іншае. Кніга мае сімвалічную назву. Бяда многіх пакаленняў беларусаў — што мы не заўважаем, што ёсць у нас, што мы і сапраўды маем найбольшае самі. І кніга перастварэнняў — нагода, каб паразмаўляць пра веліч Скарыны. Па яго біяграфіі можна здымаць процьму выдатных фільмаў, Галівуд пазайздросціць!.. Спадзяюся, што гэты юбілейны год абудзіць цікавасць да Скарыны — можа быць, самай знакамітай асобы ва Усходняй Еўропе.

Віктар ШНІП: Скарына па-над усім, але Скарына — гэта і палітыка, і эканоміка, і чалавечыя стасункі, і саюз. Саюз таго, што было і што ёсць цяпер. Алесь Разанаў аб’яднаў стагоддзі, Скарыну таго і цяперашняга, як мы яго разумеем. І калі Алесь Сцяпанавіч працаваў над кнігай, то быў нашым сучасным Скарынам. Зроблена вялікая праца, на якую пайшло шмат часу, — і гэта сапраўдная творчасць. Думаю, што кніга «Маем найбольшае самі» будзе вывучацца ў школе, і па ёй будуць разумець, што Скарына быў паэтам.

Алесь РАЗАНАЎ: Спадчына не рэч, аднойчы і назаўсёды набытая. Яна найперш творчасць, у ёй два пачаткі — тое, што здзейснілася некалі, і тое, што дзейсніцца цяпер. І ад таго, што дзейсніцца цяпер, вельмі залежыць, што маем. Мы маем тое, што маем, настолькі, наколькі яго набываем. Спадчына ідзе ўслед за намі, і каб яна дайшла да нас, мусім і самі ісці насустрач ёй — рабіць канкрэтныя крокі, тварыць, укладацца ў мэтаскіраваныя высілкі і намаганні. Не будзе гэтых крокаў — тое, што маем, пачне адасабляцца, аддаляцца, пераймацца другімі... Сёння ў нас старажытная літаратура яшчэ сама па сабе — проста ёсць у запасе, сучасная літаратура сама па сабе, паміж імі падзел, прамежак, адлегласць. Старажытная літаратура — тое, што не забыта, але і не вернута. І Скарына, можа, — першы крок да гэтага вяртання.

Іван САВЕРЧАНКА: Сітуацыю драматызаваць цяпер не варта, яе трэба было драматызаваць значна раней. Калі 30 гадоў таму пачынаў займацца Скарынам, лічылася, што яго кнігі ўжо нікому не патрэбныя, іх трэба з бібліятэк вычысціць, павыкідваць. Скарыну і Ефрасінню Полацкую называлі цемрашаламі... І было некалькі энтузіястаў: Вячаслаў Чамярыцкі, Адам Мальдзіс, перад імі — Віктар Дарашкевіч, якія займаліся скарыназнаўствам, зацвярджалі і адстойвалі тэмы, бралі вучняў... Гэта рабілася вялікімі намаганнямі, з апорай на работы рускіх вучоных — на Дзмітрыя Ліхачова, Аляксандра Панчанку. Так дзякуючы акадэмічным вучоным, універсітэцкім навукоўцам наша старажытная літаратура была адстаяная і актуалізаваная. За гэтыя 30 год сітуацыя ў корані змянілася. Навукоўцаў падтрымлівае дзяржава, падтрымлівае Міністэрства інфармацыі. Зразумела, што тэксты, апублікаваныя Мальдзісам, Чамярыцкім, Аляксандрам Коршунавым, — той грунт, без якога нічога не было б. На машынцы набраць, вычытаць, ад рукі перапісаць — гэта вялікая праца, і гэта трэба шанаваць. Потым далучыліся мастакі, паэты, кінадакументалісты і пачалі супольна рабіць адну справу, кожны ў сваім дыскурсе.

У творчасці Алеся Разанава маем справу з такой з’явай, як інтэртэкстуальнасць, вядомай яшчэ ў Сярэднявеччы. Тады перараблялі антычных аўтараў, цяпер Алесь Разанаў перарабіў Скарыну. Інтэртэкстуальнасць заўсёды вітаецца, бо ўзбагачае літаратуру. І Алесь Разанаў сваім талентам, веданнем мовы, адчуваннем рытму дапоўніў, узбагаціў, пашырыў нашу культурную прастору.

Алесь СУША: Сапраўды фенаменальным быў канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў, калі Акадэмія навук, шэраг іншых структур мэтанакіравана працавалі на падрыхтоўку пяцісотгадовага юбілею Скарыны. Працавалі выдатныя навукоўцы, і многае не пераўзыдзена дагэтуль. Потым назіраўся пэўны спад. Пяць год таму заходзіў у кнігарні і мэтанакіравана запытваўся: «Ці ёсць у вас хоць адна кніга пра Скарыну — для дзетак ці дарослых, навуковае даследаванне ці мастацкі твор?» Але нічога не было. Здавалася б, Скарына, асоба першай велічыні, — і пустэча. Магчыма, так адбылося таму, што ў 1990-я гады з’явілася шмат варыянтаў навуковай працы, і ўсе разам кінуліся ў новае. Пасля вялікіх дасягненняў 1980 — 1990-х гадоў трэба было пакласці ці не ўсё жыццё, каб знайсці новы факт у скарыназнаўстве. Пра Скарыну згадвалі, час ад часу ставілі помнікі, але новыя кнігі з’яўляліся рэдка — не толькі навуковыя...

Юбілей, да якога мы падышлі, адкрыў новыя магчымасці, і новы час інакш звярнуўся да гэтай асобы — не праз новыя навуковыя, вельмі глыбокія сістэмныя даследаванні, а больш праз ажыўленне тэматыкі — праз правядзенне конкурсаў, пленэраў... Згадаем конкурс драматычных твораў, конкурс сярод студэнтаў і навучэнцаў, арганізаваны праваслаўнай царквой, мастацкія акцыі і выстаўкі, шалёныя творчыя перастварэнні. Так, на выстаўцы «Скарына і наш час» выява Скарыны была на цішотках і банкаўскіх картках, на паштоўках і марках. З’яўляюцца выданні, дзе Скарына паўстае праз графіку, жывапіс, праз аб’екты масавай культуры. Сённяшні час патрабуе пераасэнсавання, ажыўлення, перачытання ў тым ліку паэтычнага, бо паэзія ў радках Скарыны відавочная. Не кажу пра сілабічную паэзію, пра якую пісалі неаднойчы. Кажу пра рытміку яго тэкстаў — заканамерна, што яна выклікае цікавасць даследчыкаў паэзіі, — але вельмі хораша, што з’яўляецца інтэграцыя ў сучасную культурную прастору, уключэнне ў сучасны культурны дыскурс, у наша інтэлектуальнае жыццё. Гэта мае вялікае значэнне і вялікую перспектыву.

Іван САВЕРЧАНКА: Вядома, кніга Алеся Разанава будзе больш папулярнай, больш запатрабаванай, чым навуковае даследаванне, якое пішацца не для тыражу і не для масавасці, а каб даць пэўную інфармацыю. Навукоўцы гэтаму вельмі радыя: хай людзі знаёмяцца са Скарынам праз перастварэнні, праз фільмы...

Ларыса ЦІМОШЫК: Скарына браўся пісаць, бо меў канкрэтную мэту — несці людзям слова божае, каб гарманізаваць свет. Калі Алесь Сцяпанавіч браўся пераствараць Скарыну для сучаснага грамадства, то якую мэту меў ён — зрабіць Скарыну больш зразумелым?..

Алесь РАЗАНАЎ: У розных прадмовах Скарына выяўляе сябе па-рознаму — больш поўна і менш, грунтоўна і як бы спехам, усе гэтыя тэксты знаходзілі водгук.

А месцы, дзе ён проста пераказвае біблійныя старонкі, а сам пры гэтым як бы адсутнічае, не выяўляюцца, як у прадмове да Кнігі Лічбаў, — там не было з кім гаварыць, не было з кім уваходзіць у размову...

Перш за ўсё мне важны быў Ён, важна было выйсці на яго голас, інтанацыю, рэстаўраваць яго прысутнасць — перадаць і тэкст, і кантэкст. Беручы зерне, я мусіў браць і глебу. Беручы рыбіну з яго рэк, трэба было свае рэкі ствараць. Таму, пераствараючы, я меў дзве мэты, альбо адну двайную: выявіць у яго тэкстах паэтычны пачатак, і выявіць так, каб яго словы дайшлі да людзей, да сучаснікаў.

Вячаслаў ЧАМЯРЫЦКІ: Уздым скарыназнаўства — час, калі мы арганізавалі цэлую праграму, прыцягнулі да яе выканання дзясяткі вучоных, у тым ліку за межамі Беларусі: Яўген Неміроўскі, Яраслаў Ісаевіч, Юры Лабынцаў. Далучыліся да справы паэты, пісьменнікі: Алег Лойка, Мікола Арочка і многія іншыя, бо Скарына — такая вышыня, як для армян — Арарат: чым далей адыходзім, тым больш бачым, якая ён вышыня. Ён апярэдзіў свой час, не ўсе сучаснікі яго разумелі, таму Скарына мусіў з’ехаць, скончыў жыццё за мяжой... Скарыназнаўцы зрабілі шмат. Калі ў 1990-я гады ўзнікла праблема, як назваць галоўны праспект сталіцы, то такое імя, як Ленін, было замененае імем Скарыны, і ніякіх праблем... Гэта значыць, што фігура Скарыны была прыўзнята, людзі глыбока зразумелі значнасць гэтай асобы.

Спад цікавасці да Скарыны з боку літаратуразнаўцаў можна тлумачыць па-рознаму. Спецыялістаў па старажытнай літаратуры — адзінкі, а літаратура налічвае тысячу гадоў. Гэта не толькі Скарына, але і дзясяткі асоб, якія пісалі на розных мовах, хай не такой велічыні. У краінах, дзе вялікія літаратурныя традыцыі, дзяржава яшчэ больш падтрымлівае даследчыкаў. Напрыклад, на пачатку 1990-х гадоў у Грузіі быў цэлы навуковы аддзел, які вывучаў паэму «Віцязь у тыгровай скуры». У нас павінны быць асобныя аддзелы скарыназнаўства, купалазнаўства, коласазнаўства.

Рады, што з новым юбілеем мы звяртаемся да Скарыны, пачынаем глыбей яго вывучаць, выдаваць факсіміле, папулярызаваць. Перастварэнне прамоў — важны крок да паглыблення асэнсавання спадчыны Скарыны. Насамрэч і Уладзімір Конан, і я пісалі, што прадмовы да Псалтыра — гэта фактычна паэзія ў прозе, але не толькі чыстая паэзія. Публіцыстыка, крытыка, літаратуразнаўства — там ёсць усё. Скарына — энцыклапедыст, цяжка сказаць, чым ён не займаўся, дзе не сказаў важкае слова. І трэба ганарыцца, што беларусы мелі такога дзеяча.

Алесь БАДАК: Ці былі іншыя хвалі цікавасці да дзейнасці Францыска Скарыны ў ХХ стагоддзі?

Алесь СУША: Цікавасць да асобы Скарыны бярэ пачатак з часоў «Нашай Нівы». У газеце друкаваліся артыкулы Сяргея Палуяна, Вацлава Ластоўскага. Першая вялікая хваля цікавасці да Скарыны як у Заходняй, так і ва Усходняй Беларусі прыпадае на 1925 — 1926 гады. Дзякуючы знакаваму святкаванню 440-годдзя Скарыны Інбелкульт ледзь не адразу ператварылі ў Акадэмію навук. Да юбілею ў Інбелкульце было прымеркавана выданне грунтоўнай навуковай работы, у Коўне пабачыла свет кніга Вацлава Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». Прайшоў і конкурс мастацкіх твораў... У 1967 годзе адбыліся знакавыя мерапрыемствы ў Полацку і Мінску — у Акадэміі навук, у філармоніі. Вынікам юбілею можна лічыць адзіны на сёння мастацкі фільм пра першадрукара «Я, Францыск Скарына» з Алегам Янкоўскім у галоўнай ролі.

Алесь РАЗАНАЎ: Дзякуй усім навукоўцам, не было б гэтых тэкстаў, калі б не яны. Але мусім ісці далей: Скарына стукаецца ў наступнасць. У сваім часе ён нёс асвету. Наш час таксама патрабуе асветніцтва. Нам уяўляецца, што мы на хвалі прагрэсу, але амаль страчаны нейкія базісныя асновы. Час, люд, край маюць патрэбу ў асветніцтве, у самых асноўных ісцінах, якія Скарыну і сучаснікам, магчыма, былі больш зразумелыя, чым нам.

Ёсць законы фізічныя і надфізічныя, а чалавек — не толькі цела, а яшчэ нешта, што не менш істотна за само цела, — душа, дух і нават сам Бог. Адсюль у тэкстах і націск на боскі пачатак, на прынцып пераадольвання цялесных памкненняў і абмежаванняў. Ведаць, разумець — гэта мала, трэба, каб веда пераходзіла ў веру. Веда і вера блізкія, але ў веры свеціцца наступнасць. Наступнасць — гэта выйсце з сябе. Ведаў недастаткова, патрэбна нешта яшчэ, каб увайсці ў наступнасць, і Скарына гаворыць пра гэта неабходныя словы — мякка, разважна, далікатна, як настаўнік. Пераказвае вядомае альбо пачутае, зведанае, прачытанае — але робіць гэта на новым узроўні, мае адметную інтанацыю. Справа асветніцтва мусіць доўжыцца, набываць новае аблічча і новыя выяўленні. Скарына падыходзіў да боскіх ісцін — і цяпер мы падыходзім да Скарыны.

Іван САВЕРЧАНКА: Насамрэч Скарына не толькі пераказваў вядомае. Ён абсалютны наватар у многіх праблемах, якія ўздымаў. Так, у прадмовах Францыска Скарыны ёсць вельмі сур’ёзныя разважанні аб праве. У нас у той час ужо працавала камісія па падрыхтоўцы Статута 1529 года, і Францыск Скарына, відаць, быў да гэтага далучаны. Сёння да нас прыязджаюць амерыканцы, кажуць, што павінна быць прававая дзяржава, а Скарына яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя разважаў пра важнасць права, казаў пра неабходнасць удасканалення судовай сістэмы. Так і многія іншыя яго ідэі ў сферах філасофіі, этыкі, педагогікі дагэтуль актуальныя, дагэтуль працуюць на асвету і культуру. І, безумоўна, Скарына — пачынальнік нацыянальнай паэзіі: згадаем яго «Акафист чесному и въсехвалному пророку Предтечи и Крестителю Господьню Иоанъну».

Алесь СУША: Даследаванні Скарыны ішлі пераважна з боку асобных навук. Цэласнае ўспрыманне Скарыны, не разабранага па навуках, а сабранага разам, сёння магчымае дзякуючы перастварэнням і перакладам. Нацыянальная бібліятэка ладзіць праект па факсімільным узнаўленні Бібліі Скарыны, прычым у выданнях змяшчаюцца даслоўныя пераклады тэкстаў Скарыны на сучасную беларускую, рускую, англійскую мовы. Калі мы звярнуліся да Акадэміі навук з просьбай зрабіць дакладны, добры, прыгожы пераклад, нам прапанавалі працаваць з Алесем Бразгуновым. У выніку, як і ў выпадку з Алесем Разанавым, мы атрымалі пераклад пачуцця. Перастварэнні захоўваюць дух Скарыны, узнаўляюць яго ў зразумелай нам сёння форме, але захоўваюць рытміку арыгінальных тэкстаў, якая добра кладзецца на сучаснае беларускае слова.

Наста ГРЫШЧУК: А якая мэта ўсяе гэтай дзейнасці? Для каго ўсё робіцца, калі сапраўды ведаюць Скарыну сотні, няхай тысячы беларусаў, а астатнім мільёнам — ім усё роўна?..

Алесь СУША: Я папулярызатар, не навуковец. Пытанне мне блізкае: дзеля чаго гэта рабіць. Ужо гучала думка, што беларусы мусілі б больш любіць і цаніць сваё. І сёння беларусы ці не ўпершыню за сваю гісторыю, за некалькі апошніх стагоддзяў пачалі ставіць сябе ў цэнтр свайго дыскурсу, парадыгмы, у якой жывуць, ад сябе рабіць адлік. У свой час мы не былі перыферыяй Еўропы, ускраінай Расійскай імперыі, усходнімі крэсамі Польшчы — мы такія, якія ёсць, і ў той час, калі ў Італіі працаваў Леанарда да Вінчы, у Расіі — Андрэй Рублёў, мы былі такімі. Гэтае ўсведамленне пачынаецца ад разумення таго, што мы нечага вартыя, у нас ёсць знакавая спадчына, вартая ўвагі. 50 год таму пра Скарыну ведалі адзінкі, яго не вывучалі ў школе. Гэтая тэндэнцыя змянілася: сёння ўсе ў Беларусі прынамсі чулі гэтае імя. Праз розныя культурныя ініцыятывы варта пра гэтае імя нагадваць. Але як гэта рабіць? Сапраўды, згодны, манатоннасць дабівае. А не дабівае шматгранасць, інаватыўнасць у плане падачы гэтай персоны і гэтай спадчыны. Праз творчыя перастварэнні, праз мастацкія фільмы (сёння паралельна ідзе праца над трыма мастацкімі фільмамі) мы павінны мець свае брэнды. Скарына павінны быць розны — у кіно, у перакладах, і кожны там нешта знойдзе. Але тое, што робяць навукоўцы, — аснова, з гэтага растуць новыя ідэі.

Наста ГРЫШЧУК: Аснова ўсё больш грунтоўная, але парасткаў вельмі мала...

Алесь СУША: Ёсць розныя праекты, створаныя з мэтай папулярызацыі дзейнасці Францыска Скарыны. Напрыклад, мы зрабілі суполку ў сацсетках «Францыск Скарына і пяцісотгодддзе беларускага кнігадрукавання». На яе падпісаныя і намеснікі міністраў, і школьнікі, і вяскоўцы. Самыя розныя людзі ўдзельнічаюць у дыскусіях і далучаюцца да абмеркавання новых тэкстаў. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ствараецца лічбавая бібліятэка, каб кожны, дзе б ні жыў, мог атрымаць доступ да арыгінальных Скарынавых кніг і матэрыялаў па тэме.

Алесь БРАЗГУНОЎ: Усё нармальна з вобразам Скарыны. Вядома, ён яшчэ будзе фарміравацца, якім чынам — залежыць ад людзей, што сёння сабраліся за гэтым сталом. Таму хачу яшчэ раз падкрэсліць значнасць Скарынавай працы: на Бібліі заснаваная культура кожнай еўрапейскай нацыі, і ў часы Скарыны пераклад Бібліі быў прыкметай спеласці нацыі. Скарына ў гэтым плане сучасны, і яго спадчыны хопіць на многія стагоддзі работы. Будучыня скарыназнаўства — гэта тэксталогія, параўнанне з крыніцамі, якімі Скарына карыстаўся, калі перакладаў Біблію.

Я перадрукаваў Скарынавы тэксты, разбіў на вершы, выявіў памылкі, параўнаў з крыніцамі. І адзначу, што пераклад Бібліі патрабуе філалагічнага даследавання: там вельмі шмат нечаканага, таго, што не спадзяёмся знайсці. Мне здаецца, Скарына ставіўся да Бібліі не з піетэтам, а з павагай. Ён разумеў, што крыніцы, якімі ён карыстаецца, недасканалыя, таму браў кавалкі з розных крыніц і стараўся падаць чытачам як мага больш поўны тэкст. Таму часам Скарына падае адзін і той жа верш з Вульгаты і царкоўнаславянскай Бібліі і змяшчае гэтыя вершы побач. Часам у прадмове цытуе кавалак з кнігі, а ў самім перакладзе змешчаны іншы тэкст. Ёсць у Скарынавым перакладзе некалькі кавалкаў, якія не сустракаюцца ні ў царкоўнаславянскай бібліі, ні ў Вульгаце. Ёсць падмена на больш зразумелыя паняцці: словы «пардус» ці «барс» Скарына замяняе на «вала», бо яго пераклад быў скіраваны да простага чалавека. Адпаведна, і ў сінтаксічным плане ён выкарыстоўваў вельмі прымітыўныя канструкцыі. Не таму, што не хапала адукацыі, а таму, што хацеў пісаць складаныя рэчы простай мовай. Каб пераказаць Скарыну сучаснай мовай, трэба трапіць у гэту хвалю, быць дакладным і простым. Чалавек складаны, але толькі простым шляхам можна да яго дайсці.

Я працую са Скарынам чацвёрты год і, здаецца, выйшаў на тую ж хвалю, што Алесь Разанаў. Хто сказаў, што паэзія — рыфма? Гамер пісаў без рыфмы. Паэзія — філасофія, светабачанне, пункт адліку, рытміка, мелодыка, адчуванне сябе ў свеце і свету ў сабе, макракосм і мікракосм адначасова. Скарына гэта адчуваў і пісаў у прадмовах менавіта так.

Алесь РАЗАНАЎ: Так, вера без спраў мёртвая. Маем быць творцамі, маем здзяйсняць, бо тое, што маем, хоча і мусіць здзяйсняцца. Мы жывём у пераломным часе і маем патрэбу ў вяршынях, куды скіроўвацца душою, бо калі не зможам узняцца, то і не выканаем нейкай сваёй ролі, дзеля якой пакліканыя ў гэты свет. Наступнасць прад’яўляе неймаверна-імаверныя выклікі, а ў спадчыне захоўваюцца і арыенціры, і вышыні, і моцы, якія могуць стацца нашымі, калі іх прымем, а калі не прымем, можам апынуцца безабароннымі...

Кніга «Маем найбольшае самі» кладзецца на раздарожжа, нехта не заўважыць яе, нехта заўважыць, але пройдзе міма, а нехта знойдзе і разгорне.

Падрыхтавала Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.