Вы тут

Філасофія вайны і міру


Сяргей Селіханаў — адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў старэйшага пакалення беларускіх скульптараў, якія працавалі ў пасляваенныя гады. Ён увайшоў у чацвёрку самых вядомых скульптараў эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве, сярод якіх Андрэй Бембель, Заір Азгур, Аляксей Глебаў. Сёлета спаўняецца 100 год з дня нараджэння таленавітага майстра. Унук Сяргея Іванавіча Канстанцін Селіханаў шмат часу працаваў над арганізацыяй юбілейнай выстаўкі, якая дэманструецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.


Лёс Сяргея Селіханава назваць лёгкім немагчыма. З самага дзяцінства скульптар ведаў, што трэба быць сапраўдным мужчынам, гаспадаром слова. У 1921 годзе, калі Сяргею Іванавічу было чатыры гады, памёр бацька, і сям’я апынулася ў складаным становішчы: з цягам часу ўсе клопаты сям’і мастак узяў на сябе. Яго лёс, безумоўна, не мог не адбіцца на характары, які, як адзначаюць блізкія і знаёмыя, быў складаным. Сфарміраваліся жыццёвыя прынцыпы, якія творца не парушаў сам і не дазваляў іншым.

— З Сяргеем Іванавічам мяне заўсёды звязвалі моцныя сяброўскія стасункі, — расказвае мастацтвазнаўца Барыс Крэпак. — Ён бываў у мяне дома, маляваў з майго акна Свіслач, тады яшчэ зарослую хмызнякамі. Маляваў фламастарамі. На жаль, малюнкаў у мяне не засталося. Калі б я тады ведаў, што пасля гэты малюнак будзе мець такое значэнне для мяне, для нашай гісторыі, то б, вядома, захаваў. Калі Сяргей Іванавіч бываў у гасцях, распавядаў пра вучобу, пра тое, як хацеў стаць жывапісцам. У 1933 годзе ён паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум, які ў 1934-м стаў Віцебскім мастацкім вучылішчам і ў той час быў кузняй беларускіх мастакоў. У яго былі выдатныя настаўнікі, шмат навыкаў пераняў ад Івана Ахрэмчыка. А потым з жывапісца нечакана перакваліфікаваўся ў скульптара. Перад пачаткам вайны з’явіліся яго працы на Рэспубліканскай саюзнай выстаўцы. Ад званка да званка прайшоў франтавыя дарогі, вайну скончыў у маі 1945 года ў Празе. Ён любіў распавядаць пра сваё юнацтва, пра 1930-я гады, неаднойчы ўспамінаў родную Аршаншчыну, куды пераехалі пасля смерці бацькі і дзе пачаўся яго шлях на творчы Алімп. Ён быў энергічным, разумным, заўсёды казаў толькі праўду. Гэта чалавек-гісторыя. Хтосьці скажа, што Сяргей Іванавіч быў асобай са складаным характарам і вялікімі патрабаваннямі... Усё гэта так. Але ён любіў мастацтва, любіў краіну.

На пачатку творчага шляху Сяргей Селіханаў марыў стаць прафесійным жывапісцам. З шасці гадоў яго захапляла прырода, ён спрабаваў адлюставаць яе ў сваіх малюнках. Сёння мастацтвазнаўцы часта адзначаюць, што аўтар не мог пісаць раўнадушна, кожны яго твор — асаблівая эмоцыя: радасць, трывога альбо сумненне. Да паступлення ў тэхнікум малады чалавек не займаўся лепкай, і таму першыя яго спробы ў скульптуры былі нясмелыя, няўпэўненыя, але гэта праца падабалася. Майстар пачаў надаваць увагу скульптуры ў 1938 годзе, а ў 1940-м упершыню ўзяў удзел у мастацкай выстаўцы не як жывапісец і графік, а як скульптар. З тае пары з’явілася шмат планаў, але яны былі разбураныя вайной. Сяргей Іванавіч ваяваў у падраздзяленнях супрацьтанкавай артылерыі спачатку радавым салдатам, затым афіцэрам. Удзельнічаў у найбуйнейшых бітвах пад Масквой і Ржэвам, на Калінінскім і Варонежскім франтах, на Курскай дузе.

Тэму Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Селіханаў пранёс праз усё жыццё. Не разумеў, як сам застаўся жывым, як вынес тое, што бачыў на ўласныя вочы. Ды і на фронце мастак не забываў пра творчасць. Таму многія работы прасякнутыя такой шчырасцю. У творчасці аўтара ёсць як партрэты канкрэтных людзей, так і ўласцівыя савецкаму мастацтву зборныя вобразы сучаснікаў з характэрнымі гераічнымі рысамі эпохі.

Пасля дэмабілізацыі мастак працаваў над кампазіцыяй «За гонар сцяга», якая стала спробай аднаўлення формы скульптара. І ўсё атрымалася. Ідэй і задум было шмат, таму дастаткова хутка прыйшла вядомасць...

Работы, якія экспануюцца на выстаўцы, можна бачыць у розных кутках нашай краіны. Экспазіцыйную прастору складаюць каля пяцідзесяці твораў скульптуры і скульптурных эскізаў, 12 жывапісных і графічных твораў.

— Выстаўка да 100-годдзя Сяргея Селіханава — вялікая падзея, — адзначыў падчас адкрыцця выставачнага праекта скульптар, старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Шапо. — Сяргей Селіханаў — адзін з самых знакамітых беларускіх скульптараў, ветэранаў айчыннай скульптуры. Ён зрабіў неверагодны прарыў у галіне станковай скульптуры. Для пакалення маладых скульптараў Сяргей Селіханаў — чалавек, які праз усю творчасць пранёс рэха вайны, філасофію вайны і міру. Менавіта ён стварыў адну з самых значных работ у гісторыі беларускага манументальнага мастацтва — помнік у Хатыні, які вядомы ва ўсім свеце. Застаецца шчыра парадавацца, што справу працягвае не менш таленавіты ўнук, які з любоўю, педантычнасцю адабраў, давёў работы дзеда да ладу.

Багатая творчая спадчына Сяргея Селіханава каштоўная не толькі для беларускага мастацтва, але і для мастацтва іншых краін. Напрыклад, у Кітаі імя майстра прамаўляюць з гонарам: мастак падарожнічаў па кітайскай зямлі і ў выніку стварыў каля сарака партрэтаў прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і простых людзей. Некаторыя з іх можна ўбачыць у экспазіцыі.

Увогуле, калі чалавек знаходзіцца каля пэўнага помніка, часам не заўсёды задумваецца пра яго сэнс і задуму аўтара, а гэта вельмі важны складнік асэнсавання работы, яе разумення. У творах Сяргея Селіханава можна адчуць перажыванні і клопат мастака за людзей, грамадства, краіну. Колькі сацыяльных мастацкіх праектаў ён стварыў... Чаго каштуюць кампазіцыі, праз якія аўтар дэманструе працу беларускіх шахцёраў. Канстанцін Селіханаў расказвае, што падчас арганізацыі экспазіцыі яму было складана разабрацца ў інтарэсах дзеда: занадта многа было тэм, якія ён хацеў увасобіць у творчасці. Таму і выстаўка атрымалася такой шматграннай, рознабаковай.

— Вельмі прыемна, калі на адкрыцці выстаўкі бачыш столькі неабыякавых людзей, — адзначае Канстанцін Селіханаў. — А значыць, у беларусаў захоўваецца патрэба ў вялікім мастацтве. Рыхтавалася гэтая выстаўка доўга: адны з самых старых работ патрабавалі невялікай трансфармацыі. Працуючы над выстаўкай, я пераканаўся: у работах дзеда ёсць дэталі, якія належаць менавіта яму, яны нібыта сфарміравалі яго аўтарскі почырк, стыль. Цяпер я раблю альбом яго работ, сабраў успаміны сучаснікаў. Дарэчы, ні перад адной сваёй выстаўкай не хваляваўся так, як перад гэтым праектам. Тут усё значна глыбей: калі ты кажаш пра сябе, ведаеш, як зрабіць так, каб цябе зразумелі. У гэтым выпадку — гаворка пра справу сям’і, пра спадчыну, якая ёсць гонарам не толькі Селіханавых, але і ўсёй краіны.

 

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.