Вы тут

СВЯТА МЕЛЬПАМЕНЫ


Вялікае каханне, незвычайныя прыгоды, бляск багацця, эмацыянальная насычанасць ды эстэтычная прыгажосць — усё, чаго прагнуць людзі на працягу стагоддзяў, пакінула адбітак на тэатральным мастацтве. У храме Мельпамены знойдзецца прынада нават для самага спакушанага гледача. Тут пануюць дабро і зло, каханне і рэўнасць, вернасць і здрада, багацце і беднасць, мара і рэчаіснасць, жыццё і смерць. Нават тэатральная будзённасць насычаная падзеямі: дробязі, якія чалавек часам не заўважае ў звычайным жыцці, пад святлом рампы ператвараюцца ў важкія прыступкі на лёсавызначальным шляху. Тэатр дорыць нам свята кожны дзень, але ж і ён мае персанальную чырвоную дату ў календары. Сусветны дзень тэатра адзначаўся 27 сакавіка.

З нагоды прафесійнага свята Беларускі саюз тэатральных дзеячаў зладзіў урачыстую вечарыну. У памяшканні Драматычнага тэатра беларускай арміі сабраліся рэжысёры, акцёры, драматургі ды іншыя майстры тэатральнага цэху. Асноўнай падзеяй вечара стала традыцыйнае ўручэнне ўзнагарод ад Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Сёлета галоўны прыз «Крышталёвая Паўлінка» атрымалі адразу два выбітныя прадстаўнікі тэатральнай грамадскасці: народная артыстка СССР, знакамітая оперная спявачка Тамара Ніжнікава і заслужаны артыст Беларусі Барыс Барысёнак.

У камернай атмасферы імпрэзы, дзе артысты добра ведаюць адзін аднаго, атрымаць крышталёвую статуэтку каштоўна ўдвая. Ганаровая адзнака ад калег па цэху мае асаблівае значэнне: любоў і павага тэатралаў самі па сабе ўжо вялікая ўзнагарода. За дваццаць пяць год існавання Беларускага саюза тэатральных дзеячаў выбітныя прадстаўнікі тэатра атрымліваюць узнагароды ў 24-ы раз.

Прэмія «Крышталёвая Паўлінка» ўпершыню з’явілася ў 1992 годзе. Нягледзячы на тое, што «Паўлінак» у іншыя гады ўручалі па дзве, а ў юбілейны 20-ы год — нават тры, лаўрэатаў добра ведаюць і памятаюць. Уладальнікі прэміі — мэтры тэатральнага майстэрства Расціслаў Янкоўскі, Генадзь Аўсяннікаў, Стэфанія Станюта, Наталля Гайда, Валерый Раеўскі ды іншыя — глядзелі на гасцей імпрэзы з фотаздымкаў, што мільгалі на сцэне Драматычнага тэатра беларускай арміі. Сёлета ў славуты тэатральны шэраг увайшлі не менш годныя прадстаўнікі сцэнічнага мастацтва. Тамара Ніжнікава — народная артыстка СССР, уладальніца ордэна Францыска Скарыны (2001 год), ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сваю ўзнагароду оперная спявачка атрымала загадзя: прадстаўнікі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў даставілі статуэтку Тамары Ніжнікавай асабіста. На сцэну па «Паўлінку» падняўся вядучы майстар сцэны Барыс Барысёнак — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, які працуе ў Тэатры юнага гледача з 1956 года. За гэты час акцёр паўставаў перад гледачамі больш як у 90 амплуа.

«Крышталёвых кветак» — узнагарод за самы яркі дэбют — сёлета таксама дзве. У адрозненне ад «Крышталёвай Паўлінкі», паведамляе старшыня БСТД Аляксей Дудараў, уручыць адразу дзве «Кветкі» не планавалася. Падчас галасавання на пасяджэнні рады Беларускага саюза тэатральных дзеячаў галасы камісіі тройчы размеркаваліся пароўну паміж двума маладымі артыстамі. У выніку «Крышталёвая кветка» патрапіла да артыстківакалісткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, лаўрэата міжнароднага конкурсу Вольгі Жалезкай ды акцёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Паўла Еўтушэнкі.

Кажуць, той, хто атрымлівае «Крышталёвую зорку» (узнагароду за вялікі ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва), у хуткім часе атрымлівае і ганаровае званне. Так гэта ці не, можна будзе прасачыць на прыкладзе лаўрэата «Крышталёвай зоркі» 2017 года акцёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Валерыя Шушкевіча, уладальніка медаля Францыска Скарыны (2014 год) і нагруднага знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўнёсак у развіццё культуры Беларусі» (2011 год).

— Лялечны тэатр — гэта пачатак тэатральнага мастацтва. Ён з’явіўся тады, калі чалавек толькі пачынаў перакладаць свае пачуцці на рэчы, лялькі, — выказаў думкі перад аб’яўленнем апошняй намінацыі Аляксей Дудараў. — Артысты тэатра лялек выходзяць на сцэну як драматычныя акцёры, часам спяваюць, танцуюць і да таго ж яшчэ даюць жыццё лялькам.

Узнагароду «Крыштальны анёлак», заснаваную спецыяльна для работнікаў лялечных тэатраў прыкладна 10 год таму, уручылі вядучаму майстру сцэны, акцёру Беларускага тэатра «Лялька» Алегу Рыхтэру. Алег Рыхтэр са сцэны павіншаваў усіх калег-лялечнікаў з мінулым святам (21 сакавіка адзначылі Міжнародны дзень тэатра лялек) і згадаў імёны тых, хто дапамагаў яму на творчым шляху.

Павіншаваў тэатральных дзеячаў са святам і міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. Ён выказаў падзяку артыстам праз адмысловыя ўзнагароды: нагрудныя знакі, граматы, прэміі і кветкі. Сярод уганараваных — прадстаўнікі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы, Магілёўскага абласнога тэатра лялек, Мінскага абласнога драматычнага тэатра.

Але не для ўсіх тэатралаў уручэнне прэмій стала днём без працы. Цяжка ўявіць Дзень тэатра без спектакляў, таму на працягу ўсёй імпрэзы для гасцей Драматычнага тэатра беларускай арміі выступаў тэатр-студыя «7ПАВЕРХ» пад кіраўніцтвам Зінаіды Пасюцінай.

Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз тэатральных дзеячаў» драматург Аляксей ДУДАРАЎ:

— Сусветны дзень тэатра — наша свята, дзень тых, хто па вызначэнні святаў не мае, для каго любое свята — гэта праца, праца і яшчэ раз праца. Вялікі Шэкспір калісьці сказаў: «Увесь свет — тэатр, і людзі ў ім — акцёры». Цытата сведчыць пра пазітыўнае стаўленне геніяльнага чалавека да свету, да людзей і ўвогуле да жыцця, бо сапраўднае можна знайсці толькі на сцэне. Сапраўднае каханне, сапраўдны боль, існая вера, любыя моцныя пачуцці існуюць пад святлом рампы. Нават злодзеі ў тэатры пазітыўныя, бо мастацтва дае ім шанц на раскаянне альбо выносіць заслужанае пакаранне. І самае галоўнае — глядач у тэатры амаль заўсёды ведае, дзе чорнае, а дзе белае, дзе дабро, а дзе зло. Будзьма дапамагаць яму ў гэтым складаным выбары годнай працай!

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс СВЯТЛОЎ:

— Сусветны дзень тэатра — міжнароднае свята. Сёння мы знаходзімся ў асяроддзі тэатраў з усяго свету, і нашыя апошнія здабыткі — таму сведчанне: напрыклад, вельмі цікавы, выбітны Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М.@rt. кантакт-2017», які толькі што адбыўся ў Магілёве. На форуме ў Беларусі разам з нашамі калектывамі стваралі вялікае мастацтва тэатра трупы з 10 краін свету.

Цягам года я з вялікім задавальненнем наведваў прэм’еры і атрымліваў асалоду ад спектакляў, якія ставіліся ў тэатрах нашай краіны. Тая рэчаіснасць, што ёсць на сцэне, — гэта сапраўднае жыццё. У XXI стагоддзі мы карыстаемся тэхнічнымі прыладамі накшталт камп’ютара, але ўсё, што датычыць віртуальнай рэальнасці, існавала стагоддзі таму. Іншая рэальнасць нашага жыцця прысутнічала дзякуючы тэатру. Гэта вельмі высокае і старадаўняе, але ж сучаснае і актуальнае мастацтва.

Мовай лічбаў

Сусветны дзень тэатра — міжнароднае свята, якое адзначаецца 27 сакавіка. Віншаванні атрымліваюць драматургі, рэжысёры, акцёры, мастакі-пастаноўшчыкі, гукарэжысёры, мастакі па святле, прадзюсары, манціроўшчыкі дэкарацый і нават гардэробшчыкі: вядома, што «тэатр пачынаецца з вешалкі». Свята, зацверджанае ў 1961 годзе па ініцыятыве Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА, мае нават асабісты дэвіз: «Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі», бо ў мовы мастацтва няма нацыянальных абмежаванняў. Дзень тэатра — свята не толькі тэатральных работнікаў, але і гледачоў, якія цікавяцца падзеямі ў «храме Мельпамены». Спецыяльна для іх Нацыянальны статыстычны камітэт падрыхтаваў статыстычны агляд тэатральнага жыцця Беларусі да Сусветнага дня тэатра.

Паводле Белстата, напрыканцы 2016 года, абвешчанага Годам культуры, для беларусаў і замежных гасцей у краіне працавалі 28 прафесійных тэатраў: 19 — у драматычным і музычным кірунках, 8 спецыялізаваліся на спектаклях для дзіцей і юных гледачоў і толькі адзін тэатр паказваў оперу і балет. Тэатральная геаграфія размеркавалася так: па два прафесійныя тэатры — на тэрыторыі Віцебскай і Мінскай абласцей, па тры — у Гродзенскай і Магілёўскай і па чатыры — у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Сталіца ж мае ажно 10 прафесійных тэатраў.

У Год культуры творчыя калектывы прафесійных тэатраў зладзілі больш за 9 тысяч спектакляў, канцэртаў, творчых вечароў. Адметна, што амаль трэцяя частка з іх прыпала на мінскія калектывы. Рэпертуар тэатраў у мінулым годзе складаўся з 970 пастановак. Асаблівы напрамак тэатральнага мастацтва — спектаклі для дзяцей. Летась 42,3% (410 пастановак) ад усяго тэатральнага рэпертуару — гэта дзіцячыя спектаклі.

Як адзначана на сайце Белстата, «тэатральнае мастацтва займае адно з найважнейшых месцаў у культурным жыцці краіны, і цікавасць да яго не змяншаецца». Летась тэатры Беларусі наведалі 1 710,6 тысячы гледачоў. Заўважна, што амаль палова наведвальнікаў прыпадае на мінскія тэатры. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі (239,7 тысячы наведванняў), Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр (137,6 тысячы), Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага (83 тысячы), Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску (69,1 тысячы) ды Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа ў Віцебску (66,1 тысячы наведванняў). Згаданыя тэатры — пяцёрка лідараў па колькасці наведванняў сярод прафесійных тэатраў Беларусі ў мінулым годзе.

 Для папулярызацыі тэтральнага мастацтва, наладжвання стасункаў паміж беларускімі і замежнымі калектывамі, для абагульнення сцэнічных дасягненняў і вызначэння лепшых дзеячаў у сферы тэатра ў нашай краіне ладзяцца Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія», Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, Міжнародны моладзевы форум «М.@rt.кантакт», Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар», Міжнародны калядны фестываль батлеечных ды лялечных тэатраў «Нябёсы» ды шмат іншага.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.