Вы тут

БЕЗ ПАДМАНУ


Новая хваля беларускага кароткага метра

Калі чалавек выказваецца, галоўнае для яго — быць пачутым. Тое ж самае і з кіно. Здаецца, тут трэба быць убачаным, але зрок зрокам, а рэжысёра трэба ўмець пачуць. Рэжысёр спрабуе паразмаўляць з гледачом, нешта давесці яму ці, наадварот, атрымаць параду. Кінематограф — у першую чаргу дыялог і спроба дастукацца да аўдыторыі. Часам — доўгімі спробамі, часам — кароткімі метрамі.

Меркаванняў наконт кароткаметражак хапае. Адны кажуць, што гэта — пачатак шляху, так званая трэніроўка для рэжысёра, які невялікімі стужкамі проста набівае руку. Але многія кінематаграфісты лічаць інакш: зняць фільм з невялікім хронаметражом — складаная праца, бо няма магчымасці нешта расцягнуць, трэба ювелірна выбіраць дэталі і ўключаць у сюжэт толькі тое, што сапраўды закране. Беларускія рэжысёры гэтую задачу ў большасці вырашаюць, але мяжы дасканаласці няма — заўсёды ёсць чаму вучыцца!

Гэта лёгка заўважыць і па сёлетняй праграме фестывалю Cinema Perpetuum Mobile: ёсць работы ўжо вядомых кінематаграфістаў, а ёсць стужкі, якія здымаліся, хутчэй за ўсё, наогул для сябе. Але і першыя, і другія будуць аднолькава карысныя для гледача: асэнсаванае, складанае кіно і дэбютныя работы прадставяць панараму маладога айчыннага кіно. Дарэчы, яна насычаная: дакументальныя, ігравыя, эксперыментальныя стужкі — сёння рэжысёрам цікава быць на мяжы мастацтваў, і з такімі творамі пазнаёміцца неабходна!

Кароткаметражнаму кіно ўласцівая неверагодная рыса: тут вельмі цяжка хлусіць. Падман адразу выкрываецца, рэжысёр губляе ўвагу гледача, а само кіно асуджанае на правал. Але са шчырасцю ў нашых кінематаграфістаў усё ў парадку — многія фільмы пакідаюць развагі яшчэ на некалькі дзён. Асабліва гэта тычыцца дакументальнай праграмы. Тут і нашумелы фільм «Тата» Нэлы Васілеўскай, і «Кожная трэцяя» Аляксандра Васюковіча, і «Ачаг» Арсенія Ільіных...

«Тата» сёлета ўдзельнічаў у конкурсе нацыянальных кінашкол на «Лістападзе» (прадстаўляў БДАМ), атрымаў Гран-пры на Адкрытым фестывалі дакументальнага кіно ў Маскве «Милосердие.doc», і гэта толькі пачатак гісторыі фільма. Ужо шмат сведчанняў таму, што айчынныя рэжысёры любяць, а галоўнае, умеюць, выказвацца на сур’ёзныя тэмы не менш сур’ёзнымі кінакарцінамі. Гісторыя «Таты» Нэлы Васілеўскай асабістая: рэжысёр прапанавала гледачу зазірнуць у жыццё яе сям’і. На ўласным прыкладзе Нэла вырашыла навучыць публіку ўглядацца ў свае гісторыі, шукаць у сям’і праблемы і спрабаваць вырашыць іх. Фільм уздымае адну з вечных і складаных праблем — бацькоўскай старасці. «Тата» — нагода задумацца, што рабіць у той сітуацыі, у якой апынулася гераіня фільма і як падтрымаць роднага чалавека?.. Сапраўды філасофская, складаная і моцная дакументальная стужка Нэлы Васілеўскай дапаможа знайсці правільны адказ.

Яшчэ адно сур’ёзнае кіно — «Кожная трэцяя». Ужо не першае і дакладна не апошняе пра хатні гвалт у нашай краіне, але зробленае дакладна па-майстэрску: уключае элементы фота, заснавана на дыялогу гераінь з гледачом. Жанчыны ў стужцы шукаюць дапамогі, падтрымкі ці хаця б добрых слоў. Пакуль праблема, з якой сутыкнуліся гэтыя жанчыны, не вырашана — пра яе ўжо казалі кінематаграфісты з Майстэрні сацыяльнага кіно. З дапамогай кінематографа глядач паглыбіцца ў сітуацыю і, магчыма, знойдзе штуршок да вырашэння пытання.

Арсеній Ільіных — яшчэ адзін прадстаўнік Акадэміі мастацтваў, а яго фільм «Ачаг» — гісторыя мастака Аляксея Несцерава. Стужкі пра беларускіх мастакоў у нас ёсць, але іх можна пералічыць па пальцах. Тым больш «Ачаг» — гэта свайго роду «трып» у жыццё маладога мастака, экскурсія па паўсядзённасці, працы, хобі, наваколлі. Камера ідзе следам за Несцеравым, калі ён піша карціны, паліць, спявае ў падземным пераходзе на плошчы Леніна, шпацыруе па скверы Адама Міцкевіча. Словам, псіхалогія жыцця і творчасці, спалучэнне ўнутранага і знешняга, адносіны мастака і горада, — кіно шматграннае і багатае.

Яшчэ тры дакументальныя знаходкі — фільмы «Маша», «Востраў малака» і «Музыка пад Брайлем». Пра незвычайную традыцыю ў Друі распавядае «Востраў малака» Сяргея Гудзіліна: жыхары гэтага невялікага аграгарадка з вясны да восені пасвяць сваіх кароў на востраве, які знаходзіцца акурат на беларуска-латвійскай мяжы. Кожны дзень людзі здзяйсняюць па некалькі падарожжаў на востраў — за малаком. Здавалася б, нічога звышнатуральнага ў гэтай гісторыі няма, але тут і знаёмства з зусім іншай беларускай традыцыяй, прымежжам, калі хочаце, культурай.

Стужкі «Маша» (рэжысёры Арцём Гарбацэвіч і Ірына Арахноўская) і «Музыка пад Брайлем» Вольгі Пятровай — крыху іншыя. Гэта асабістыя мапы-гісторыі людзей. Маша — хворая на рак дзяўчына, у жыцці якой засталіся толькі маці, каханы і мара з’ездзіць у Галандыю. Рэжысёр шукае да гераіні адмысловы падыход, і дзякуючы гэтаму адбываецца нетрывіяльны, глыбокі дыялог Машы і гледача, нейкае разуменне, чаго ж чакае і хоча хворы чалавек і што нават песімістычны канец не прадугледжвае... страты надзеі! У «Музыцы пад Брайлем» героем стаў маленькі хлопчык, які не бачыць, але выдатна чуе і ўмее слухаць. У яго няма так званага бесклапотнага дзяцінства, але герой знаходзіць новае гучанне свайго жыцця: неверагодны талент спевака! Данік спявае на любой мове, у любым выпадку, ірвецца на сцэну нават хворы. Адданасць хлопчыка любімаму занятку натхніла рэжысёра.

Акрамя стужак дакументальных, у праграме ёсць і фільмы ігравыя — «Адамаў яблык» Алены Ясінскай, удзельнік фестывалю мабільнага кіно «Адз1н» Валерыя Навічкова пра тое, якім можа быць беларускае вяселле, і яшчэ адзін фільм гэтага аўтара «Кри-он-офф» — фантазія на тэму будучыні, замарозкі людзей і іх падману. Шмат увагі маладыя рэжысёры надаюць і адлюстраванню свайго характару, інтарэсаў і забаў у кіно. Напрыклад, падчас прагляду фільма «Ума-муму» можна на некалькі хвілін паглыбіцца ў вечарыны, на якіх бавіць час моладзь: тут і невядомыя кватэры, і такія ж невядомыя людзі, і змаганне з сумам. А вось «Фактура» — ужо зусім пра іншыя інтарэсы: сябры здымаюць фільм. У гэтай стужцы глядач убачыць, што такое несур’ёзнае стаўленне да кінематографа як прафесіі, што «патрэбна» для здымак фільма і атрымання той самай фактуры, якой хочацца.

Арганізатары фестывалю не забываюцца, што мы жывём у эпоху «кліпавага мыслення», менавіта для такіх работ вылучылі і спецыяльную катэгорыю — «Belaruski no wave» («Беларуская новая хваля»). Тут аўдыторыю чакаюць візуалізацыі, якія не адносяцца да дакументальнага ці ігравога кіно, бо спалучаюць некалькі тэхнік. Нейкую агульную назву ўсім работам даць немагчыма — тут ёсць і музычныя кліпы, і эпізоды серыяла, і нешта накшталт рэкламы. «Denomination» — цікавая рэакцыя на дэнамінацыю: у кадры — касманаўт, а побач скачуць зайчыкі, вавёрачкі і іншыя лясныя жыхары. Быццам відэа, знятае на Марсе, не інакш. «Imprints» — пераскокі з цемры ў свет, рэнтгенаўскія прамяні, удары току, «283 жабы» — фотаздымкі жаб, якія ствараюць ілюзію руху. Наогул, распавесці, пра што гэтыя відэа — вельмі цяжка ды, здаецца, іх канцэпт гэтага не прадугледжвае.

Трапілі ў праграму і два кліпы беларускіх гуртоў: відэа «электроннай прынцэсы» Беларусі Mustelide «Рахат Лукум» і кліп гурта The Glitchhh «Trap». Па словах арганізатараў, яны выбіралі тыя кліпы, дзе музыка і відэашэраг маюць аднолькавае значэнне, дапаўняюць адзін аднаго. Менавіта таму гэтыя відэа глядзець яшчэ цікавей: спалучэнне гуку і візуалізацыі дае адчуванне неверагоднай паглыбленасці ў стужку.

Многія з работ, прадстаўленых на СРМ, неідэальныя. Для многіх яны першыя, але і гэта не апраўданне: зрабіць кароткаметражнае кіно — задача сапраўды нялёгкая. Але кожная стужка — новы досвед, як для рэжысёра, так і для гледача: пазнаёміцца з айчыннай дакументалістыкай, даведацца, што ж такое беларуская новая хваля, атрымаць асалоду ад роднай музыкі і кліпаў. Менавіта гэтым кароткі метр і карысны: хуткае, але нічым не горшае за поўнаметражнае, падарожжа ў свет невядомага нацыянальнага кінематографа.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».