Вы тут

З ДУМКАМІ ПРА СУСВЕТ


Ёсць з’явы, якія хочацца бачыць яшчэ і яшчэ. «Паўночнае ззянне» — адна з такіх. Фестываль кіно паўночнаеўрапейскiх краін існуе ў Беларусі з 2015 года, сёлета ён адбудзецца з 19 па 25 красавіка ў мінскім і з 20 па 25 красавіка ў віцебскім кінатэатрах «Мір».

За два гады існавання «Паўночнае ззянне» можа пахваліцца вялікай колькасцю прыхільнікаў: паказы наведала больш як 5 тысяч чалавек. За гэты ж час былі арганізаваныя 25 воркшопаў і лекцый, прыехала 10 міжнародных гасцей. Штогод у кінафестывалі ўдзельнічаюць сапраўдныя прафесіяналы кінематографа: у Беларусь ужо завіталі дацкі рэжысёр Оле Хрысціян Мадсан, які працуе на канале НВО ў ЗША, заснавальнік фінляндскага кінафестывалю DocPoint Арта Халанэн.

Падчас «Паўночнага ззяння» наталіцца кінематографам змогуць не толькі кінааматары, але і беларускія рэжысёры. Спецыяльна для іх арганізатары прадугледзілі магчымасць абмену досведам і ідэямі: цікавыя паказы, лекцыі, майстар-класы. У гэтым дапамагаюць і госці фестывалю, якія прадстаўляюць тут свае стужкі і ладзяць воркшопы.

Сёлета найноўшыя гульнявыя і дакументальныя фільмы прадставяць восем паўночнаеўрапейскіх краін. Да кінематаграфічнай мапы фестывалю далучыліся тры краіны Балтыі — Літва, Латвія і Эстонія. Акрамя іх, традыцыйна ў «Паўночным ззянні» ўдзельнічаюць Швецыя, Фінляндыя, Нарвегія, Данія і Ісландыя. Павялічыцца і колькасць стужак: замест васьмі карцін — чатырнаццаць, дзякуючы якім гледачы змогуць пазнаёміцца з менталітэтам жыхароў Паўночнай Еўропы.

Сёлетняе «Паўночнае ззянне» прадставіць кінааматарам «сусвет унутры» — менавіта гэты слоган стваральнікі выбралі для размовы з гледачом на мове кіно. Фільмы пра людзей, іх унутраны стан, пачуцці і развагі, асаблівасці — у фокусе фэсту. Арганізатары перакананыя, што не толькі чалавек — гэта цэлы сусвет, але і «Паўночнае ззянне» — адмысловы сусвет унутры кампактнага кінафестывалю.

Мерапрыемства зноў зладзяць пры падтрымцы Офіса Савета Міністраў паўночнаеўрапейскіх краін у Літве, пасольстваў і інстытутаў кіно краін-удзельніц. Цяпер стваральнікі актыўна рыхтуюцца да фестывалю, а на пачатку красавіка абвесцяць праграму паказаў і майстар-класаў ад вядомых кінематаграфістаў Паўночнай Еўропы.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?