Вы тут

Святлана Локтыш. Цыркачы


Святлана Локтыш нарадзілася ў знакамітай вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёна. Знакамітай, у першую чаргу, дзякуючы таму, што менавіта яе жыццё-быццё, такім, якім яно было ў пачатку ХХ стагоддзя, апісаў Якуб Колас у сваёй цудоўнай аповесці «У палескай глушы». Якім бачыцца жыццё люсінцам крыху больш чым праз сто гадоў пасля таго, як у іх настаўнічаў малады Колас, можна адчуць і зразумець, калі пачытаць вершы Святланы Локтыш — дарэчы, аўтара паэтычнага зборніка «Вышыванка» і шматлікіх публікацый у перыёдыцы.

Апошнім часам Святлана часта звяртаецца і да жанру прозы: напісала шмат апавяданняў, працуе над аповесцю.

Апавяданне «Цыркачы», дасланае на конкурс «Звязды», найперш звяртае на сябе ўвагу сацыяльнай і маральнай завостранасцю, пераконваючы чытача ў тым, што і «тысяча першы» рэцэпт, як пазбавіцца ад нялюбага мужа, звычайна прыводзіць да сумнага фіналу, калі дзеля дасягнення мэты даводзіцца ісці на злачынства.

Алесь БАДАК


Словы пракурора і вобраз падсуднага ніяк не звязваліся разам.

— У перыяд часу з дваццаць шостага чэрвеня па шаснаццатае верасня гэтага года падсудны Аляксей Лінькоў пяць разоў прымяніў сілу ў дачыненні да жонкі падчас сямейных скандалаў...

Суддзя напаўвуха слухаў, час ад часу пазіраў на Лінькова і чарговы раз гартаў яго справу, спрабуючы схапіць нешта няўлоўнае, што не давала спакою.

Наўмыснае прычыненне цялесных пашкоджанняў, штраф і мноства сутак, праведзеных на міліцэйскіх нарах. Пагаршала сітуацыю крымінальная адказнасць, да якой Лінькова прыцягнулі ў красавіку гэтага ж года. Тады суд вёў калега, які прысудзіў паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Атрымліваецца, не паспеў Аляксей Сяргеевіч адбыць пакаранне, як кулакі зноў засвярбелі. І ва ўсіх выпадках фігуруе спіртное.

За амаль тры месяцы, што Лінькоў правёў пад вартай, яго твар асунуўся, плечы згорбіліся. Але засталіся такімі ж інтэлігентнымі, хоць і больш напружанымі, жэсты, мяккімі — рухі. Міндалепадобныя зялёныя вочы глядзелі ясна, высокі лоб з невялікімі залысінамі вянчаў твар у форме трапецыі. Да таго ж гэты твар кагосьці нагадваў, з кім не звязваўся негатыў. Каго? Чый вобраз мітусіўся на задворках памяці?

Суддзя правёў далонню па лбе і шчоках, нібы скідаючы рэшткі роздумаў, успомніў вядомае «ў ціхім балоце чэрці водзяцца», звыкла загладзіў назад пасму валасоў. Затым падпёр рукой шырокі моцны падбародак і ўтаропіўся на пракурора.

— Высновы для сябе падсудны не зрабіў і не раскаяўся, — вяшчаў ментарскім голасам афіцыйны прадстаўнік абвінавачвання.

Суддзя паморшчыўся: вось хто можа ўлезці чалавеку ў душу і зразумець — «зрабіў ці не зрабіў высновы», «раскаяўся — не раскаяўся». Дзяжурныя фразы, якія апанавалі шматтомныя справы, часта перашкаджалі ўнікаць у сутнасць здзейсненага правапарушальнікамі і злачынцамі. Даводзілася прадзірацца, як скрозь нетры, да таго галоўнага, істотнага, важкага, што дапамагае прыняць адзіна правільнае рашэнне.

— ...За сістэматычнае збіванне жонкі, дваццацівасьмігадовай Ліньковай Алены Мікалаеўны, згодна з часткай другой артыкула сто пяцьдзясят чацвёртага Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Катаванне», прашу прызначыць падсуднаму Лінькову пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, — скончыў афіцыйную прамову пракурор і ўжо звычайным тонам дадаў: — У мяне ўсё, Цімафей Іванавіч.

Суддзя адзначыў, як пракурор пераможна зірнуў на падсуднага, абцягнуў кіцель, тужэй зацягнуў рэмень са спражкай. Яго погляд перакінуўся на суддзю, і маленькія вочкі хутка-хутка заміргалі. «Гэтаму здароваму парсюку не перашкаджала б зняць з дзясятак лішніх кілаграмаў. Бач, адкарміла маладая жонка», — падумаў суддзя.

Пакуль ён моўчкі, задуменна ўзіраўся ў пракурора, той вырашыў, што ад яго чакаюць яшчэ нейкіх слоў. І дадаў ужо гутаркова-проста, трохі лісліва:

— У часы нашых продкаў, магчыма, і правільным было збіваць жонку. Але не сёння. Лінькоў не меў ніякага законнага права наносіць цялесныя пашкоджанні іншаму чалавеку.

Пракурор сеў.

Суддзя звярнуўся да Лінькова:

— Падсудны, устаньце!

Той вонкава спакойна падпарадкаваўся загаду, хваляванне выдала толькі далонь, якая падрыгвала, калі прыгладжваў валасы ад ілба да макаўкі галавы. Гэты жэст зноў падаўся суддзі знаёмым, зразумелым. «Дэжавю нейкае», — уздыхнуў ён і пачаў працэдуру апытання.

Паказанні скандаліста-мужа і пацярпелай-жонкі моцна разыходзіліся.

— Я не біў яе... Прызнаю, раўнаваў. Дадому прыходзіла позна. На работу тэлефаную — даўно пайшла. Пытаюся, дзе была, — толькі ўсміхаецца... Але я не біў... я не мог... Ну, наўмысна не біў, — расказваў Лінькоў. Голас зрываўся да хрыпу, скупыя рухі падкрэслівалі разгубленасць, збянтэжанасць і нават, здавалася, адчай.

— Ды хіба ты памятаеш! Зенкі свае зальеш... — ускочыла Лінькова.

Прыйшлося прыструніць ісціцу. Тая пакорліва зірнула на пракурора, потым на суддзю і прамармытала:

— Прабачце...

Лінькоў яшчэ раз правёў далонню па валасах, хвіліну памаўчаў, быццам збіраючыся з духам.

— Адзін раз, памятаю, было такое: адштурхнуў Алену ад сябе. Не ведаю, можа, і ўпала. Я быў цвярозы. Яна тады крычала моцна, падскоквала чагосьці. А я не хацеў, каб скандал чулі суседзі... Сорамна... перад людзьмі сорамна... Так, потым я выпіў... Гарэлка заўсёды стаяла дома... — паслухмяна адказваў на пытанні падсудны. — Так, я купляў, Алена таксама купляла... Але я не біў яе, паважаны суд! Я не ведаю, адкуль узяўся той фінгал, сінякі... драпіны... Я нічога не разумею...

Чамусьці хацелася верыць гэтаму чалавеку. Але ён — суддзя і даўно забараніў сабе прыслухоўвацца да гэтых «веру — не веру». Гэта ў Бога можна верыць. А тут, у судзе, такога наглядзішся за трыццаць гадоў служэння Фемідзе, што сам сабе перастаеш верыць.

Суддзя ведаў: яго падапечныя, калі трэба, становяцца «белымі і пухнатымі». Толькі верыць ім — сябе не паважаць.

— Цыркач! Шкуру сваю ратуеш?! — віскнула ісціца, пацвярджаючы яго думкі.

Лінькоў толькі на міг падняў на жонку зялёныя вочы, потым разгублена, безнадзейна перавёў позірк у акно насупраць.

Голас ісціцы, калі ёй далі слова, спачатку зазвінеў маладым запалам, потым пачаў слабець, слабець:

— Ты за свае кулакі будзеш тут адказваць! Паважаны суд, ён увесь час піў! Пакуль цвярозы — нармальны. А як нап'ецца, трасе мяне бы грушу. Сорамна яму... Гэта мне! Мне сорамна з сінякамі ды фінгаламі ў людзі выходзіць. Па вуліцы іду, прахожыя прыглядаюцца. На рабоце калегі пытанні задаюць... Не вытрымаць... колькі можна... п'янь няшчасная...

Плечы жанчыны затрэсліся, твар перакасіўся, роўныя белыя гарошынкі-зубкі закусілі верхнюю губу, яна імкнулася стрымаць слёзы. Сакратар наліла ў шклянку вады і падала ісціцы. Алена прыняла яе тонкімі пальчыкамі з доўгімі пазногцямі, размаляванымі дзівоснымі ўзорамі. Суддзя глядзеў на гэтыя пазногці, на шчодра напамаджаныя вусны, якія пакінулі след на шклянцы, на прыгожы твар, з якога нервовым рухам Лінькова змахнула нябачныя слёзы.

Не, ёй чамусьці верыць не хацелася. Але факты — упартая рэч. Іх назбіралася цераз край, а некалькі заключэнняў судовай медыцынскай экспертызы, якія сведчылі аб нанесеных пабоях, завяршалі спіс геройстваў «цыркача». Ён жа цяпер сядзеў моўчкі і, здавалася, наогул знаходзіўся недзе далёка ад залы судовых пасяджэнняў.

— Усё не нахлебчацца свайго пойла. Усю душу выматаў, дрэнь ты гэткая! — вырваў з палону разваг лямант ісціцы.

Суддзя з-пад насупленых броваў паглядзеў на квітнеючую маладую жанчыну ў дарагім шэрым гарнітуры, з-пад якога замест «выматанай душы» какетліва выглядвала чырвоная блузка. Яркая жанчына. Побач з ёй даволі сімпатычны муж выглядаў шэрай моллю. Не дзіўна, што раўнаваў. І піў — хіба ад рэўнасці?

Хоць, калі верыць характарыстыцы з работы, мазгі яго працавалі добра і ў зносінах спакойны, роўны з усімі. Адзінае, што вылучылі як негатыўнае, дык гэта яго мяккацеласць, няўменне сказаць «не» нават там, дзе трэба. Дзіўна. Выходзіць, на рабоце цішэй вады, ніжэй травы, а дома, перад слабай жанчынай — герой? Чаму ж гэты герой выклікае жаль, а не жаданне пакараць па заслугах? Нават апошнім словам не змог абараніцца — звярнуўся толькі да жонкі.

— Прабач, калі ўсё так, як ты кажаш. Я не хацеў цябе пакрыўдзіць, — сказаў ён і сеў.

Ісціца расчаравана бзыкнула:

— Я ж кажу, цыркач...

— Імем Рэспублікі Беларусь... — голас суддзі гучаў роўна, упэўнена, як гэта заўсёды бывае, калі ён зачытвае прысуд. — На абскарджанне рашэння суда ў падсуднага ёсць дзесяць дзён...

У сваім кабінеце суддзя зняў і павесіў у шафу мантыю, ускудлаціў сівыя валасы. Цімафей Іванавіч прысеў за стол. Да абедзеннага перапынку заставалася дваццаць хвілін. Сур'ёзна ўнікаць у іншыя рабочыя справы часу не было, ды і Лінькоў не выходзіў з галавы. Ясна ўявіўся яго твар з выразна акрэсленымі вуснамі і тонкімі чорнымі бровамі ў разлёт, быццам чараўнік намаляваў два птушыныя крылы.

«Быццам два птушыныя крылы! — ён падскочыў на крэсле і моцна ўдарыўся каленам аб дубовы пісьмовы стол, але болю не адчуў. — Як я адразу не здагадаўся...»

На хвіліну перанёсся ў маладосць і апынуўся ў старым невялічкім доміку, дзе прыемна пахла сырадоем і дранікамі: імі бабуля частавала ўнучка з нявестай пасля салодкай ночы. Адзінай у іх жыцці.

Бабуля была першай, з кім пазнаёміў Цімафей сваю Надзейку. Старая і маладая жанчыны адразу спадабаліся адна адной. А як інакш? Не мог Цімафей прывесці ў дом дрэннага чалавека, не магла бабуля не прыняць нявесту любімага ўнука.

— Які майстар якім чароўным пэндзлем распісваў твой твар?! — у захапленні правёў Цімафей пальцамі па твары каханай, калі бабуля выйшла за парог. Крануў бровы: — Не бровы, а два птушыныя крылы.

— Лётаць будзем разам, — аджартавалася Надзея і прытулілася да яго.

Але паляцець разам у маладых закаханых не атрымалася. Надзея паверыла плёткам, быццам ён заляцаецца да яе сяброўкі, а Цімафей вырашыў: «Не давярае, значыць, не кахае», — і яны раз'ехаліся, разышліся, каб больш не сустрэцца. Чуў потым, што Надзея развялася з мужам-вайскоўцам і разам з сынам вярнулася ў іх горад, а дваццаць гадоў таму памерла. Муж яе быў рускім, адсюль і нязвыклае для іх мясцовасці прозвішча, і звалі яго, здаецца, Сяргей... так, сапраўды, Сяргей.

Аляксей Лінькоў быў падобны на маці, як дзве вішанькі з бабулінага саду.

Расхваляваўшыся, Цімафей Іванавіч пачаў прыгладжваць далонню валасы — і замёр. Гэтакі ж самы жэст! «Гос-па-дзі, як?»... — працяла мозг суддзі чарговая здагадка. Ён схапіў ліст паперы, выцер крупінкі халоднага поту, які выступіў на лбе. Націснуў кнопку тэлефона:

— Святлана, прынясіце справу Лінькова.

«Так... нарадзіўся ў восемдзесят сёмым, студзень... Дзевяць месяцаў таму — якраз красавік восемдзесят шостага. Чарнобыль...» Цімафей Іванавіч успомніў, што тады нават не ўспрыняў як належыць трагедыю. Дзе там! — калі ў душы пяшчотна і пышна квітнела каханне.

— Святлана, калі нехта будзе тэлефанаваць, скажы, буду пасля абеду.

— Добра, Цімафей Іванавіч.

Сакратар адказала, не адрываючы вачэй ад экрана камп'ютара, дзе набірала тэкст судовага пасяджэння. Гэта было добра, інакш яна б заўважыла разгубленасць і сарамлівасць суддзі.

Ён амаль выбег у калідор, пастараўся супакоіць дыханне і назнарок павольным крокам накіраваўся да лесвіцы. Розум пяты раз лічыў гады, месяцы. Усё супадала.

«Чаму яна не знайшла мяне, не сказала? Эх, Надзейка... Якія дурныя мы з табой былі...» — свідравала ў скронях.

З вузкага цёмнага калідорчыка, які вёў у залу суда, нечакана пачуўся прыглушаны голас пракурора:

— Усё, хопіць... Цяпер на некаторы час нам трэба разысціся... не сустракацца... каб не прыцягваць залішняй увагі.

Яму адказаў ціхі жаночы смех. Пачулася характэрная валтузня.

Суддзя спыніўся ненадоўга, потым на дыбачках спусціўся з лесвіцы. У шырокім калідоры быццам прырос да сцяны, за вуглом якой зноў пачуліся галасы.

— Скажы, адкуль жа ў цябе ўзяўся фінгал і драпіны?

— Ну, фінгал мне паставіла фарфоравая статуэтка, якая, па тыпу, разбілася ў яго руках. І драпіны-сінякі сама сабе зварганіла, без праблем. Гэты дурань сп'яну ўсё роўна нічога не памятае.

— Не падобна, каб ён так моцна піў.

— Ну... у гэтым таксама можна дапамагчы...

— Шэльма, — рагатнуў пракурор. — Вучаніца пераўзышла настаўніка!

Жаночы голас адказаў хіхіканнем, якое падалося суддзі нялюдскім.

— Усё, я пабег. А то гэты стары ёлупень зараз на абед пойдзе, — зноў пачуўся голас пракурора.

— Пачакай, пачакай, — праныла жанчына. Затым інтанацыяй разбэшчанай дзяўчынкі праспявала: — Ты ж дапаможаш мне з кватэрай? М-м-м? Як абяцаў...

Чуваць было, як пракурор незадаволена засоп, пстрыкнуў замком партфеля, трохі пазней адказаў:

— Дапамагу... Але не цяпер! У нас яшчэ будзе час, калі ўсё ўляжацца.

«Вось яны — сапраўдныя цыркачы! Далёка да іх таму, каго я сёння на паўтара года ўпёк у калонію... Божа...» — ледзь не прастагнаў суддзя.

Думкі кідаліся і скакалі, як вадамеркі над роўняддзю сажалкі ў летні вечар. Суддзя набраў поўныя грудзі паветра, затрымаў яго, хутка выдыхнуў — і рашуча выйшаў з-за вугла. Вочы выпраменьвалі агонь, гатовы спапяліць разгубленую парачку. Голас празвінеў жалезам:

— Спадар пракурор, стары ёлупень усё чуў. Праз тры хвіліны чакаю вас у сваім кабінеце.


Пішыце ў «Звязду»

Рэдакцыі газет маюць выбар з мноства шляхоў, як наладзіць кантакт з чытачамі. Праз допісы і тэлефанаванні ў рэдакцыю, каментарыі на сайце ў інтэрнэце, водгукі ў сацыяльных сетках. У «Звязды» ж ёсць даўняя традыцыя — натхняць нашых чытачоў на творчасць. Менавіта таму мы цягам многіх гадоў ладзім конкурс апавяданняў, прыняць удзел у якім можа кожны.

Анд­рэй Дзі­чэн­ка.

Нам дасылаюць успаміны пра маладосць, фантастычныя творы, казкі... Разам з куратарам конкурсу, вядомым пісьменнікам Алесем Бадаком мы ўважліва чытаем кожны з тэкстаў. Лепшыя з іх выходзяць на старонках нашай газеты, а аўтары трох найлепшых атрымліваюць магчымасць пабываць у рэдакцыі «Звязды», пазнаёміцца з калегамі і атрымаць узнагароды. Сімвалічна, што менавіта ўвесну мы сёлета адзначылі аўтараў трох найлепшых апавяданняў, што друкаваліся ў нашай газеце цягам мінулага года.

Мар­га­ры­та Ла­тыш­ке­віч.

Так, у Мінск з Бярозаўкі, што на Лідчыне, завітаў Антон Піліпчык, аўтар апавядання «Праганяў чалавек лася...». Наш калега — а ён многа гадоў прысвяціў працы на ніве журналістыкі — расказаў, што летась ужо трэці раз даслаў празаічны твор на конкурс, і гэтая спроба стала выніковай. За сваё апавяданне спадар Антон атрымаў дыплом ІІІ ступені. ІІ месца заняла маладая аўтарка з Мінска Маргарыта Латышкевіч. Яе апавяданне «У.» нас уразіла шчырасцю, непасрэднасцю. А перамогу атрымаў Андрэй Дзічэнка, які апавяданнем «Кантакт» здзівіў куратараў конкурсу майстэрствам будаваць сюжэт і перакрыжоўваць розныя рэчаіснасці.

Ан­тон Пі­ліп­чык.

Нагадаем, што конкурс апавяданняў працягваецца і сёлета. Мы чакаем вашых твораў.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».