Вы тут

Энцыклапедыя ад ветэрана


Былы авіятар з Магілёва два гады сістэматызаваў інфармацыю па Героях Савецкага Саюза.

Гэта кніга ўнікальная ўжо тым, што дагэтуль ніхто так не групаваў Герояў Савецкага Саюза. Аўтар падзяляе іх па родах войскаў, узросце, грамадзянстве і нават поле. Акрамя аўтабіяграфічных звестак па кожным ёсць яшчэ і невялікая інфармацыя пра подзвіг. Кніга напалову напісана ад рукі. Астатняе — выразкі з перыядычных выданняў і ксеракопіі фотаздымкаў. Сабраць у адзін важкі том гэтыя разнастайныя матэрыялы дапамагла магілёўская абласная газета «Зямля і людзі», з якой ужо доўгі час сябруе ветэран.


Глядзіш на незвычайную энцыклапедыю і здзіўляешся, якая ж карпатлівая работа была зроблена. Інфармацыю па Героях Савецкага Саюза Іван Мацвееў збіраў даўно, але мэтанакіравана пачаў працаваць над кнігай толькі два гады таму. У сакавіку ветэрану Ваенна-паветраных сіл споўніўся 91 год. Прызнаецца, што калі стала цяжка ездзіць на дачу, знайшоў сабе іншы занятак. Хадзіў па бібліятэках і збіраў карысны матэрыял. Суразмоўца аптыміст і не страціў цікавасці да жыцця. Прыемна здзіўляе фенаменальнай памяццю. «Вось колькі Герояў Савецкага Саюза было за перыяд савецкай улады? — застае ён мяне знянацку сваім пытаннем. «Каля 14 тысяч! Прычым за час Вялікай Айчыннай вайны званне прысвоена 13 611 чалавекам. Некаторым нават не аднойчы. Напрыклад, Іван Кажадуб у жніўні 1945 года стаў тройчы героем».

Пачынаецца кніга з аповеду пра лётчыкаў-чалюскінцаў, якія першымі атрымалі званне Герояў, потым — палярныя даследчыкі, Героі вызваленчай вайны ў Іспаніі, баёў на возеры Хасан, рацэ Халхін-Гол, савецка-фінляндскай вайны 1939—40 гадоў, двойчы Героі Савецкага Саюза, Героі, рэпрэсіраваныя да вайны, жанчыны-Героі, Героі Савецкага Саюза да 18 гадоў, грамадзяне замежных краін, якія атрымалі гэта высокае званне...

— Інфармацыя пра Герояў не закрытая, у чым жа навізна вашай працы? — спрабую зразумець матыў стварэння гэтага выдання.

— Вы ў руках энцыклапедыю Герояў Савецкага Саюза трымалі? Яны ж там ідуць па алфавіце, усе ў хаатычным парадку. А я іх па кватэрах разводзіў, па дамах, па гарадах, — усміхаецца ветэран. — Напрыклад, у Магілёве ёсць вуліца Каралёва. Хто такі? У мяне тут ёсць адказ: камандзір партызанскага злучэння, генерал-маёр. Партызаны ў мяне асобна сабраныя.

Гартаю старонкі. На вочы трапляюць фатаграфіі знакамітых «семярых смелых» лётчыкаў-чалюскінцаў.

— Першымі Героямі Савецкага Саюза сталі Анатоль Ляпідзеўскі, Сігізмунд Леванеўскі, Міхаіл Вадап'янаў, Мікалай Каманін, Іван Даронін, Маўрыкій Сляпнёў, Васіль Молакаў, — пералічвае ветэран кожнага пайменна. — Восьмым Героем стаў лётчык-выпрабавальнік Міхаіл Громаў. А Чкалаў атрымаў званне Героя Савецкага Саюза дзявятым — за свой рэкордна далёкі для таго часу пералёт — ад Масквы да Далёкага Усходу.

Героі Магілёўшчыны таксама сабраны асобна. І пад нумарам адзін значыцца вядомы савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном, даследчык Паміра і Поўначы Ота Юльевіч Шміт. «Званне Героя ён атрымаў у 1937-м за арганізацыю дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс-1», — удакладняе аўтар кнігі. — Наогул асваенне паўночных зямель шмат каго зрабіла Героямі. Гэта званне прысвоена ўсяму экіпажу парахода «Сядоў», які дрэйфаваў 812 сутак. Нават, кухару. І наш магіляўчанін у той спіс трапіў — Іосіф Нядзвецкі. На «Сядове» ён быў машыністам. Трапіў туды ў ліку добраахвотнікаў, такіх знайшлося 15 чалавек. Толькі вярнуцца яму адтуль жывым не прыйшлося. Загінуў на пажары на Новы год. Па сваёй жа віне. Пахаваны ў Маскве».

— Дзе ў асноўным бралі інфармацыю пра Герояў? — цікаўлюся я.

— Па магіляўчанах — з кнігі «Гонар і Слава Магілёўшчыны», якую мне гарвыканкам падарыў перад Днём Перамогі. З кнігі «Іх імёнамі названы» даведаўся, што Рыма Шаршнёва, дзяўчына з Гомельшчыны, у 1942 годзе паўтарыла подзвіг Аляксандра Матросава. Але ёй Героя Савецкага Саюза не далі, узнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. Калі мне было прасцей рухацца, ездзіў у бібліятэку імя Карла Маркса. Там сядзеў з энцыклапедыямі, выбіраў, запісваў. Выкарыстоўваў звесткі з тэлеперадач. Летась у адной з іх расказвалі пра мінчаніна, Героя Савецкага Саюза Васіля Мічурына. Ён як раз адзначаў 100-гадовы юбілей. Героя атрымаў пасля «фінскай» вайны.

Пры­зван­нем Іва­на Мац­ве­е­ва  ста­ла авія­цыя.

А вось з двойчы Героем Савецкага Саюза Сцяпанам Крэтавым Іван Рыгоравіч нават служыў у адным палку. «Ён вайну закончыў капітанам, а даслужыўся да камандзіра ракетнай часці, — кажа ветэран. — Другога Героя Савецкага Саюза яму прысвоілі 23 лютага 1948 года. За удзел у вайне. Як ён сам прызнаваўся: спіртное перашкаджала атрымаць яму зорку раней. Тады за гэта вельмі строга каралі».

Пра сябе ветэран расказвае, што на вайну трапіў як раз у Дзень Перамогі. У 41-м скончыў 7 класаў, а калі адвучыўся ў авіяцыйным вучылішчы, быў ужо 1945 год. Але служба ў Быхаве, куды яго ў хуткім часе накіравалі, таксама была не з лёгкіх. У савецкія гады тут базіравалася 57-я Смаленская марская ракетаносная авіяцыйная дывізія ВПС Балтыйскага флоту. «Атамныя бомбы вешаў на хвост і лятаў, — смяецца Іван Рыгоравіч. — Нават жонка не ведала, чым дакладна займаюся. Гэта ж быў сакрэтны аб'ект, адзіны такога роду аэрадром у Савецкім Саюзе».

На стале Івана Мацвеева ляжыць яшчэ некалькі папак. «Збіраю апошні матэрыял па Героях Савецкага Саюза да 18 гадоў,» — тлумачыць ён. Ён марыць, што яго рукапісныя варыянты калі-небудзь надрукуюць. На сённяшні дзень іх існуе некалькі. Адзін мой суразмоўца перадаў у Магілёўскі гарадскі савет ветэранаў, яшчэ некалькі зрабіў на падарунак бібліятэкам імя Карла Маркса і дзіцячай №9, дзе браў асноўны матэрыял. Упэўнены: каму-небудзь гэта інфармацыя абавязкова спатрэбіцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulуа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».