Вы тут

Як я працавала ў журы школьных фільмаў


Мяне запрасілі стаць суддзёй для школьнікаў, якія знялі свае фільмы ці, лепш сказаць, ролікі, і атрыманы вопыт я не забуду ніколі. Гэта быў гарадскі конкурс СМІ «Зменім свет да лепшага», што прайшоў у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі на мінулых выхадных, 25 і 26 сакавіка, дзе апроч іншага ўдзельнікі павінны былі прадставіць створаныя імі відэаработы. З больш як дваццаці пяці фільмаў мы выбралі вартых першага, другога і трэцяга месцаў, а таксама некалькіх дыпломаў.


Шчыра кажучы, я не ведаю, якія патрабаванні і ўмовы для падачы работ на спаборніцтва агучвалі канкурсантам арганізатары, але бачна, што многія паставіліся да кіно не як да магчымасці праявіць «творчы патэнцыял», а як да навязанага школьнага задання. Аднак пакуль я толькі прадчувала — такі вопыт быў для мяне першы — у прывітальным слове жадала ўдзельнікам стаць сучаснымі Гадарамі ці стварыць рэвалюцыю ў кіно, якая ў свой час адбылася дзякуючы, напрыклад, Дэвіду Грыфіту — абодва ў свой час былі аматарамі, хоць і больш дарослымі, вядома ж. Карацей, потым я зразумела, што згадваць гэтыя імёны было недарэчна, хоць і па-прыгожаму «гучна»: здаецца, ніхто з удзельнікаў не марыў звязаць сваё жыццё з кінарэжысурай — яны толькі выконвалі адну з умоў конкурсу.

Не ведаю, які б фільм я зняла ў школьныя часы (таму што я і не здымала), але ніхто з нашага журы, якое складалася з трох чалавек, не глядзеў на работы, нават калі яны былі да немагчымасці простымі і наіўнымі, паблажліва.

Магу нават сказаць, што праглядаць тыя дваццаць пяць штук ролікаў было займальна ў рэчышчы разваг пра падрастаючае пакаленне.

Галоўнае, што кідаецца ў вочы, калі глядзіш абсалютную большасць работ, — гэта шаблоннасць мыслення, якая праяўляецца не толькі ў выбары тэм, але і ў спосабе іх раскрыцця. Дзеці знялі шмат фільмаў пра ўтылізацыю смецця, праблемы наркаманіі і любоў да роднага горада, таму як манна нябесная ўспрыняліся адзінакавыя ролікі пра залежнасць ад камп'ютарных гульняў, супрацьпраўнасць выкарыстання шкодных камп'ютарных праграм альбо дакументальныя здымкі ў мастацкім каледжы. Частае выкарыстанне матэрыялаў з інтэрнэту, выказванні гатовымі лозунгамі, пастаянная павучальнасць вымусіла маю калегу згумарыць, назваўшы дзяцей «ахвярамі прапаганды». І здаецца ж, іх вучаць добрым рэчам, а можа нават убіваюць правільныя формулы ў галовы, але ў выніку ва ўласных творах дзеці перадаюць не свае, а ўжо дагэтуль сфарміраваныя ідэі.

На шчасце, сярод канкурсантаў для мяне знайшліся і хуліганістыя, можа крыху і халтурныя, работы, якія — абедзве — занялі трэцяе месца. Аўтары роліка «Быць блогерам» быццам даследуюць закінутую пабудову, паспяхова ствараюць спосабам здымак і музыкай напружанне і перапыняюць гэта нечаканым зваротам «Шукайце іншыя тэмы для відэа». А «Простая гісторыя» — гэта ўвогуле нейкі дзіцячы сюр. «Я Вася» — «Я Коля», няўцямная гульня паміж двума персанажамі, якія знаходзяцца адначасова ў кадры, канчаецца парадай «Не курыце». Так, я смяялася.

У праграме бессюжэтныя ролікі суседнічалі са спробамі разгарнуць у кароткім відэа цэлую гісторыю, і гэта ў канкурсантаў атрымалася: такія элементы, як спакуса, усведамленне, выратаванне, трагедыя, змова, незваротнасць знайшлі сваё месца ў створаных школьнікамі сюжэтах.

Нарэшце, дакументальны фільм «Не праваронь свой талент», цікавы здымкамі, работай з лейтматывамі, мантажнымі пераходамі, аказаўся бліжэйшым за ўсіх астатніх да мастацтва. Ён, дарэчы, заняў першае месца.

Атрымаўся маленькі макет вялікага кіно і, напэўна, дарослага жыцця: пакуль большасць трансліруе банальнасці і «навязанасці», рэдкія аўтары праяўляюць сваё нежаданне ісці за штампамі. Таму яны перамагаюць, і прызавыя месцы — у конкурсе ці ў жыцці — прызначаны для іх.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Утылізацыя гатовых ідэй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».