Гэтым разам чарговая інтэлектуальная гульня для старшакласнікаў Мінска была арганізавана па фінансавай тэматыцы «Вучыся. Зберагай. Зарабляй». Мерапрыемства было праведзена падчас Тыдня фінансавай адукаванасці дзяцей і моладзі (Glоbаl Mоnеу Wееk), які сёлета праходзіць у нашай краіне з 27 сакавіка па 2 красавіка.
Гульня па фінансавай тэматыцы для старшакласнікаў сталіцы праходзіла ў межах клуба Беларусбанка «Плацінавая Сава», які пачаў сваю работу ў студзені 2017 года. Дарэчы, гульні клуба для супрацоўнікаў банка праводзяцца кожную трэцюю пятніцу месяца ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. А вось падобнае сур'ёзнае мерапрыемства для вучняў праводзілася ўпершыню. Арганізавала яе наша найбуйнейшая фінансавая ўстанова сумесна з Міністэрствам адукацыі на тэрыторыі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Ва ўпартай барацьбе, бо для вызначэння пераможцы спатрэбіліся дадатковыя раўнды, першае месца заняла гімназія №39. Другой стала каманда гімназіі №7, трэцяе месца — у гімназіі №56.
«Пры падрыхтоўцы да Тыдня фінансавай адукаванасці дзяцей і моладзі мы шукалі новыя падыходы ў правядзенні мерапрыемстваў для школьнікаў, — адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі і сацыяльнага развіцця Беларусбанка Дзмітрый Бакіноўскі. — Сённяшняя гульня — адзін з такіх яркіх прыкладаў. Банк прапанаваў вучням у інтэрактыўнай форме праверыць свае веды ў галіне фінансаў, і яны адгукнуліся. Паспаборнічаць прыехалі 23 каманды з усіх раёнаў горада Мінска. Пераможцы атрымалі не толькі станоўчыя эмоцыі і каштоўныя прызы, але і магчымасць прыняць удзел у наступнай гульні турніру работнікаў нашага банка «Разам мы Розум».
Сяргей КУРКАЧ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.