Вы тут

Завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан


«Для Беларусі было справай гонару, каб дружалюбны Туркменістан атрымаў перадавое прадпрыемства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната


Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан быў прымеркаваны да надзвычай важнай падзеі ў жыцці гэтай сярэднеазіяцкай краіны — афіцыйнага пуску Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. І гэта не выпадкова: стратэгічны прамысловы аб'ект узводзіўся пры актыўным удзеле Беларусі.

Гарлыкскае радовішча калійных соляў на паўночным усходзе Туркменістана было разведана яшчэ ў 1964—1966 гадах. Аднак тады Савецкі Саюз не валодаў неабходнымі тэхналогіямі для будаўніцтва маштабнай вытворчасці.

Гэта стала магчыма ў 2010 годзе, калі беларускі генпадрадчык ААТ «Белгархімпрам» падпісаў з дзяржаўным канцэрнам «Туркменхімія», які выступіў у якасці заказчыка, кантракт на будаўніцтва пад ключ Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Кошт праекта ацанілі ў $1 млрд. Будаўніцтва вялося сіламі 14 беларускіх і 22 туркменскіх падрадных арганізацый. Агульная колькасць працуючых на пляцоўцы перасягнула 2,3 тысячы чалавек, практычна палавіну з іх склалі грамадзяне Беларусі.

Учора кіраўнікі дзвюх дзяржаў ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі стужку і націснулі сімвалічную кнопку запуску работ, азнаёміліся з прадпрыемствам і яго вытворчымі магчымасцямі.

Выступаючы на цырымоніі адкрыцця вытворчасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната задало новы скорасны рэжым у рэалізацыі такіх праектаў на постсавецкай прасторы. Фактычна за пяць гадоў быў пройдзены шлях ад геалагічных пошукаў да выпуску першай партыі ўгнаенняў. «Удалося захаваць аптымальны кошт будаўніцтва, беспрэцэдэнтны для такіх аб'ектаў, і не страціць як у якасці, так і ў тэмпе», — звярнуў увагу Прэзідэнт, выказаўшы ўпэўненасць, што адкрыццё камбіната акажа вялікі ўплыў на эканоміку Туркменістана.

З цягам часу тут з'явяцца 2 тысячы высокапрадукцыйных рабочых месцаў на самім камбінаце, а затым спатрэбяцца працоўныя рэсурсы і ў сумежных сферах — забеспячэнні, лагістыцы, збыце. Істотны імпульс да развіцця атрымае аграрны комплекс краіны. Маючы доступ да ўласных калійных угнаенняў, сельскагаспадарчая галіна зможа павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі на знешніх рынках, павялічыць даходы ад экспарту.

«Прынцыпова важна, што ў беларуска-туркменскіх адносінах з'яўляецца напрамак, дзе нашы краіны змогуць і далей супрацоўнічаць, узаемна абагачаючы адна адну», — канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Калі пачыналі будаўніцтва, было вельмі шмат праблем. Мы іх пераадолелі. Для Беларусі было справай гонару, каб дружалюбны Туркменістан атрымаў перадавое прадпрыемства. Выкананне гэтай задачы стала як сур'ёзным экзаменам для нас і Туркменістана, так і вялікім вопытам, які спатрэбіцца тут», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў важнасць такой вытворчасці для краіны. Паколькі з уводам у строй камбіната ў краіне фактычна запушчана новая і перспектыўная галіна горна-хімічнай прамысловасці. Паводле яго слоў, прадукцыя камбіната закрые ўнутраныя патрэбнасці Туркменістана і будзе экспартавацца.

Учора афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан завяршыўся. Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце праводзіў асабіста Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў паспелі правесці кароткую гутарку і цёпла развіталіся.

Паводле БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Здабытая соль зямлі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.