Вы тут

З 3 па 7 красавіка ў краіне пройдзе аперацыя «Арсенал»


Шэраг мерапрыемстваў будзе накіраваны на выяўленне незаконнага захоўвання зброі, боепрыпасаў, выбуховых прылад і рэчываў. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі сумесна з прадстаўнікамі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і іншых прыродаахоўных арганізацыяй будуць праводзіць рэйды па прадухіленні фактаў браканьерства.


Па словах старшага інспектара па асаблівых даручэннях аддзела ліцэнзійна-дазвольнай работы ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Дзмітрыя ЯЗЭПЧЫКА, толькі за мінулы год было канфіскавана больш за 1100 адзінак незарэгістраванай зброі, у сувязі з гэтым узбуджана 661 крымінальная справа. Тыя, хто здае зброю добраахвотна, вызваляюцца як ад адміністрацыйнай, так і ад крымінальнай адказнасці: летась так было атрымана больш за тысячу адзінак зброі.

У межах акцыі «Арсенал» будуць адпрацоўваць як уладальнікаў зброі, якія стаяць на ўліку (у іх будуць правяраць парадак захоўвання зброі і наяўнасць усіх неабходных дакументаў), так і патэнцыйных парушальнікаў. Дарэчы, самастойная «мадэрнізацыя» канструкцыі таксама забароненая.

Начальнік упраўлення аналізу і кантролю за аховай і выкарыстаннем аб'ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Аляксандр ДРАГУН адзначыў, што асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца фактам незаконнага палявання: без дазволу, з ужываннем незарэгістраванай зброі, непадыходзячымі прыладамі і спосабамі. Летась супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі канфіскавалі 544 адзінкі незарэгістраванай зброі, у тым ліку 142 падчас незаконнага палявання. Калі зарэгістраваны сур'ёзныя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, чалавек у любым выпадку пазбаўляецца права на захоўванне зброі і на паляванне.

Што датычыцца новаўвядзенняў у згаданай сферы, то з 26 красавіка гэтага года кожны чалавек пры падаўжэнні дазволу на захоўванне зброі, што неабходна рабіць раз у тры гады, абавязаны будзе прад'яўляць свежую медыцынскую даведку. Акрамя таго, перамены закрануць і рэалізацыю вырабаў, канструкцыйна падобных да пнеўматычнай зброі, але з дульнай энергіяй да трох джоўляў, якія цяпер знаходзяцца ў адкрытым доступе. Унесена прапанова аб забароне іх продажу непаўналетнім.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Здавайце зброю!»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.