Вы тут

Ці здолеюць арабскія дзяржавы вярнуць стабільнасць?


На мінулым тыдні ў Іарданіі на ўзбярэжжы Мёртвага мора за паўсотню кіламетраў ад сталіцы каралеўства Амана прайшоў саміт Лігі арабскіх дзяржаў (ЛАД) — міжнароднай арганізацыі, у якую ўваходзяць 22 краіны Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Раз'яднанасць паставіла пад пытанне сэнс самога існавання гэтага саюза. Арабскі Усход стаміўся ад нестабільнасці, бясконцай чарады ўзрушэнняў і ваенных дзеянняў. Саміт прадэманстраваў рашучасць арабаў у корані змяніць такую сітуацыю і вярнуць у стратэгічны макрарэгіён стабільнасць. Ці здолеюць уплывовыя міжнародныя гульцы справіцца з такой складанай задачай?


Рэкордная яўка

Ліга арабскіх дзяржаў была створана 22 сакавіка 1945 года на падставе Александрыйскага пратакола. Супрацоўніцтва не абмяжоўваецца палітычнымі аспектамі і ўключае таксама эканамічныя, фінансавыя, камунікацыйныя, культурныя, сацыяльныя ўзаемадзеянні. Акрамя таго, яно ўключае пытанні падданства, пашпартоў, віз, выдачы злачынцаў. У Лігу ўваходзяць 18 арабскамоўных краін, Дзяржава Палестына і 3 мусульманскія краіны Усходняй Афрыкі (Каморы, Самалі і Джыбуці), цесна звязаныя з арабскім светам. Дзяржавы ЛАД займаюць агульную плошчу 13,5 млн кв. км, на якой пражывае больш за 500 млн чалавек. Яе членамі з'яўляюцца як найбольш багатыя (Катар, ААЭ, Кувейт, Саудаўская Аравія, Аман, Бахрэйн), так і бяднейшыя краіны рэгіёна (Самалі, Каморы, Маўрытанія, Емен, Судан, Джыбуці). У Лігу ўваходзяць 8 манархій, якія з'яўляюцца аднымі з самых палітычна стабільных краін у свеце, і 14 рэспублік, якія часцяком раздзіраюць моцныя палітычныя супярэчнасці.

Першапачаткова сёлетні саміт ЛАД павінен быў адбыцца ў Емене, аднак улады гэтай краіны адмовіліся ад правядзення мерапрыемства з-за складанай унутранай сітуацыі. З самага пачатку сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў на Мёртвым моры звярнула на сябе ўвагу самым прадстаўнічым ледзь не за ўсю гісторыю супольнасці складам — 18 кіраўнікоў. Дарэчы, папярэдні форум, які прайшоў летась у чэрвені ў сталіцы Маўрытаніі Нуакшоце, сабраў усяго восем лідараў. Акрамя гаспадара саміту іарданскага манарха Абдалы ІІ, на яго з'ехаліся каралі Саудаўскай Аравіі, Марока (упершыню за 12 гадоў) і Бахрэйна, эміры Кувейта і Катара, а таксама прэзідэнты Егіпта, Туніса, Палестыны, прэм'ер-міністр Ірака. Лівію прадстаўляў кіраўнік урада нацыянальнай згоды Фаіз Сарадж. Далучыўся да сустрэчы і суданскі лідар Амар аль-Башыр, якога, між іншым, вышуквае Міжнародны крымінальны суд. Па стане здароўя не змаглі прысутнічаць кіраўнікі Алжыра і ААЭ.

«Пачаткоўцамі» на саміце сталі прэзідэнты Лівана і Самалі — Мішэль Аун і Махамед Фармаджа. У арабскай сустрэчы ў вярхах прынялі таксама ўдзел генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, яго спецыяльны пасланнік па Сірыі Стафан дэ Містура, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні, спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта РФ па Блізкім Усходзе і краінах Афрыкі, намеснік міністра замежных спраў Расіі Міхаіл Багданаў, генеральны сакратар Арганізацыі Ісламскага супрацоўніцтва Юсеф Ахмед аль-Усаймін. Накіравалі сваіх эмісараў адміністрацыя прэзідэнта ЗША і Францыя.

Шанц на прымірэнне

Парадак дня быў традыцыйны для саміту ЛАД апошняй пяцігодкі — сітуацыя ў Палестыне, Іраку, Сірыі, Лівіі, Емене, барацьба з тэрарызмам, праблема бежанцаў у блізкаўсходнім рэгіёне, супрацьдзеянне «ўмяшанню Ірана», а таксама эканамічнае ўзаемадзеянне. Але ў кантэксце новай расстаноўкі сіл у свеце, асабліва пасля змены амерыканскай адміністрацыі, многія актуальныя пытанні міжарабскай дыскусіі прагучалі па-новаму. І ў першую чаргу гэта датычылася палестынскага пытання. Менавіта яно было вынесена на першае месца 28-га саміту, і менавіта Палестыне ўдзелена асноўная ўвага ў выніковай дэкларацыі.

Эксперты адзначаюць, што Іарданія не выпадкова стала месцам сустрэчы лідараў краін Лігі арабскіх дзяржаў, — гэтая краіна вядомая сваім міжнародным пасярэдніцтвам і змагла захаваць высокі ўзровень стабільнасці, нягледзячы на некаторую турбулентнасць падзей у арабскім свеце. Да таго ж для Іарданіі павестка сустрэчы вельмі актуальная, бо на тэрыторыі гэтай дзяржавы знаходзяцца лагеры палестынскіх бежанцаў.

Кіраўнікі арабскіх дзяржаў і ўрадаў зноў заявілі пра гатоўнасць да даўно агучанага гістарычнага прымірэння з Ізраілем у абмен на поўны сыход з акупаваных ім тэрыторый. Яны выказалі прыхільнасць арабскай мірнай ініцыятыве 2002 года (яна накіравана на дасягненне ўсёабдымнага міру з Ізраілем і заканчэнне арабска-ізраільскага канфлікту пры галоўнай умове — адступлення Ізраіля з акупаваных ім у 1967 годзе тэрыторый, уключаючы Галанскія вышыні, і прызнання ім Дзяржавы Палестына на Заходнім беразе ракі Іардан і ў сектары Газа са сталіцай ва Усходнім Іерусаліме).

Лідары паказалі на недапушчальнасць аднабаковых крокаў, якія перашкаджаюць вырашэнню палестынскага пытання на аснове стварэння дзвюх дзяржаў. У выніковай дэкларацыі адзначаецца, што ўрэгуляванне палестынскага крызісу з'яўляецца прыярытэтнай задачай арабскіх краін, якія займаюць «бескампрамісную пазіцыю»: «акупаваны Усходні Іерусалім з'яўляецца сталіцай палестынскай дзяржавы».

«Рашэнне палестынска-ізраільскага канфлікту на аснове канцэпцыі «дзвюх дзяржаў» — адзіны шлях да ўрэгулявання паміж Палестынай і Ізраілем, — заявіў у Іарданіі генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, — мы павінны спыніць усе спробы перашкаджаць гэтаму працэсу». Спецыяльны прадстаўнік адміністрацыі ЗША на міжнародных перагаворах Джэйсан Грынблат заявіў, што, на думку Дональда Трампа, дасягненне міру паміж палестынцамі і ізраільцянамі магчыма і што яно «пазітыўным чынам паўплывала б на рэгіён і свет» у цэлым. Грынблат у сваіх кантактах з прадстаўнікамі арабскага свету «канцэнтраваў увагу на тым, як можна забяспечыць прагрэс у мэтах прасоўвання міру на Блізкім Усходзе». На палях саміту ён правёў перагаворы з міністрамі замежных спраў Егіпта, Іарданіі і Катара, а таксама прэзідэнтам Дзяржавы Палестына Махмудам Абасам.

«Гарачыя» кропкі

Арабскія лідары цвёрда выступаюць за захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Ірака як гаранта стабільнасці ў рэгіёне. У дэкларацыі іарданскага саміту замацавана, што «бяспека і адзінства Ірака застаюцца краевугольным каменем для рэгіянальнай стабільнасці». Пры гэтым ЛАД паабяцаў аказаць усеабдымную падтрымку Багдаду ў яго барацьбе з тэрарыстычнымі групоўкамі і ў вызваленні горада Масул ад «Ісламскай дзяржавы». Саміт запатрабаваў таксама ад урада Турцыі «неадкладна і безумоўна вывесці свае войскі з Ірака», разглядаючы іх прысутнасць на тэрыторыі суседняй краіны як замах на іракскі суверэнітэт і пагрозу нацыянальнай бяспецы арабскіх краін.

У пытанні Сірыі саміт пацвердзіў, што «палітычнае ўрэгуляванне з'яўляецца адзіным рашэннем крызісу». «У сірыйскага крызісу няма ваеннага рашэння, завяршыць яго можна толькі шляхам палітычнага ўрэгулявання, распрацаванага ўсімі сірыйцамі і закліканага задаволіць спадзяванні народа краіны, — адзначаецца ў выніковым камюніке. — Заклікаем актывізаваць работу па пошуку такога рашэння, якое захавае адзінства Сірыі і пакладзе канец прысутнасці тэрарыстычных груп». Месца на сустрэчы ў вярхах Дамаска, сяброўства якога замарожана з лістапада 2011 года з-за грамадзянскай вайны, у Іарданіі пуставала. Аднак сцяг Сірыйскай Арабскай Рэспублікі лунаў нароўні з іншымі за круглым сталом саміту. І, як паведамлялі СМІ, на гэтым настаяла Хашыміцкае каралеўства, як і шэраг іншых краін.

Ліга падтрымала дзеянні Аравійскай кааліцыі, якую ўзначальвае Саудаўская Аравія, супраць мяцежнікаў-хусітаў у Емене. Арабскія лідары заклікалі да захавання адзінства, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Лівіі. Яны аспрэчваюць любое ўмяшанне звонку, заяўляюць пра сваю падтрымку Лівійскага палітычнага пагаднення, падпісанага ў Схіраце 17 снежня 2015 года, а таксама працэсу палітычнага дыялогу.

Ёсць надзея

Саміт на Мёртвым моры, нягледзячы на месца правядзення, аказаўся вельмі жывым, дынамічным і нават у некаторых момантах пацешным. Федэрыка Магерыні зачытала невялікае прывітанне да ўдзельнікаў саміту на арабскай мове, а Антоніу Гутэрыш нават працытаваў дзявятую Суру са свяшчэннай кнігі мусульман Карана «ат-Тауба» (пакаянне). І нават невялікая затрымка, калі ліванскі прэзідэнт Мішэль Аун не заўважыў дывановага подыума і, зачапіўшыся за яго, упаў перад агульнай фатаграфіяй, што, вядома ж, не засталося незаўважаным для ўсюдыісных відэакамер, не змагла сапсаваць агульнага настрою арабскіх кіраўнікоў.

Падводзячы вынікі, генеральны сакратар Лігі Ахмед Абу аль-Гейт з аптымізмам заявіў: «Нават сама прадстаўнічасць саміту, у якім узялі ўдзел столькі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, паказвае, што мы можам аб'яднацца і вырашаць нашы праблемы разам». Генеральны сакратар прызнаў, што адзінства гэтае зыбкае і пройдзе яшчэ не адзін год, калі арабы змогуць выступіць адзіным фронтам, але пачатак упершыню за доўгія гады пакладзены. «Нягледзячы на абставіны і выклікі, з якімі сутыкаецца рэгіён, саміт прайшоў паспяхова», — падсумаваў гаспадар «злёту» кароль Іарданіі Абдала ІІ.

Як адзначае намеснік старшыні савета Асацыяцыі расійскіх дыпламатаў Андрэй Бакланаў, ЛАД мае «вялікі патэнцыял, аднак ён слаба выкарыстоўваецца, бо рознагалоссі паміж краінамі-членамі вельмі вялікія». Між тым іарданскі саміт паказаў: доўгачаканая стабільнасць у рэгіёне магчымая.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Ліга спакою

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.