Вы тут

Касманаўты з усяго свету прыедуць у Беларусь у наступным годзе


Пра гэта паведаміў загадчык аддзела інтэлектуальных інфармацыйных сістэм Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Аляксей БЕЛАЦАРКОЎСКІ.


Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў пройдзе ў верасні 2018 года і збярэ гасцей больш як з 30 краін. Адпаведная дамоўленасць была дасягнута на апошнім пасяджэнні арганізацыі ў французскай Тулузе. Мерапрыемства стане 31-м па ліку, а сама арганізацыя, што аб'ядноўвае касманаўтаў з розных краін, існуе з 1985 года.

— Мы спадзяёмся, што гэта мерапрыемства стане для нас магчымасцю не толькі паказаць свой узровень падрыхтоўкі такіх важных сустрэч, але і атрымаць пэўныя ўскосныя вынікі, — сказаў Аляксей Белацаркоўскі. — Гэта могуць быць, напрыклад, пагадненні з касмічнымі агенцтвамі іншых краін. Падчас форуму выступяць касманаўты, якія толькі што вярнуліся з арбіты, таксама запланавана правядзенне так званых Communіty Days — публічных сустрэч удзельнікаў з аўдыторыяй. Думаю, гэта будзе цікава вучоным, студэнтам, школьнікам, курсантам.

Акрамя гэтага, удзельнікі кангрэса наведаюць падраздзяленні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пазнаёмяцца з дасягненнямі нашай краіны ў асваенні космасу, паўдзельнічаюць у сустрэчах і аўтограф-сесіях.

— Правядзенне мерапрыемства такога маштабу сведчыць пра прызнанне нашых дасягненняў у свеце, — адзначыў кіраўнік апарату НАН акадэмік Пётр ВІЦЯЗЬ. — У чэрвені будзе пяць гадоў, як першы беларускі спадарожнік знаходзіцца на арбіце, менавіта з 2012 года Беларусь уваходзіць у лік касмічных дзяржаў. Цяпер у многіх краінах «бум» цікаўнасці да космасу. Абмяркоўваецца не толькі развіццё спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання, але і вывучэнне самога космасу і нябесных цел, на якіх чалавек можа ствараць станцыі — напрыклад, Месяца ці Марса.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Састыкавацца ў Мінску

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».