Вы тут

Як вырасціць маладую бульбу ў пачатку лета


Пачынаючы агародны сезон, хочацца як мага раней вырасціць свежую агародніну да стала. Для вырошчвання ранняй бульбы падыдзе любы ранні сорт.


Адбіраць клубні на насенне лепш з восені — яны павінны быць здаровыя, сухія і чыстыя. Яшчэ іх добра было б патрымаць тыдзень на святле для азелянення тонкім пластом, перыядычна пераварочваючы. У пазелянелых клубнях назапашваецца саланін, які дапамагае лепш захоўвацца. Але трэба памятаць, што такая бульба атрутная і выкарыстоўваць яе для яды або пускаць на корм жывёле нельга.

У першых чыслах сакавіка дастаюць насенную бульбу са склепа і раскладваюць на святле для яравізацыі. Для гэтага добра падыдуць драцяныя паліцы або невялікія пластмасавыя скрыні з дзіркамі — у іх клубні асвятляюцца з усіх бакоў і няма патрэбы іх пераварочваць.

Прыкладна за 2 тыдні да пасадкі ў зямлю нейкую колькасць клубняў змясціце ў скрыні з зямлёй або пілавіннем для ўкаранення — гэта будзе самая ранняя бульба. Папярэдне перад гэтым трэба апрацаваць клубні ў 0,05% растворы меднага купарвасу і борнай кіслаты.

У грунт прарошчаную бульбу высаджвайце дзесьці ў сярэдзіне красавіка на добра асветленым месцы, на якім снег растае раней. Перад гэтым участак засыпце торфам або кампостам і прыкрыйце поліэтыленавай плёнкай для прагравання глебы — яна павінна мець тэмпературу 8—10 градусаў. Лепш саджаць у грабяні ў кірунку з поўдня на поўнач. Перад пасадкай глебу перакапайце, дадаўшы трохі мінеральнага ўгнаення і попел, разраўнуйце і па паверхні радамі раскладзіце клубні парасткамі ўверх. З двух бакоў матыкай насыпце над бульбай грабяні вышынёй да 20—25 см — яны добра выграваюцца сонцам з усіх бакоў. У халоднае надвор'е іх можна прыкрыць плёнкай.

Пры пасадцы ў грабяні паветра да каранёў паступае лепш і паляпшаецца праграванне пасадак. Гэта спрыяе больш хуткаму развіццю раслін, і ўраджай маладой бульбы можна выкопваць ужо ў сярэдзіне чэрвеня, а то і раней. Першыя буйныя клубні лепш падкопваць, не вырываючы ўвесь куст.

Часам здараюцца замаразкі, калі ўжо з'явіліся ўсходы. Тады ўсходы можна засыпаць торфам, кампостам, зямлёй і прыкрыць плёнкай.

Важным момантам пры вырошчванні ранняй бульбы з'яўляецца лішак або недахоп вільгаці ў глебе. Пасадка ў грабяні спрыяе выдаленню залішняй вільгаці. Пры перасыханні глебы перад абганяннем участак варта паліць.

Глеба на плантацыі павінна быць рыхлая, бо ўшчыльненне зніжае ўраджайнасць на 20—30%. Нельга выкарыстоўваць павышаныя дозы азотных угнаенняў (арганічных і мінеральных), бо пры гэтым адбываецца моцны рост сцёблаў на шкоду ўраджаю, а клубні становяцца вадзяністыя.

Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: Маладая бульба ў пачатку лета

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.