Вы тут

Быць паспяховым можна і ў райцэнтры


«На перыферыі няма чаго рабіць!» — гэтае меркаванне чуецца даволі часта. І многія маладыя кіруюцца ў вялікія гарады ў пошуках лепшай долі. Але знаходзяцца і тыя, хто даказвае адваротнае: быць паспяховым можна і ў райцэнтры. Сужэнцы Станіслаў і Ганна Сяргеевы ўжо два гады займаюцца малым прадпрымальніцтвам у Добрушы. Пакуль уласная справа прыносіць не столькі прыбытку, колькі клопату. Але маладыя людзі не апускаюць рукі. У размове з карэспандэнтам «МС» яны расказалі пра свой вопыт вядзення бізнесу ў невялікім горадзе.


Сам сабе гаспадар

Перш чым адкрыць уласную справу, Станіслаў змяніў некалькі заняткаў. Працаваў прадаўцом бытавой тэхнікі, гандляваў аўтазапчасткамі, займаўся раскруткай сайтаў. Пасля вырашыў аформіць прадпрымальніцтва. «На той момант ніводзін з варыянтаў працаўладкавання мяне не задавальняў, — расказвае малады чалавек. — А пакідаць родны горад не хацелася. Уласны бізнес вабіў яшчэ і тым, што над табой няма начальнікаў. Ты сам сабе гаспадар. Ёсць, праўда, у гэтым і адваротны бок: калі нешта не ладзіцца, няма каго вінаваціць».

Што трэба, каб распачаць уласны бізнес? «Грошы», — адкажа большасць людзей. Так, без іх нікуды. Але і важна разумець, чым менавіта займацца. «Даволі складана ўлезці ў даўно занятыя нішы. Лепей азірнуцца навокал, прыглядзецца і пашукаць тое, чаго ў вашым горадзе нестае». На той момант у Добрушы не было офіса аднаго з беларускіх мабільных аператараў. І маладая пара вырашыла, што найлепшы варыянт для пачаткоўцаў — працаваць па франшызе. Гэта значыць, скласці пагадненне з ужо вядомым брэндам і дзейнічаць ад яго імя.

«Гэта зручна з некалькіх прычын, — разважае Станіслаў. — Па-першае, табе даюць гатовы брэндбук — распрацаваныя лагатыпы, прома-прадукцыю і інш. Па-другое, мабільныя тэлефоны — наш асноўны тавар — не трэба закупляць: кампанія дае іх на рэалізацыю. Калі тэлефон набылі — ты разлічваешся з пастаўшчыком. Калі ж апарат заляжаўся — у цябе яго адзываюць». Перавага такой схемы відавочная: прадпрымальніку не трэба мець велізарных абаротных сродкаў для куплі тавару. І адпаведна няма праблемы са збытам непапулярных мадэляў тэлефонаў.

Дзе грошы ўзяць?

Пачатковы капітал — рэч неабходная. Але адкуль яго ўзяць? «Мне часта задаюць гэтае пытанне, — кажа Станіслаў. — І я не ведаю, што параіць. Асабіста я здолеў зрабіць пэўныя зберажэнні, калі яшчэ быў наёмным работнікам. Тут важна паставіць канкрэтную мэту і шукаць спосабы яе дасягнення, а не проста марыць, лежачы на канапе».

А выдаткаў у прадпрымальніка-пачаткоўца будзе нямала. Ад аплаты пошлін за рэгістрацыю да арэнды памяшкання і набыцця тавару або абсталявання. Даводзіцца плаціць нават за тое, што на будынку вісіць шыльда з назвай тваёй крамы. Ужо не кажучы пра непрадбачаныя расходы. Таму без пэўнай сумы грошай кідацца ў вір рынкавых адносін проста няма сэнсу. Канкрэтныя ж лічбы залежаць ад абранай вамі сферы.

Плюсы і мінусы арэнды

Знайсці адпаведнае памяшканне прадпрымальніку-пачаткоўцу складана. Праблема не ў адсутнасці месца, а ў тым, што кошт арэнды не заўсёды адпавядае якасці плошчаў. І дагледжанае памяшканне дзе-небудзь у абласным цэнтры або сталіцы часам абыходзіцца танней, чым занядбанае на перыферыі. А некаторыя ўласнікі проста адмаўляюцца здаць у арэнду «квадраты», якія пустуюць гадамі. Што дзіўна ў наш час, калі і Прэзідэнт, і ўрад прымаюць захады, каб паспрыяць развіццю малога бізнесу. Дый пустыя плошчы вісяць на балансе мёртвым грузам і не прыносяць прыбытку. А кожны кіраўнік мусіць быць зацікаўлены ў максімальна эфектыўным выкарыстанні маёмасці свайго прадпрыемства.

Станіславу на пошук памяшкання таксама спатрэбілася нямала часу. Справа ўскладнялася тым, што ў кампаніі, з якой супрацоўнічае прадпрымальнік, даволі строгія патрабаванні да крамы-офіса. Урэшце знайшлося памяшканне памерам усяго ў 11 квадратных метраў. Але гэтага было досыць, каб уладкаваць працоўнае месца і выставіць стэнд з тэлефонамі і аксесуарамі. «Вядома, лепей за ўсё мець уласнае памяшканне, — разважае Станіслаў. — І ў нас у раёне ладзяцца аўкцыёны, дзе прадаюць нерухомасць, што не выкарыстоўваецца. Але не кожны прадпрымальнік-пачатковец можа адразу дастаць з кішэні, скажам, сорак тысяч рублёў. Адолець такую суму лягчэй тым, у каго ўжо ёсць некалькі крамаў і, адпаведна, большы абарот. А майму бізнесу ўсяго два гады. Таму арэнда пакуль — аптымальны варыянт».

Не кладзі яйкі ў адзін кошык

Невялікія нацэнкі пры вялікіх абаротах — паводле такога прынцыпу працуе сучасны бізнес. Гэта актуальна не толькі для буйных гандлёвых сетак, але і для індывідуальных прадпрымальнікаў. Больш-менш умацаваўшыся ў адной нішы, многія асвойваюць новыя кірункі бізнесу. Станіслаў не толькі прадае тэлефоны і аксесуары, але і прымае ў рамонт сапсаваныя апараты. «Мы склалі дагаворы з майстэрнямі, — расказвае прадпрымальнік, — і бяром сваю невялікую камісію за пасрэдніцкія паслугі. Але людзям гэта ўсё адно выгадней, чым везці зламаны тэлефон кудысьці ў Гомель».

З нядаўняга часу Станіслаў таксама гандлюе папулярнымі цяпер парагенератарамі і аксесуарамі да іх. Ідэю зноў падказала жыццё: сам малады чалавек са звычайных цыгарэт перайшоў на электронную прыладу. І сутыкнуўся з адсутнасцю ў Добрушы адпаведных расходных матэрыялаў: у прыватнасці, вадкасцяў для запраўкі. «Пакупнікоў пакуль небагата, — прызнаецца прадпрымальнік, — але сваё кола сталых спажыўцоў ужо склалася. Некаторыя мадэлі парагенератараў у нас «размяталі» за лічаныя гадзіны. Нават выставіць на вітрыну не паспявалі».

Задумваецца Станіслаў і над пашырэннем геаграфіі сваёй справы: нядаўна ездзіў «на разведку» ў Веткаўскі раён. Бо чым разнастайнейшы бізнес, тым лягчэй прадпрымальніку ўстаяць на нагах, калі адзін з кірункаў раптам становіцца нявыгадным. Просты прыклад: летась перад 8 Сакавіка па мабільныя тэлефоны стаялі чэргі, а сёлета напярэдадні свята Станіслаў прадаў толькі некалькі штук. Таму даўні прынцып «Не класці ўсе яйкі ў адзін кошык» цяпер актуальны, як ніколі.

Муж і жонка — найлепшая суполка

Расказваючы пра свой бізнес, Станіслаў увесь час кажа «мы». І нездарма: яму ва ўсім дапамагае жонка. «Мы не дзелім справы на мужчынскія і жаночыя, — кажа Ганна Сяргеева. — У нас усё агульнае. І я па магчымасці дапамагаю Стасу весці бізнес. Бо аднаму цягнуць на сабе гэты «воз» надзвычай цяжка».

Сама Ганна працуе крэдытным агентам і мае стабільную зарплату. Гэта дапамагае сям'і перажываць складаныя перыяды, калі бізнес не прыносіць прыбытку або патрабуе грашовых укладанняў. «Нават калі мужчына галоўны здабытчык, гэта не значыць, што жонка павінна займацца выключна хатняй гаспадаркай, — лічыць дзяўчына. — Сямейнае жыццё — гэта перш за ўсё партнёрства і ўзаемная падтрымка».

Ганна дапамагае мужу не толькі ў арганізацыйных момантах, але і ў распрацоўцы бізнес-мадэлі. «Мы арыентуемся на ўсталяванне доўгатэрміновых адносін з пакупнікамі. Таму стараемся выставіць такую гандлёвую нацэнку, каб у нас тэлефоны каштавалі на 10—15 рублёў танней, чым у іншых гарадскіх крамах. Вядома, маем меншы прыбытак. Затое чалавек прыйдзе да нас зноў».

Малы бізнес — гэта не тая сфера, дзе можна хутка ўзбагаціцца. Працаваць даводзіцца доўга і ўпарта. «Муж з восені практычнае не мае выхадных. Толькі на Новы год дазволіў сабе пару дзён адпачынку, — расказвае Ганна. — А мабільнік у яго не змаўкае ад рання і да змяркання. Не можам нават спакойна павячэраць: яму ўвесь час тэлефануюць па рабоце. Няма вольнай хвілінкі нават для хобі».

Ад мінулага — у будучыню

Між тым сужэнцы маюць агульнае захапленне — гэта рэканструкцыя народных строяў, звычаяў і абрадаў. На адной з этнаграфічных вечарын маладыя людзі і пазнаёміліся. І сваё вяселле зладзілі паводле старадаўніх традыцый: госці маладых прыйшлі ў вышыванках, а на сталах быў сапраўдны крупнік. Але цяпер на ўдзел у этнаграфічных рэканструкцыях не хапае часу. «На жаль, Калядкі мы прапусцілі, — уздыхае Ганна, — але я ўжо сказала мужу: на Купалле паедзем у любым разе, што б там ні было з работай!»

І ўсё ж бізнес для маладой пары застаецца галоўнай справай. Іх даўняя мара — самім наладзіць выраб бампераў і чахлоў для тэлефонаў. «Глядзіце, якая прыгажосць! — Ганна паказвае бампер з беларускай вышыванкай. — А зроблена ведаеце дзе? У Расіі! Хоць гэта не касмічныя тэхналогіі: можна і ў нас выпускаць нешта падобнае. А ў Стаса ёсць задумка купіць лінію для перапрацоўкі смецця. Каштуе яна тысяч пяцьдзясят долараў. Але гэтыя грошы яшчэ трэба зарабіць...»

Ганна глядзіць на гадзіннік: заканчваецца абедзенны перапынак. Дзяўчына спяшаецца на рабочае месца, а яе муж адпраўляецца па справах. І так дзень пры дні. Пакуль адны жаляцца на неспрыяльныя ўмовы, на бесперспектыўнасць працы на перыферыі, іншыя ўпарта працуюць на ўласную будучыню. І не чакаюць, што нехта нешта ім паднясе на «сподачку». І прыносяць сваёй працай карысць людзям.

Каментарый у тэму:

Аляксандр ХАЗАЎ, начальнік аддзела эканомікі Добрушскага раённага выканаўчага камітэта:

— У Добрушскім раёне прадпрымальніцкую дзейнасць ажыццяўляюць больш за 750 суб'ектаў малога бізнесу. Гэта як юрыдычныя асобы, так і індывідуальныя прадпрымальнікі. Сярод іх пераважаюць суб'екты гандлю. Апошнім часам пашырыўся асартымент тэхнічна складаных тавараў, будаўнічых матэрыялаў. Суб'екты бытавога абслуговання прапануюць пашараны спектр паслуг. Набыла развіццё дрэваапрацоўка і вытворчасць мэблі. Гэта паляпшае агульную якасць жыцця ў горадзе і раёне: тавары і паслугі становяцца больш даступнымі, знікае неабходнасць ехаць па іх у абласны цэнтр.

У 2016 годзе суб'ектамі малога бізнесу ў Добрушскім раёне прыцягнута ў гаспадарчы абарот больш за 20 аб'ектаў, што дагэтуль не выкарыстоўваліся або выкарыстоўваліся неэфектыўна. У тым ліку тры комплексы аб'ектаў нерухомасці былі прададзены ва ўстаноўленым парадку. З пачатку гэтага года ўжо рэалізавана два аб'екты, што не выкарыстоўваліся.

Валянцін БОЙКА

boіka@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі шукаеш — знойдзеш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.